Веткаўшчына на крутым павароце гісторыі

100-2Працягвалася Першая сусветная вайна. З самага яе пачатку ў Ветцы стаяў 3-і запасны артылерыйскі дывізіён, які рыхтаваў папаўненне франтам. У дывізіёне афіцэры і малодшыя чыны былі прыхільнікамі кадэцкай партыі. Сярод салдат панавалі эсэраўскія настроі. «…І толькі два чалавекі, — піша ў сваіх успамінах веткаўчанін Іван Герасімавіч Малееў, —вольнанаёмны зубны ўрач Злотнікаў (меншавік) і яфрэйтар Банцэрэш (бальшавік) выступалі супраць кадэтаў».

Мясцовая буржуазія і памешчыкі віталі лютаўскую рэвалюцыю «гарачымі прамовамі», але пры гэтым прыкладалі ўсё старанне, каб пагасіць рэвалюцыйны запал рабочых і салдат.

Асабліва з «захапленнем» рэвалюцыю вітала местачковая «знаць»: дробны памешчык, ён жа міравы суддзя Рошчын, страхавы агент Чарняўскі, камерсанты Гусакоў і Калашнікаў, лесапрамысловец Якерсберг і інш.

2 сакавіка 1917 г. местачковая буржуазія выбрала «Камітэт грамадскай бяспекі і дабрабыту». 3 сакавіка ў Ветцы прайшоў агульнаместачковы мітынг пад лозунгамі: «Далоў вайну!» і «Міру і хлеба!». 4 сакавіка выбралі першы часовы Савет салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў на чале з Яўгенам Максімавічам Седляровым. У Савеце была большасць прадстаўнікоў левых эсэраў, меншавікоў і кадэтаў. Таму Савет практычнай работай не займаўся, а абвяшчаў лозунгі і заклікі.

Такім чынам, веткаўскай буржуазіі ўстанавіць адзінаўладдзе не ўдалося, але створаны ёю Камітэт настойліва праводзіў палітыку Часовага ўрада, у чым яго актыўна падтрымлівалі мясцовыя арганізацыі правых палітычных партый. Гэта дазваляла буржуазіі ігнараваць сацыяльныя патрабаванні рабочых і сялян. Адказ у іх быў адзін: «Не можам. Працуем дзеля абароны, дзеля перамогі над кайзераўскай Германіяй». А між тым у воласці расло беспрацоўе, збядненне і разарэнне людзей. Канфлікт паміж рабочымі і гаспадарамі прадпрыемстваў, сялянамі і памешчыкамі, салдатамі і афіцэрамі ўзмацняўся.

Лютаўская 1917 г. рэвалюцыя абнадзеіла рабочых, сялян і салдат у хуткім рашэнні пытанняў міру, зямлі і волі. Рэчаіснасць аказалася іншай. Сяляне па-ранейшаму заставаліся палітычна бяспраўнымі. Мясцовыя памешчыкі валодалі тысячамі дзесяцін зямлі, а сялянскія гаспадаркі заставаліся малазямельнымі і збяднелымі.

У вёске Прысно памешчык Дрыбінцаў меў пры сядзібе ў маёнтку (в. Барчанкі) 2500 дзесяцін зямлі, а ў 500 сялянскіх гаспадарках іх было 2300 дзесяцін. Толькі за арэнду зямлі сяляне плацілі гэтаму памешчыку штогод па 500 і болей пудоў хлеба. Не лепшым было становішча сялян і ў іншых маёнтках. У воласці ўжо напярэдадні лютаўскай рэвалюцыі без пасеваў альбо з пасевамі ў 1-2 дзесяціны было 41,64% гаспадарак, а на адзін сялянскі двор у воласці прыпадала ўсяго па чвэрці дзесяціны зямлі на едака. Гэта і на палову не забяспечвала патрабаванні сялянскай сям’і. Цяжкім ярмом заставаліся павіннасці сялян капаць акопы, будаваць бліндажы, рамантаваць масты і дарогі і іншыя прымусовыя работы на вайну. Разбуралі гаспадаркі рэквізіцыі коней, буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, хлеба і фуражу. Людзі няўхільна даводзіліся да галечы, а то і голаду.

