6 лістапада ў Веткаўскай цэнтральнай бібліятэцы наш зямляк, мастак і паэт Алег Кірушкін прэзентаваў сваю кнігу «Лёс і адказнасць»

Нарадзіўся Алег Уладзіміравіч у вёске Беседзь Веткаўскага раёна, якая пасля чарнобыльскай аварыі 1986 года была адселена. Калі будучаму творцу споўніўся год, ён разам з бацькамі пераехаў у Навасёлкі, дзе пражыў амаль да 30-гадовага ўзросту. Зараз жыве ў Віцебску.

Яшчэ з дзяцінства хлопчыка, які марыў стаць мастаком, захапляла прыгажосць родных мясцін, рэк Сажа і Беседзі. Мару ўдалося здзейсніць — Алег Уладзіміравіч скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча.

Думкі аб сваёй малой радзіме і па сённ не адпускаюць гэтага таленавітага чалавека. У Навасёлках ім былі ўзведзены два крыжы-абярэгі. У планах — пабудаваць на месцы былой Петрапаўлаўскай царквы яшчэ і невялічкую капліцу.

На мерапрыемстве веткаўчане ўбачылі Алега Кірушкіна з новага боку, як паэта. У яго вершах можна было пачуць тое найважнейшае, што хвалюе чалавека — любоў да роднага краю, да жанчыны, да маці. Прыкметна, што аўтар змясціў на старонках сваёй кнігі фатаграфіі карцін з выявай мясцін, дзе праходзіла яго дзяцінства і юнацтва, намаляваныя самім жа паэтам. Кнігу «Лёс і адказнасць», праца над якой вялася з 2015 года, можна лічыць і мастацкай, і гістарычнай, і аўтабіяграфічнай. Падзяляецца яна на дзве часткі: адна — пра Віцебскі вадаканал, дзе Алег Уладзіміравіч працуе больш за дзесяць гадоў, а другая — аб маці. Выданне прымеркавана да Года малой радзімы.

На сустрэчы можна было пазнаёміцца і з карцінамі мастака, большасць з якіх прысвечаны чарнобыльскай катастрофе. Трэба адзначыць, што ўсіх прысутных вельмі зацікавілі працы, шмат пытанняў было зададзена аб іх глыбінным сэнсе.

На прыканцы сустрэчы Алег Кірушкін падзякаваў землякоў за ўвагу і цікавасць да сваёй творчасці і адзначыў, што сродкі, атрыманныя за продаж кнігі, пойдуць на ўзвядзенне капліцы ў Навасёлках.

К. ЧУДУКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.