Ідэал прыгажосці па-неглюбску

neglubka-krasota
Пагаворым аб ідэале прыгажосці па-неглюбску. Вядома, гэта размова пра жанчын, дакладней, пра ідэал прыгажосці ў традыцыйным неглюбскім касцюме, дэталі якога складваліся не адно стагоддзе, а можа, і тысячагоддзе.
Калі апранаеш ільняную кашулю, гарсэт, галубовік, завязваеш панёву, падпярэзваешся шарсцяным поясам, які дасягае чатырох метраў, а на галаве ў цябе, нібы гняздзечка — тканы платок з “мушкамі”-“цярэшкамі”, адчуваеш сябе абароненай ад усякага ліха.
Нацыянальны ідэал прыгажосці складваецца, як вядома, напачатку з паасобных, індывідуальных уяўленняў, захаваных на працягу многіх стагоддзяў. Чым багацейшыя, разнастайнейшыя ўяўленні аб аздобе жылля, касцюма, аб навакольнай мясцовасці, тым багацейшы і больш поўны змест культурнага — духоўнага і матэрыяльнага жыцця асобных этнасаў.
Культурнай спадчыне вёскі Неглюбка прысвечана не адно навуковае даследванне. Так, у 2004 г. у Гомелі былі выдадзены “Навуковыя запіскі Веткаўскага музея народнай творчасці”. Гэтую кнігу з ахвотай купляюць тыя, каму важна ведаць гісторыю, духоўную і матэрыяльную культуру сучаснай Веткаўшчыны. У аснову выдання пакладзены вынікі збіральніцкай, даследчай працы супрацоўнікаў, якая вялася з першых дзён існавання музея.
У “Навуковыя запіскі”, акрамя іншых даследванняў мясцовай культуры і гісторыі, увайшоў артыкул І.Ю. Смірновай “З гісторыі сяла Неглюбкі”, праца над якім вялася ў мінскіх архівах, ды і не толькі. У раздзелах “Да гісторыі ўзнікнення”, “Эканамічнае становішча”, “Да гісторыі росту насельніцтва”, “Да гісторыі рассялення на пасёлкі”, “Да гісторыі Неглюбскай Свята-Мікалаеўскай царквы”, “Свяшчэннікі Неглюбскай Мікалаеўскай царквы”, “Неглюбскія прозвішчы” для ўсіх, каму цікава, адкрываецца мінулае гэтай вёскі. У гэтым жа выданні — артыкулы Г.Р. Нячаевай “Арнамент: прастора рэчы і мова традыцыі. Кашулі, галаўныя жаночыя “платкі” і абрусы. Неглюбка”, Г.Р. Нячаевай, Л.Д. Раманавай “Этнаграфічныя матэрыялы да тэмы “Арнамент адзення. Адзенне ў звычаях і абрадах”, артыкулы іншых супрацоўнікаў музея, у якіх даследуецца ткацтва Неглюбкі.
І сёння неглюбскія ткачыхі працягваюць здзіўляць суайчыннікаў ды замежнікаў высокім мастацкім густам, гумарам, жыццялюбствам, захаваннем традыцыйных уяўленняў, што бяруць пачатак у далёкім архаічным часе.
Неглюбская традыцыя ткацтва, як ніводная ў Беларусі, захавала безліч назваў узораў. Паводле іх, увесь свет нагадвае адзін дасканалы Боскі ўзор, у якім ёсць месца “балонкам”, “бліскучкам, “вашаночкам”, “жабкам”, “звёздам”, “зубатым цыганам”, “вядзьмедзям”, “крыллю з кап’ём”, “млынам”, “цэркаўкам”, “старцам”, “ключыкам”, “вароннім вочкам”, “лотаці”… Гэта — толькі некаторыя з назваў узораў (тканых, вышытых) на жаночых сарочках. Дапытлівыя і назіральныя майстрыхі могуць назваць і паказаць на тых жа кашулях “веряб’я, абагнатага хрэшчыкам”, “сляпога веряб’я абтыканага”, “веряб’я відушчага”, “веряб’я з клінам”, “веряб’я з козлікам”, “веряб’я з крывулькаю”, “веряб’я на рэдзьцы”, “трайнога веряб’я”, “паўверяб’я”, “верябейку”, “верябейку сляпога і козліка”, “веряб’ёў абтыканых”, “веряб’ёў з казлом”, “веряб’ёў з плашкай”, “белых веряб’ёў”, “відушчых веряб’ёў”, “двайных веряб’ёў”, “веряб’ёў сляпых і сушчэленых”, “сушчэльных верабейчыкаў”, “жарэлле на верябей”. Вялікую колькасць варыянтаў назваў маюць наступныя ўзоры неглюбскіх жаночых кашуляў — “мядзведзі” (36 варыянтаў), “казёл” (33 варыянты), “яблака” (19 варыянтаў), “хрясты” (12 варыянтаў) ды інш. Гэтыя лічбы, вядома, уражваюць і пераконваюць: надзвычай вялікай духоўнай культурай, адметным светабачаннем яшчэ зусім нядаўна валодалі стваральніцы тэкстаў, што вышываліся іголкай, ткаліся на кроснах. Вось як, да прыкладу, тлумачыла жыхарка былога неглюбскага пасёлка Шэйка Аляксандра Рыгораўна Рослікава слова “крэшчык” (“хрэшчык”): “Пасееш на агародзе ці ў садзе што. Насенне прарастае… Калі яшчэ няма лісточкаў, то гаварылі, што “буракі ў крэшчыках”. Яны яшчэ толькі ў хрэшчыках, яны шчэ толькі вылазяць, шчэ — нічога не відна, яно яшчэ ў хрэшчыках. Зернавое прарастае па-другому. А ета — ліставое”. “Хрясты” — такую назву даюць неглюбскія ткачыхі любой, акрамя “крывулі”, паласе ўзору на тканых ручніках: “На дзевяць хрястоў ручнік”. Адначасова “хрясты” — гэта й назва асобных узораў на тканых ручніках. У такім разе, любы ўзор — гэта своеасаблівая сяўба, “засяванне” будучыні, яе будаўніцтва і набліжэнне.