У сёлах і вёсках воласці яшчэ доўга пасля рэвалюцыі праследавалі ўсіх, хто хоць што-небудзь гаварыў пра звяржэнне самадзяржаўя. Нягледзячы на пастанову сінода, царкоўнікі прызывалі маліцца за цара і захаванне старога ладу. Для расправы з сялянамі ў вёскі пасылаліся пераапранутыя ў салдацкія шынялі паліцэйскія, у абавязку якіх было «…захаванне рэвалюцыйных заваёў народа».

У сваіх успамінах ураджэнец Веткаўшчыны Андрэй Андрэевіч Грамыка пісаў: «…в деревне далеко не все понимали, что такое «власть» …Но сразу после революции не стало слышно колокольчика станового пристава. Исчез и урядник… К приставу и уряднику крестьяне всегда относились с опаской. Но особая боязнь у крестьян ещё долго сохранялась к царю — а вдруг вернётся царь, что тогда будет?»

Бязлітасная рэчаіснасць красавіка-мая 1917 г. неаднойчы падымала сялян. Разам з рабочымі яны грамілі валасную ўправу, арыштоўвалі сельскіх стараст і пісараў, стражнікаў і ўраднікаў. У дамах сельскіх актывістаў кіпелі спрэчкі. Сходы зацягваліся да світанку. Адны настойвалі на неадкладным раздзеле панскай зямлі і маёмасці, іншыя заклікалі чакаць Устаноўчага сходу. I ўсё ж асноўная маса сялян воласці заставалася пасіўнай і ў палітычную барацьбу ўключалася надзвычай марудна, чакаючы, што Часовы ўрад сам вырашыць зямельнае пытанне ў іх інтарэсах. А новая ўлада не спяшалася.

У валасцях ўзнікалі так званыя зямельныя камітэты. Але на Веткаўшчыне такія камітэты не сталі нізавымі органамі буржуазнай ўлады. Сяляне проста праігнаравалі іх, самавольна захоплівалі і дзялілі паміж сабой панскія землі, сенажаці, жывёлу, інвентар, разбуралі радавыя маёнткі.

Улады спрабавалі спыніць развіццё сялянскага руху. Урад патрабаваў ад губернскай і павятовай адміністрацыі «прыняць рашучыя меры аж да ваеннай сілы» для падаўлення сялянскіх беспарадкаў. Аднак гэта не спыніла рашучых выступленняў беднаты і рабочых Веткаўшчыны. У маі і чэрвені 1917 г. у вёсках, дзе сялянскія камітэты складаліся з беднаты і батракоў, ствараліся сялянскія Саветы. Яны цалкам бралі на месцах уладу ў свае рукі. Першы з’езд сялян Веткаўскай воласці прайшоў у маі 1917 г. У прынятым рашэнні было запісана: «…раздаць частку памешчыцкай зямлі і сенажацяў сялянам, якія жывуць у нястачы». Усе сельскія камітэты не толькі прынялі рашэнне гэтага з’езду да выканання, але на практыцы «развілі прынятыя рашэнні і пайшлі далей».

памятьАктыўна дзейнічалі і веткаўскія рабочыя. 20 чэрвеня 1917 г. па ініцыятыве мясцовых палітычных дзеячаў стварылі першы аб’яднаны прафсаюз. У яго склад ўвайшлі: Іван Герасімавіч Малееў (старшыня), рабочыя Злата Лапіна, Сямён Полацкі (сакратар), Люба Мадорская і Рахіль Шулькіна. Тады гэта была адзіная ў Ветцы рабочая прафсаюзная і палітычная арганізацыя.

Прафсаюзнікі стварылі свой рабочы кааператыў «Зара». Цэны на тавары тут былі значна ніжэйшыя, чым у «граблаўках», як веткаўчане называлі мясцовых кааператараў.

