Прэзідэнт Беларусі аб прыярытэтах знешняй палітыкі

междуАляксандр Лукашэнка правёў нараду па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе. «Лічу, што надышоў час, калі нам трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Больш актыўна пашыраць і абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І не дзеля нейкіх амбіцый, а дзеля таго, каб умацаваць нашу суверэнную і незалежную дзяржаву. Як палітычна, так і эканамічна. Перш за ўсё, эканамічна», — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе.

Прэзідэнт адзначыў, што эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі са знешнім светам — поле дзейнасці не толькі Міністэрства замежных спраў. «Гэта задача ўсіх: Прэзідэнта, парламента, урада, міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай выканаўчай улады, суб’ектаў гаспадарання. Прычым па ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, гуманітарным, у сферах бяспекі, культуры, адукацыі, спорту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Важна супрацоўнічаць і з Усходам, і з Захадам

«Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а дружыць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўстанаўленне ўзаемавыгадных адносін», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі курс Беларусь ужо даўно і паспяхова ажыццяўляе на практыцы. «Шматвектарнасць — адзін з важнейшых прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі — стала бясспрэчным здзейсненым фактам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца ўсходняга вектара, то тут вызначаны выразныя арыенціры і падыходы ў рабоце. «Стратэгічным саюзнікам нашай краіны была, ёсць і застанецца Расія. Мы праводзім узгодненую лінію ў знешняй палітыцы і ў сферы бяспекі. Паспяхова вырашаем комплекс сацыяльна-гуманітарных пытанняў», — адзначыў Прэзідэнт. Практычнае напаўненне таксама атрымлівае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем.

«І па заходнім вектары ёсць канструктыўныя зрухі. Пройдзены няпросты шлях па нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Паступова нарошчваюцца тэмпы развіцця супрацоўніцтва з ЗША», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін вектар, прадоўжыў Прэзідэнт, гэта актыўны пошук новых партнёраў і пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі краінамі далёкай дугі на ўсіх кантынентах.

Аб далейшай нармалізацыі адносін з ЕС

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі з боку ЕС з нашых прадпрыемстваў зняты, няма больш квот на пастаўкі беларускага тэкстылю, ёсць зрухі ў пазіцыі ЕС па ўзаемадзеянні Беларусі з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, па ўступленні Беларусі ў СГА.

«Гэтыя рэаліі адкрываюць новыя магчымасці супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Нельга ўпусціць момант. Трэба літаральна ўгрызацца ў еўрапейскі рынак, які з’яўляецца найбольш плацежаздольным і тэхналагічным. І гэта задача для ўсіх», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, таксама важна прадаўжаць сістэмнае нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі. «Мы зацікаўлены ва ўстойлівым і бесперашкодным доступе беларускіх тавараў і паслуг на ёмісты і плацежаздольны рынак ЗША. Акрамя таго, хочам прыцягнуць амерыканскія капіталаўкладанні, тэхналогіі і ўдзельнічаць у вытворчай кааперацыі з кампаніямі гэтай краіны, — дадаў Прэзідэнт. — Павінен сказаць, тут мы працуем не проста слаба, а вельмі дрэнна. Можна сказаць, мы наогул там не працуем».

Трэба не ўпусціць выгадны момант

«Стварылася сітуацыя, вельмі выгадная для нашай краіны. Калі мы празяваем гэты момант, не скарыстаемся ім, зноў будзем цялёпкацца ў хвасце. Трэба скарыстацца гэтай унікальнай сітуацыяй, калі эканоміка ў свеце пачынае варушыцца. Мы нічога, ніводнае прадпрыемства не закінулі, не закрылі. І для іх сёння шанц», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння Беларусь мае дыпламатычныя прадстаўніцтвы практычна ў трэці дзяржаў свету. А з улікам акрэдытацыі па сумяшчальніцтве можна бачыць, што адбываецца фактычна ва ўсім свеце. «Існуючы інструментарый трэба аператыўна падладжваць пад змяненні міжнароднай абстаноўкі і новыя магчымасці супрацоўніцтва», — лічыць ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асноўным крытэрыем паспяховасці знешняй палітыкі ў цэлым з’яўляюцца нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту. У бягучым годзе прырост беларускага экспарту за студзень-май перавышае 20 працэнтаў, што складае каля $2 млрд. Без уліку нафты, нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў экспарт вырас яшчэ больш — амаль на 30 працэнтаў. «А гэта якраз той несыравінны паказчык, за які адказваюць нашы паслы і замацаваныя службовыя асобы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Патрэбна экспартная рэвізія

«Урад павінен правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах. Вызначыць, хто вырабляе тавар, запатрабаваны ў свеце, а хто бяздарна працуе на павелічэнне складскіх запасаў. Гэта ключ да абнаўлення нашых вытворчасцей, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мадэрнізаваць, весці сюды замежных інвестараў трэба з улікам заўтрашняга дня, а не праводзіць мадэрнізацыю, якая старэе, не паспеўшы завяршыцца. І інвестары будуць укладваць грошы толькі ў перспектыўныя вытворчасці».

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна распрацаваць новую стратэгію экспарту, заснаваную на паляпшэнні яго якаснай структуры. «Нядобра, калі па-ранейшаму больш за 80 працэнтаў нашага экспарту ў Еўропу складаюць сыравіна і паўфабрыкаты, — сказаў ён. — Трэба імкнуцца да стварэння сумесных вытворчасцей з удзелам заходняга капіталу. Укараняць перадавыя тэхналогіі і вопыт. Уводзіць нашых экспарцёраў у міжнародныя вытворчыя ланцужкі вядомых еўрапейскіх і сусветных карпарацый».

«Неабходна развівацца не ў напрамку «што мы можам вырабіць сёння», а ў напрамку «што мы можам вырабіць з таго, што будзе запатрабавана заўтра». Гэта больш чым актуальная праблема для прамысловасці, якая складае аснову нашай эканомікі. І не толькі для прамысловасці, але і нашых вучоных — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нельга дапусціць адставанне краіны ў тэхнічным і тэхналагічным плане ад нашых гандлёвых партнёраў і развітых эканомік у цэлым. Мы павінны стварыць не толькі ІТ-парк, але і ІТ-краіну — аб гэтым не аднойчы ўжо было сказана».

Атыўней развіваць сферу паслуг

«Звяртаюся да кіраўніцтва Мінспорту, Мінпрама, Міністэрства аховы здароўя і загранустаноў. Трэба папулярызаваць не толькі марку «Зроблена ў Беларусі», але і такія брэнды, як «Вучоба ў Беларусі» або «Вучыцца ў Беларусі», «Адпачынак у Беларусі» або «Адпачываць у Беларусі», «Займацца спортам у Беларусі», «Лячыцца ў Беларусі» і іншыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці нашай краіны, прыцягваючы замежных турыстаў. Мы істотна недапрацоўваем у гэтым напрамку».

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ёсць што паказаць турыстам і чым зацікавіць іх. Аднак, на яго думку, у гэтай сферы ёсць да чаго імкнуцца і чаму вучыцца.

«Тут трэба працаваць, працаваць і працаваць. Гэтым перш за ўсё губернатарам і мясцовым органам улады трэба займацца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.