«Піліп дзяцей апранае», так казалі ў народзе пра піліпаўскія вячоркі. І звязана гэта было са звычаем увесь Піліпаўскі пост займацца вырабам нітак, а дакладней прадзеннем кудзель ільну ды воўны
Ужо добрай традыцыяй сталася збірацца ў філіяле Веткаўскага музея, што знаходзіцца ў самым цэнтры Гомеля, на тэматычныя вечарыны. Кожны раз выбіраецца арыгінальная тэма, якая будзе суадносіцца з традыцыйным календаром беларусаў. На аўтэнтычным матэрыяле супрацоўнікі музея пры падтрымцы сваіх сяброў рыхтуюць абрадавыя спевы, дзеянні, майстар-класы.
Паколькі тэмай апошняй вечарыны абрана было прадзенне, то і прыйшлося музею «пашкрабці па сусеках» і даставаць з «закрамоў» пранікі, церніцы-мялкі, трапала, часала, грэбні, верацёны ды самапрадкі. Так, вырашчаны ў мінулым годзе лён пайшоў у справу. Спачатку ўсім прысутным прыйшлося перайсці праз першы з музейных законаў-бар’ераў — «рукамі не чапаць!». Бо ўсё, што было падрыхтавана, напрамую датычылася ручной працы. Жанчыны і мужчыны, дзяўчаты і хлопцы ды маленькія дзецюкі па-заліхвацкі пачалі «расправу» з ільном на церніцы. Церлі-мялі, аж пыл стаўбом стаяў, кастра, нібы завея, запарушвала вочы. І тут наведвальнікам раскрылася адна з таямніцаў: кастрычнік — самы зручны час для таго, каб церці лён, з якога і ляціць шмат кастрыцы, вось і атрымаў месяц назву дзякуючы асноўнаму жаночаму занятку на той час.
Пасля лён патрэбна было патрапаць. Тут, шчыра кажучы, не меней «трапалі» і языкамі ўдзельнікі вечарыны: хто дзяліўся эмоцыямі, хто пра касмалогію працэсу распавядаў, а хто ўзгадваў сваё дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы.
Трымаючы ў руках вытрапаныя і вычасаныя пасмачкі срэбранага ільну, менавіта такім апынуўся ягоны колер, ва ўсіх гарэлі вочы — што ж будзе далей? А далей, усе ўзяліся за верацёны і пачалі прасці спрадвечную нітку жыцця і мудрасці. І ніякіх табе гендэрных межаў, бо з аднолькавым захапленнем пралі нітачкі і жанчыны, і мужчыны. Кола самапрадкі ўсё круцілася і круцілася, нібы закручваючы ўсіх удзельнікаў вечарыны ў магічны рытм традыцыі. А рытм тут насамрэч адчуваўся, бо падтрымлівалі яго сапраўдныя захавальнікі аўтэнтычнай спеўнай культуры Веткаўшчыны — гурт «Стаўбунскія вячоркі». Жанчыны шчыра дзяліліся ўспамінамі пра сваё дзяцінства, у многіх яно таксама прайшло з верацяном у руках. Адмыслова для нашай піліпаўскай вечарыны ў рэпертуар гурта ўвайшоў новы жанр — духоўныя вершы, або псальмы. І тут у адзінае злілася і песня, і кручэнне верацяна, і павароты самапрадкі, і думкі нашы паліліся ў такім жа рытме. І пасля ўсяго гэтага засталася ўпэўненасць, што ўсе нітачкі, створаныя падчас вечарыны, будуць нагадваць пра тое чараўніцтва, якое падуласна кожнаму чалавеку.
Своеасаблівым чараўніцтвам былі і спевы з Наталляй Дубровай, якая развучыла з усімі ўдзельнікамі калядную песню «Го-го-го, каза!». Да гэтага яшчэ дадаліся архаічныя калядныя напевы «Стаўбунскіх вячорак».
Сапраўднай магіяй для многіх быў і святочны стол, які традыцыйна ладзяць удзельнікі вечарыны: салёнае ды смажанае сала з гурочкамі ды грыбочкамі, каўбасы, блінцы з сырам ды маслам, гарбузовая каша, «саленні-варэнні», пірагі, адмысловы «шышкавы» квас, травяная гарбата і так да бясконцасці можна працягваць наш «смачны» шэраг. Мабыць, гэта было адзінае адступленне ад традыцыі на вечарыне, бо ў пост і ежа павінна быць поснай.
Як заўжды, усё аказалася па-хатняму ўтульна і сапраўдна. Кожны атрымаў, як кажуць, «і казку, і абаранкаў вязку».
Пётр ЦАЛКА.
P.S. Нагадваем, што кожны месяц філіял Веткаўскага музея ладзіць тэматычныя вечарыны, таму сачыце за навінамі на нашым музейным сайце і заходзьце ў госці!