У канцы чэрвеня 1917 г. у Ветцы і воласці прайшлі выбары новага складу Савета. У ходзе кампаніі ўсюды ўспыхвалі адкрытыя спрэчкі. Незалежна ад палітычных поглядаў прамоўцаў, усе яны выказвалі незадаволенасць сусветнай вайной. Асабліва востра гэта гучала ў вуснах салдат-франтавікоў. У склад Веткаўскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў другога склікання выбралі Івана Герасімавіча Малеева, Сяргея Герасімавіча Малеева, Мітрафана Фадзеевіча Малеева, прапаршчыкаў Іларыёна Шацілава, Лазара Кушнярова, I.Я. Дадзіомава, Ф.I. Жукава, Г.Ф. Селькіна, А.А. Ганчарова, М. Кеніна і іншых. Старшынёй Саўдэпа стаў Іван Герасімавіч Малееў, сакратаром — Лазар Яўгеньевіч Кушняроў.

Расстрэл мірных дэманстрацый 3 і 4 ліпеня ў Пецярбургу і Маскве выклікаў масавы пратэст веткаўчан і салдат мясцовага гарнізона. У верасні 1917 г. у воласці прайшлі перавыбары зямельных камітэтаў. У новы іх склад сяляне выбралі тых, хто неадкладна быў гатовы рашаць пытанні пра зямлю, хто стаяў за неадкладнае скліканне ўстаноўчага сходу. Рабочыя явачным парадкам уводзілі на прадпрыемствах васьмігадзінны рабочы дзень. У Ветцы стварыўся першы саюз рабочай і сялянскай моладзі, якім кіраваў Іван Дзянісавіч Баравіцкі.

Восенню 1917 г. у вёсках Хальч, Беседзь, Кунтараўка, Навасёлкі, Малыя Нямкі, Радуга камітэты вясковай беднаты яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі дазволілі сялянам практычна поўнасцю распараджацца памешчыцкай зямлёй.

28 жніўня 1917 г. у Ветцы ў знак пратэсту супраць ваеннага мяцяжу генерала Карнілава прайшоў запіс добраахвотнікаў у чырвонагвардзейскі атрад. 29 жніўня пры Саўдэпе пачала дзейнічаць «Надзвычайная чацвёрка». У яе ўвайшлі А. Ганчароў, П. Асмалоўскі, С. Малееў, Л. Кушняроў. З Гомеля прыйшоў зварот «актыўна змагацца з карнілаўскім мяцяжом, здраднікамі народа і крывапійцамі». Прынятыя меры былі вельмі своечасовымі. Справа ў тым, што камандзір размешчанага ў Ветцы артдывізіёна палкоўнік Фёдараў спрабаваў перакінуць у Магілёў матчасць, зброю і верных салдат. Манеўр не ўдаўся.

У жніўні 1917 г. Веткаўскі Савет адкрыта выказаў незадаволенасць палітыкай Часовага ўрада.

10 жніўня 1917 г. з «аб’яднання» сацыял-дэмакратаў выйшлі і стварылі сваю партыйную арганізацыю веткаўскія бальшавікі. Вакол іх у Савеце аб’ядналіся левыя палітычныя сілы. Падтрыманыя беспартыйнымі дэлегатамі, прадстаўнікі левых дэмакратычных сіл узмацнілі свой уплыў у Савеце рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У верасні 1917 г. Савет патрабаваў неадкладна ўвесці рабочы кантроль, узмацніць барацьбу з разрухай, за ўвядзенне прагрэсіўнага падатку на прадпрымальнікаў і заводчыкаў. Такія меры былі неабходнымі. Да кастрычніка 1917 г. у воласці стварыўся востры гаспадарчы крызіс. Насельніцтва аказалася перад тварам немінучага голаду.

Ветка лістапад 1967
Ветка лістапад 1967

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ветка. 60-годзя Вялікага кастрычніка
Ветка. 60-годзя Вялікага кастрычніка

А. КАРАТКЕВІЧ, старшыня раённага Савета ветэранаў.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.