Кожнаму спецыялісту — кватэру

Калі прыходзіць час размеркавання, маладыя спецыялісты перажываюць з нагоды адной вельмі важнай праблемы: дзе жыць? Якія правы на атрыманне жылля мае малады спецыяліст? Разабрацца з гэтым нам дапамог начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Ігар Католікаў.

Веткаўскі раён адзін з найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Таму спецыфіка выдзялення жылля для маладых спецыялістаў больш лаяльная, чым у іншых раёнах, якія лічацца чыстымі. Штогод райвыканкам хадайнічае перад упраўленнем жыллёва-камунальнай гаспадаркі па праблемах ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС аблвыканкама аб магчымасці будаўніцтва на наступны год жылля для маладых спецыялістаў. Для гэтага запытваецца ў арганізацый аб колькасці спецыялістаў, што прыбылі па накіраванню і стаяць на ўліку маючы патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яны ў сваю чаргу падаюць інфармацыю, яна абагульняецца, і бачна, колькі трэба жылля. Заяўкі накіроўваюцца ў Гомельскі аблвыканкам, — расказаў алгарытм з’яўлення новых метраў для моладзі Ігар Пятровіч.

Мінулы год быў досыць добрым для маладых спецыялістаў. У раёне гандлёвага цэнтра «Еўраопт» пабудавалі два дамы. У 60-кватэрным 24 кватэры былі размеркаваны паміж маладымі спецыялістамі. Другі дом на 45 кватэр быў пабудаваны цалкам для іх. Амаль усе, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымалі новы дах над галавой.

На конт гэтага года Ігар Пятровіч Католікаў распавёў: «Сёлета пашчасціла меней. Па чарнобыльскай тэматыцы нам будаўніцтва жылля не далі. Вядома, мы не стаім на месцы. Зараз ідзе фарміраванне базы запатрабаванасці жылля для ўчорашніх выпускнікоў. Маладыя спецыялісты могуць не засмучацца. Мы знойдзем магчымасць забяспечыць іх жыллём. Можа, фактычна не ўсіх, але планы ёсць. У гэтым годзе ў раёне «Еўраопта» будуецца 60-кватэрны жылы дом. 24 кватэры ў ім маюць статус «сацыяльнае жыллё»: для сірот і льготнай катэгорыі грамадзян. Астатнія кватэры адносяцца да камерцыйнага жылфонду. Трэцюю частку з яго мы плануем размеркаваць паміж маладымі спецыялістамі».

На другасным жыллёвым рынку таксама ёсць перспектывы. Пасля адпрацоўкі належнага тэрміну маладыя спецыялісты па розных прычынах выязджаюць з арэнднага жылля. Яно таксама будзе размяркоўвацца той катэгорыі, якая прыйшла ў гэтым годзе.

Прыкметна, што калі спецыяліст прыбывае на працу ў Веткаўскі раён, ён мае права стаць на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы работы не залежна ад таго, адкуль прыбыў. Адзіная ўмова — у гэтым населеным пункце за ім не павінна лічыцца прыватнай уласнасці.

Як толькі малады спецыяліст быў прыняты на працу, яму трэба звярнуцца ў адміністрацыю або прафсаюзны камітэт гэтай арганізацыі з заявай аб прыняцці на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў. Для гэтага яму спатрэбіцца прадаставіць даведку аб займаемым жылым памяшканні і складзе сям’і, копію пашпарта, даведку з БТІ аб адсутнасці прыватнай уласнасці. Астатнія дакументы — копія загаду, копія кантракта, дыплом і накіраванне — знаходзяцца ў арганізацыі, таму яны дапаўняюцца да тых, што прадастаўляюцца.

Пры выдзяленні жылога памяшкання, а ўсе яны камерцыйнага выкарыстання, жыллё даецца на час працоўных адносін, таму малады спецыяліст можа прапісацца, а можа і не прапісвацца, але з ім будзе заключаны дагавор найму. Калі малады спецыяліст атрымлівае жыллё камерцыйнага выкарыстання на час працоўных адносін, рэгіструецца ў гэтым жылым памяшканні, то ён мае права звярнуцца ў райвыканкам, каб яго паставілі на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў. І ў парадку чарговасці пры будаўніцтве кватэр яму будзе прапанавана скарыстацца крэдытам на будаўніцтва жылля ў прыватную ўласнасць. Пры гэтым ён можа прэтэндаваць на субсідыі.

У гэтым годзе запланавана будаўніцтва 30-кватэрнага дома ў раёне «Еўраопта» менавіта для тых, хто хоча пабудаваць жыллё за кошт крэдытаў банка і ўласных сродкаў.

К. ЧУДУКОВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.