Прачытала ў “Голасе Веткаўшчыны” (ад 2 красавіка 2016 г.) звесткі пра тое, што 7 мая адбудзецца раённы суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі, а атрыманыя ад яго правядзення грашовыя сродкі будуць накіраваны на паляпшэнне і ўтрыманне тэрыторый і аб’ектаў г. Веткі і сельскіх населеных пунктаў раёна, а таксама на іншыя расходы.
Часта ў размовах з веткаўчанамі даводзіцца чуць нараканні на якасць дарог у Ветцы. Калі на плошчы і цэнтральных вуліцах асфальтавае пакрыццё дарог роўнае, то пра канцавыя вуліцы гэтага і блізка не скажаш.
Чамусьці падчас правядзення многіх (малых і вялікіх) суботнікаў найбольшая ўвага аддаецца добраўпарадкаванню гарадскога сквера: увосень і вясной жыхары Веткі нястомна зграбаюць апалае лісце на тэрыторыі ўсяго сквера, не даючы стварыцца перагною, якім жывяцца дрэвы. Веткаўчане зачакаліся цацанак-абяцанак: як ляжалі па абодва бакі сквера старыя пліткі, так і ляжаць да сённяшняга дня. Паміж пліткамі — цэлыя разоры пяску. Далёка не кожная жанчына адважыцца прайсці па Чырвонай плошчы ў туфлях на высокіх абцасах: пасля двух-трох дзён такога праменаду туфлі можна смела выкідаць у сметніцу.
Пра неабходнасць быць уважлівымі да экалогіі выказваўся старшыня камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама Аляксандр Баравікоў: “Убирая опавшую листву в парках, скверах, человек нарушает естественный кругооборот в природе. Уборкой мы фактически обедняем землю. От этого начинают страдать деревья. Запрет на сбор опавшей листвы поможет не только сохранить экологический баланс, но и сэкономить бюджетные деньги”. (Інфармацыя БЕЛТА.)
13 лістапада 2013 г. было прынята рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў №366 “Об утверждении правил благоустройства и содержания города Минска и признании утратившими силу некоторых решений Минского городского Совета депутатов». Паводле гэтага рашэння: “(Пункт 20. Специализированные организации по озеленению осуществляют: …уборку листвы с озеленённых территорий проспектов, площадей и прилегающих к ним объектов внешнего благоустройства (скверы, бульвары) с озеленённых территорий вдоль улиц на ширину 10 метров от пешеходных дорожек или улично-дорожной сети, в парках и на территориях с древесно-кустарниковой растительностью (лесопарки, рощи, сады вдоль пешеходных дорожек, площадок шириной 5 метров)». Дарэчы, у гэтым жа рашэнні даводзіцца наступнае: «…скашивание газонов на объектах категории «Центр» — не менее 1 раза в 10 дней, на остальных объектах — не реже 1 раза в 15 дней в парках и лесопарках вдоль площадок пешеходных дорожек шириной 5 м, за исключением мест произрастания дикорастущих растений, относящихся к видам, включённым в Красную книгу Республики Беларусь».
Вываз апалага лісця, затрата працоўнага часу прадугледжвае грашовыя выдаткі. Мінчане на дзяржаўным узроўні, наколькі магчыма, стараюцца эканоміць. А веткаўчане? У жыхароў горада Веткі заробкі значна меншыя, чым у жыхароў сталіцы. І калі з людзей з іх добраахвотнай згоды (!) вылічваюцца грошы, дык няхай яны ідуць на сапраўды карысныя для горада справы. Маю на ўвазе наступнае.
У Ветцы ёсць прыгожая гістарычная вуліца Першамайская. Да 29 студзеня 1924 года яна мела назву Манастырская (Пралетарскія завулкі называліся Келейнымі). Так вуліцу называлі ў ХІХ ст. і пазней. Зразумела, чаму: на ёй размяшчаўся Веткаўскі мужчынскі манастыр, таксама — Пакроўская стараабрадніцкая царква.
Паглядзець гістарычную вуліцу — Першамайскую — імкнуцца многія зацікаўленыя людзі, якія прыязджаюць, каб убачыць калекцыі славутага Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. У апошнія гады з’явілася тэндэнцыя: людзі прыязджаюць сем’ямі, на сваіх машынах. Так, у 2015 г. пабыло ў музеі 1313 адзінкавых наведвальнікаў, у іх ліку — 116 замежнікаў (значная іх колькасць — госці з Расіі, Украіны). Госці горада просяць паказаць, дзе знаходзіцца былая вуліца Манастырская. Едуць па ёй, усё роўна як па глухой лясной дарозе. Паўсюль на ёй, а таксама на паваротах на завулкі — выбоіны. Псуюцца дэталі ў машынах, нервы — не толькі ў вадзіцеляў, а і ў пешаходаў, таксама — уяўленне, якое склалася ў апошнія гады: беларускія дарогі — адны з лепшых.
Шаноўныя кіраўнікі, раённы Савет дэпутатаў 27-га склікання!
- Пераканаўчая просьба да Вас: накіраваць неабходную частку грашовых сродкаў, утрыманых з веткаўчан у сувязі з правядзеннем суботніка, які адбыўся 7 мая 2016 г. ды іншых суботнікаў, на добраякасны рамонт дарогі па вул. Першамайскай (пажадана — і па вул. Савецкай, Пушкіна ды іншых, аддаленых ад цэнтра горада).
На рамонт дарог неабходна выдаткаваць тыя значныя грашовыя сродкі, якія выплачваюцца вадзіцелямі ўласных аўто ў выніку праходжвання штогадовага тэхагляду.
- На адной з сесій Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў прыняць рашэнне “Аб зацвярджэнні правіл добраўпарадкавання і ўтрымання г. Веткі”, адзін з пунктаў якога быў бы аналагічны пункту 20 рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 13 лістапада 2013 г.
- Радзей скошваць газоны, радзей хаатычна (без парадку) абразаць галіны на дрэвах, якія выжываюць паміж дарогай і тратуарам, напрыклад, па вуліцы Грамыка (г. Ветка), ды і на іншых. Паглядзіце на гэтыя хворыя дрэвы: на ствалах некаторых з іх на адну трэць няма кары — прамы вынік бясконцых абрэзак.
Ветка павінна быць “зялёнай” (так аднойчы назваў яе паэт-зямляк Дзмітрый Кавалёў), прыгожым, квітнеючым, утульным горадам!
Ларыса РАМАНАВА.
