В прокуратуре Ветковского района появился стенд, отражающий историю организации
Лакальная, раённая гісторыя складаецца з асобных лёсаў, біяграфій, як таксама і з работы розных арганізацый. Немагчыма аддзяліць прафесійны абавязак чалавека ад яго лёсу, жыццёвага шляху. Падкрэсліць гэта, напомніць пра пераемнасць пакаленняў, зрабіць традыцыю памяці неперарыўнай хацелі супрацоўнікі пракуратуры, калі задумалі стварыць стэнд, на якім былі б адлюстраваныя ўсе былыя пракуроры Веткаўшчыны. Да дзевяностагоддзя ўтварэння раёна, а таксама да Дня юрыста была прымеркавана рэалізацыя гэтага праекта.
Як распавёў пракурор Веткаўскага раёна Раман Фурс, часам прыходзілася сутыкацца з сітуацыямі, калі новыя супрацоўнікі не ведалі сваіх папярэднікаў, не тое што тых гучных спраў, што ім прыходзілася разбіраць. Трэба было выправіць такі перакос памяці, але і давесці, што ў пракуратуры як арганізацыі існуе багатая гісторыя, якая пачалася 20 верасня 1955 года, калі загадам генпракурора СССР быў падпісаны загад аб стварэнні Веткаўскай раённай пракуратуры.
Івось 9 снежня адбылося адкрыццё стэнда. Прысутнічалі і былыя пракуроры раёна, і калегі, і прадстаўнікі мясцовай улады.
— Запрашалі ўсіх, але прысутнічалі тыя, каму дазволіла здароўе і жыццёвыя абставіны. Хтосьці ўжо ў шаноўным узросце, нехта жыве за мяжой. Але чакалі ўсіх, — кажа Раман Валер’евіч, сённяшні і шаснаццаты па ліку пракурор раёна.
Наведалі мерапрыемства Мікалай Сарасека, чые пракурорскія абавязкі выконваліся з 1995 па 2005 гад, а таксама яго стрыечны брат і калега, Уладзімір Сарасека, які быў намеснікам пракурора вобласці. Мікалай Іванавіч і Уладзімір Фёдаравіч дапамагалі ў стварэнні гэтага стэнда, садзейнічалі збору інфармацыі, устанаўленню тых, хто працаваў тут настолькі даўно, што кадравыя архівы не захавалі поўных звестак ці фатакартак. Як раз па гэтай прычыне пакуль не ўсе падрыхтаваныя месцы запоўненыя: зараз праз сваякоў ды калег адшукваецца фота аднаго з першых пракурораў.
На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі таксама пракуроры раёна недаўняга мінулага Раман Віктаравіч Герасімаў і Аляксандр Вітальевіч Кляблееў, намеснік пракурора вобласці Васіль Уладзіміравіч Броўка, былыя пракуроры вобласці дзяржаўныя саветнікі юстыцыі трэцяга класа генералы Алег Паўлавіч Палавінка і Уладзімір Пятровіч Гаўрыльчык. Юрый Пятровіч Сергіенка, які сёння з’яўляецца намеснікам рэктара інстытута, шмат гадоў таму працаваў на Веткаўшчыне следчым, потым транспартным пракурорам, таксама быў рад пабачыць клег, успомніць падзеі і асоб.
— Для многіх, хто працаваў тут, раён стаў стартам, пасля якога былі новыя, больш высокія пасады. Так Раман Віктаравіч Герасімаў потым узначаліў у вобласці аддзел па барацьбе са злачыннасцю, як і Сяргей Дзмітрыевіч Сініцкі, які зараз займае пасаду пракурора Мазыра. Віктар Анатольевіч Семянцоў цяпер на пасадзе пракурора Чачэрскага раёна, Барыс Іванавіч Талан — пракурор Добрушскага раёна, — са шчырай павагай да калег расказвае Раман Фурс. — На стэндзе немагчыма было б адлюстраваць усіх работнікаў, якія заслугоўваюць гэтага. Напрыклад, загадчыцай канцылярыі з 1955 па 2002 год была Ніна Савельеўна Пазнякова: шлях у цэлае жыццё! А з 2002 па цяперашні яе змяніла Наталля Пятроўна Арэшчанка, якая толькі нядаўна пайшла на пенсію. Даволі доўга працавала Дзілара Мансураўна Абазава, на Веткаўшчыне яна вырасла ад памочніка пракурора да намесніка.
— Тут з 1997 года працаваў першым намеснікам пракурора раёна і мой бацька, Валерый Анатольевіч Фурс, які прысвяціў органам пракуратуры Гомельскай вобласці гады з 1981-га па 2015-ты. Таму для мяне повязь пакаленняў і тое, што называецца карпаратыўным духам, не пустыя словы. Прыйсці з усіх магчымых раёнаў і пракуратур менавіта ў гэту — для мяне напоўнена асаблівым пачуццём.
Сабраны пры падрыхтоўцы стэнда і не выкарыстаны непасрэдна на ім матэрыял вырашана перадаць у пракуратуру Гомельскай вобласці, дзе збіраецца матэрыял для кнігі. У ёй будзе адлюстравана гісторыя пракурорскай справы на Гомельшчыне, яе асобы, падзеі, да якіх ім давялося спрычыніцца. Значыць, сабраныя па архівах і асабістых успамінах супрацоўнікаў звесткі лягуць у грунт пераемнасці, памяці, прафесійнага духу.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.