У кожнага правіла ёсць парушальнікі. На жаль!


У Ветцы, як у любым іншым горадзе, ёсць месцы, дзе ўзнікаюць праблемы з паркоўкай прыватных аўто. Канфлікт інтарэсаў аўтааматараў і правілаў дарожнага руху адбываецца непазбежна: вадзіцелі наракаюць на недахоп парковачных месцаў, нерацыянальнасць размяшчэння адведзеных пад стаянкі пляцовак і забараняльных знакаў, а закон на гэты конт мае свае разумныя довады.
Пракаменціраваў сітуацыю старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Веткаўскага райвыканкама Юрый Гірыкаў.
— У горадзе ёсць некалькі праблемных месцаў, з якімі найбольш часта ўзнікаюць непаразуменні. Гэта паркоўка каля супермаркета “Еўраопт”, тэрыторыя каля рэстарана “Сож” і пасадачная пляцоўка аўтастанцыі.
— Якія парушэнні там найбольш частыя? Побач з “Еўраоптам” наведвальнікі любяць ставіць свае машыны на месцы, зарэзерваваныя для інвалідаў. Нягледзячы на разметку, знакі, некаторыя лянуюцца прайсці нейкіх 10-15 метраў і спыняюцца каля самых дзвярэй на месцах для інвалідаў. Што рабіць? Штрафуем. Таму што гэта закон: вы-дзеленыя для інвалідаў месцы займаць нельга.
— А ці ёсць эфект ад штрафных мер? Ці павышаецца свядомасць, калі да яе дастукваюцца праз кашалёк?
— Сярод парушальнікаў, як і сярод дысцыплінаваных вадзіцеляў, існуе так званае народнае радыё — людская пагалоска, якае перадае лепш любой прапагандысцкай агіткі навіну: рабіць так — сабе даражэй. Першы раз парушальнік заплаціць 180 тысяч, за наступныя разы прыйдзецца заплаціць па 360 тысяч рублёў. За кошт гэтага дабраахвотнага распаўсюджвання інфармацыі сярод знаёмых колькасць такіх парушэнняў зменшылася. Праўда, не вельмі значна: прыезжыя пакупнікі з іншых раёнаў і Гомеля па-ранейшаму складаюць 90% незаконапаслухмяных паркавальнікаў. За перыяд з сярэдзіны сакавіка па верасень гэтага года па артыкуле 18.22 ч. 2, які прадугледжвае адказнасць за паркоўку, на месцах для інвалідаў аштрафавана каля 30 чалавек.
Такая ж сістэма штрафаў распаўсюджваецца і на аматараў скараціць свой шлях ад машыны да піцэрыі і рэстарана “Сож” — ад адной да дзвюх базавых велічынь. Тыя ж 15 метраў робяцца праблемай для некаторых наведвальнікаў гэтых грамадскіх месцаў. А парковачныя пляцоўкі ёсць зусім недалёка.
— Але чаму нельга пад’ехаць да самай піцэрыі?
— Па-першае, закон, што не дазваляе арганізоўваць паркоўкі на прылягаючых да жыллёвага сектара пляцоўках. Па-другое, небяспека здарэнняў з удзелам пешаходаў, якіх тут нямала, асабліва ў час, калі наведвальнікі выходзяць з піцэрыі. Па-трэцяе, непасрэдная блізкасць пешаходнага пераходу, якая ў выкананне правілаў не дазваляе арганізоў-ваць паркоўкі побач з такімі аб’ектамі. У выхадныя дні наплыў людзей даволі значны. А непрыемны прэцэдэнт ужо ёсць. Не так даўно было ДТЗ з пацярпелым: вадзіцель пачынаў рух і, не пераканаўшыся ў адсутнасці пешаходаў, зачапіў маладога чалавека. У выніку пешахода гаспіталізавалі з пераломам нагі і іншымі траўмамі.
— Наколькі мне вядома, у раёне аўтастанцыі праблема аналагічная. Але знакі, што сведчаць аб забароне паркоўкі, не тое не вельмі ўдала размешчаныя, не тое не вельмі дзейсна ўплываюць на вадзіцеляў…
— Знак там размешчаны як належыць. Але сапраўды аналагічная сітуацыя: недалёка ёсць паркоўка, але людзям традыцыйна лянота прайсці некалькі метраў. Прыпаркаваныя машыны там моцна замінаюць высадцы пасажыраў з аўтобусаў. За падобныя парушэнні за перыяд з лютага гэтага года да сённяшняга дня прыцягнуты да адказнасці больш за 30 аўтаўладальнікаў.
— Калі паркоўкі робяць столькі клопату, то, можа быць, гэта таму, што іх проста недастаткова?
— Я б так не сказаў. Тут праблема не заўжды ў колькасці месцаў. Часам гэта праблема культуры вадзіцеля. Але нельга адмаўляць, што, напрыклад, у дварах дамоў пабудовы недзе да 1997 года па-сапраўднаму не хапае парковачных месцаў. Тут шмат што залежыць ад зваротаў грамадзян, іх просьбаў. Пры гэтым адзначу, што як арганізацыяй парковак, так і вырашэннем праблемы з іх стварэннем ДАІ не займаецца.
Іншая справа, калі размова ідзе аб ліквідацыі самавольнай паркоўкі, якая раптам узнікае на дзіцячай пляцоўцы, зялёнай зоне, газоне, як гэта было нядаўна побач з раённай паліклінікай. Штрафамі ўздзейнічалі, але і бардзюрны камень прыйшлося падняць павышэй, каб упартыя парушальнікі мелі мінімальныя шанцы прыпаркавацца на газоне.
Такім чынам, справы з паркоўкамі ў Ветцы не такія і благія, як, скажам, у перапоўненых машынамі і людзьмі мегаполісах. Праблемы маюць хутчэй ухіл да пытанняў законапаслухмянасці, чым да недахопу месцаў і вялікай канкурэнцыі за іх. Але і думка вадзіцеляў надае гэтай праблеме пэўны ракурс. Яны лічаць, што арганізоўваць паркоўкі трэба больш скіравана на зручнасць вадзіцеляў і пасажыраў. Урэшце ж Ветка не Нью-Ёрк, дзе няма ніводнага вольнага лапіка зямлі. І існуюць пэўныя абставіны, якія спрачаюцца з самымі лагічнымі правіламі. Бо, напрыклад, вясельны картэж з нявестай у белым уборы да зямлі хацелася б прыпыніць ля самага ганка рэстарана, а не недзе наводдаль, асабліва ў дрэннае надвор’е. На здымку: Той нячасты выпадак, калі првілы не парушаны.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.