Яна вучыць дзяцей любіць родную мову

Марыя Мікалаеўна Парашчанка працуе ў Старасельскай сярэдняй школе больша за 40 гадоў. Яна даўно магла б адпачываць, атрымліваць асалоду ад няспешнага чытання любімых твораў ды гадаваць унукаў. Але замест гэтага працягвае перабіраць метадычную літаратуру, падручнікі і даведнікі, каб выбраць найлепшыя заданні да наступнага ўроку па беларускай мове ці прадумваць, як абмеркаваць са школьнікамі той ці іншы твор, каб яны адзін раз і назаўжды засталіся ўражанымі словамі аўтара.

А вучні, у сваю чаргу, старанна рыхтуюцца да сустрэч з Марыяй Мікалаеўнай. І калі старшакласнікі ўжо вывучаюць родную мову пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка, то меншыя школьнікі толькі мараць трапіць да яе на заняткі.

Марыю Парашчанка нам удалося застаць на ўроку. Яна старанна тлумачыла вучням дзясятага класа чарговую тэму — у школьнікаў ужо ідзе актыўная падрыхтоўка да цэнтралізаванага экзамену. Выпрабаванне чакае толькі ў наступным годзе, але настаўніца марудаваць не прывыкла — плённая праца вядзецца на працягу некалькіх гадоў.

У Марыі Мікалаеўны свой падыход да выкладання матэрыялу. Адну і тую ж тэму яна паўтарае з вучнямі з урока ва ўрок, каб веды сталі сапраўды грунтоўнымі. На дапамогу прыходзяць карткі з практычнымі заданнямі. Іх настаўніца скрупулёзна назапашвала на працягу сваёй педагагічнай дзейнасці. І гэтая праца мае свой плён. У мінулым годзе сярэдні бал, які атрымалі на ЦЭ па беларускай мове яе вучні, пераўзышоў сярэднеабласны паказчык і склаў 78,8 бала.

— Гэта былі сапраўды працавітыя дзяўчаты. Яны задаволілі мяне высокімі баламі, — не без гонару расказвае Марыя Парашчанка. — З Вікай Бенэдзік, якая атрымала 100 балаў, мы працавалі з пятага класа — кожны год удзельнічалі ў алімпіядзе па беларускай мове. Не горшыя вынікі і ў астатніх: Яўгенія Баравікова — 89, Насця Шутава — 90, Ксенія Шышакова — 81, Дзіяна Асіпенка — 76.

Настаўніца пераканана, што атрымаць на экзамене найвышэйшы бал складанасці няма. Дастаткова добрасумленна і старанна выконваць усе заданні, якія яна прапануе на занятках.

— На кожным уроку я абавязкова напамінаю, чаму так важна вывучаць беларускую мову. Я ўпэўнена, што калі чалавек адракаецца ад сваёй роднай мовы, ён тым самым адракаецца ад сваіх продкаў, якія на ёй размаўлялі, — тлумачыць Марыя Мікалаеўна і не без гонару дадае: — І дзеці мяне разумеюць. Яны старанна рыхтуюцца да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры. Гэта вельмі важна.

Аднак сама Марыя Мікалаеўна не заўсёды прытрымлівалася такой думкі. У падлеткавым узросце яна марыла стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Томік Пушкіна заўсёды быў побач, а «Яўгенія Анегіна» яна ведала на памяць. Дарэчы, яе мара здзейснілася — пасля заканчэння Гомельскага педуніверсітэта яна працавала ў Маланямкоўскай школе, дзе выкладала любімыя прадметы. Але праз год маладая настаўніца змяніла школу, а разам з гэтым і спецыялізацыю. У Старым Сяле ёй спачатку прапанавалі месца настаўніцы пачатковых класаў, а затым далі магчымасць выкладаць беларускую мову і літаратуру.

З цягам часу на палічцы побач з любімымі Пушкіным і Талстым з’явіліся томікі Караткевіча, Коласа, Купалы і іншых беларускіх аўтараў. Праз іх творы Марыя Мікалаеўна знаёміць сваіх вучняў з айчыннай культурай і традыцыямі.

— Нарыс Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» раскажа пра характар беларуса, традыцыйную кухню і сімвалы краіны, «Новая зямля» Якуба Коласа — гэта, увогуле, энцыклапедыя беларускага сялянства, палымяныя вершы Янкі Купалы, «Людзі на балоце» Івана Мележа, творы Івана Шамякіна, у якіх ён выключна апісаў моладзь свайго часу, — пералічвае Марыя Мікалаеўна творы, якія абавязкова патрэбна ведаць кожнаму беларусу.

Яна ўзгадвае, як горача на ўроках абмяркоўваюцца ўчынкі галоўных герояў, як шчыра падлеткі спачуваюць адным і, наадварот, асуджаюць другіх, як на аснове класічных твораў вывучаюць псіхалогію міжасабістых зносін і колькі вершаў ведаюць на памяць.

— Даволі часта ўрокі літаратуры я пачынаю з хвілінкі паэзіі: мы чытаем любімыя вершы ланцужком па два радкі, каб дзеці пайшлі са школы і ведалі творы беларускіх паэтаў. Бо вялікі сорам не ведаць сваёй культуры. Па гэтым пазнаецца якасць чалавека, — падсумоўвае Марыя Парачшанка.

Г. КОДАЛАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.