Аб правах работнікаў, наглядзе за тэхнікай і другаснай сыравіне

Эканамічная сістэма Беларусі павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

У час нарады на разгляд кіраўніка дзяржавы былі вынесены праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку тэм, якія абмяркоўваюцца, — удасканаленне натарыяльнага абслугоўвання, змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

«Уся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Хачу падкрэсліць: ніякага папулізму тут няма, як некаторыя, зноў расчуліўшыся, могуць заяўляць у тэлеграм-каналах, што, маўляў, вось пярэдадзень выбараў. Я яшчэ раз хачу паўтарыць тое, што гаварыў з першага дня свайго прэзідэнцтва: уся сістэма і дзяржава ў цэлым маюць сэнс толькі тады, калі яны на карысць людзей. Усё астатняе сэнсу не мае», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні, нявырашанасць якіх людзі ў першую чаргу адчуваюць на сабе. «Гэта датычыцца гарантый правоў работнікаў на фінансава неплацежаздольных прадпрыемствах. Пытанне, што называецца, з барадой», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну праблему, з вырашэннем якой у краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства. «Размова ідзе аб стварэнні стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў», —  растлумачыў ён. Урад, напрыклад, бачыць рашэнне ва ўкараненні дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напіткаў. «Калісьці я паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць, пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену і іншымі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, дзе вельмі многія тавары вырабляюцца з другаснай сыравіны. «А нам што перашкаджае? Мы што, у кампактнай краіне — гэта ж не Расія — не можам сабраць адходы і перапрацаваць? Ды тое ж шкло атрымаць традыцыйным спосабам значна даражэй, а тут гатовае шкло пераплавіў і зноў атрымаў бутэльку, — заўважыў ён. — Не, мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не дзеўбане ў пэўнае месца. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі — узяць не можам».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець некалькі прапаноў, якія «забяспечваюць устойлівасць функцыянавання асобных сфер і законнасць у іх». Напрыклад, удасканаленне сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання. «Мае патрабаванні да пытанняў забеспячэння бяспекі жыцця людзей, захаванасці тэхнікі вы ўсе ведаеце. Безгаспадарчае стаўленне да тэхналагічнага абсталявання, асабліва набытага з падтрымкай дзяржавы, недапушчальна. Але, галоўнае, спраўная тэхніка — залог бяспекі людзей», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён назваў злачынствам, калі дарагую тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот, як металалом. «З гэтым трэба змагацца. І не трэба тут рыначных нейкіх разважанняў. Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Трэба кантраляваць тэхнічны стан на дарогах у плане бяспекі. Не трэба ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае яе: гэта яго асабістая ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт. А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і вялікія аб’ёмы экспарту. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не».

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.