У асобны раздзел “Навуковых запісак Веткаўскага музея народнай творчасці” “Калі разгараецца “сад чаўнакоў”? (Каляндар пра-дзення і ткацтва. Этнаграфічныя заўвагі)”, падрыхтаваны мною, акрамя шматлікіх тэкстаў, запісаных ад жыхароў Веткаўскага, Чачэрскага, Добрушскага раёнаў, увайшлі тэксты, запісаныя ад Вулляны Іванаўны Кавалёвай, адной з найлепшых ткачых Неглюбкі.
Нарадзілася яна ў 1931 годзе, большую частку свайго жыцця пражыла ў неглюбскім пасёлку Ляды. Жыла ў Ветцы. Яе зямное жыццё спынілася ў 2005 г.
Незадоўга да таго, у цёплы майскі дзень, з асаблівай пяшчотай Вулляна Іванаўна даставала з шафы і паказвала мне сваё тканнё — посцілкі з “абтыканымі садамі”, “балонкамі”, “зялёнымі і краснымі гаряшчымі чаўначкамі”, “садам чаўнакоў”. Гэтыя ды іншыя назвы ўзораў — сапраўдныя шэдэўры народнай паэзіі ды людской фантазіі. Посцілка “звёздамі”, якую выткала Вулляна Іванаўна, захоўваецца ў Веткаўскім музеі.
Вулляна Іванаўна гэтак жа, як і многія неглюбцы і неглюбчанкі, зберагала, як магла, красу і непаўторнасць нашага свету, нягледзячы на вялікія выпрабаванні, якія давялося спазнаць і ўбачыць на свае вочы. “Стараліся смачна не есць, а адзецца”, — гэта было сказана ёй аб цяжкіх пасляваенных гадах. Нездарма менавіта ў Неглюбцы аднойчы было сказана: “У маёй маткі матка была багатая. Можа, пяцьсот сарочак было. Панёў было — пяцьдзесят. Платкоў дзвесце было… Панёў прадалі, пасля вайны ўкраінцы мяхамі вазілі на Украіну. У маёй маткі было боляй як сто рубашак. Я сарочак дваццаць пяць шыла, чатыры палатняных, а то ўсе — бумажныя. Як замуж пайшла, данасі-ла ўсё. На сена як хадзілі, адзявалі паўсёмістыя. У 1955-1956 гадах пераставалі насіць… Сарочку за дзень можна вышыць было… “Чэрці коцяцца”, “махі” — узоры на рубахах былі”, “Хрысціць жа — у чыстае надзявалі. І кума брала такі — зваўся “увівіч”… А тады ўжо бацюшка пахрысця, і кума дзяржыць на руках такі во — не… не рушнік. На ручнік — божа ж мой! — не клалі. Рушнік жа — ета ж Божжая адзежка!”
Неглюбскі строй (касцюм) часткова прадстаўлены ў наборы паштовак “Краіна цудаў”. Неглюбка”, які быў выдадзены ў гэтым годзе выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” на беларускай, англійскай, італьянскай мовах. Тыраж выдання — 1000 экзэмпляраў. Навуковую рэканструкцыю неглюбскага строя зрабіла Ірына Смірнова, для якой Неглюбка і неглюбцы — краіна цудаў, захаплення і вывучэння. Фотаздымкі былі зроблены М. Аракчэевым, К. Аракчэевай, А. Белавусавым. На фоне яркіх неглюбскіх калярововых посцілак, тканін, ручнікоў — фотаздымкі жанчын рознага ўзросту. Адпаведна — і адзенне на іх рознае. Прадстаўлены: касцюм дзяўчынкі (першая палова ХХ ст.), святочныя, — і будзённыя — дзявочы і жаночы касцюмы таго ж часу, вянчальны касцюм. У дзявочым і жаночым касцюмах Ірына Юр’еўна вызначае па тры асноўныя комплексы, згодна яе даследванням.
У неглюбскім строі любая жанчына, дзяўчына пераўтвараецца ў сапраўдную зорку, настолькі адзенне, бісерныя “гарлячкі”, бусы-занізкі ды іншыя дэталі адзення падкрэсліваюць дасканаласць, годнасць, прыгажосць. Фотамадэлі на здымках — нашы сучасніцы з Веткі і Гомеля. “Фотасэсія” адбывалася ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, у філіяле музея ў Гомелі.
З’яўленне набору паштовак яшчэ раз прадэманстравала багацце традыцыйнага беларускага касцюма, а таксама — багацце, унікальнасць калекцыі “народнае адзенне”, якая захоўваецца ў Веткаўскім музеі. Касцюмы, у якія былі апрануты дзяўчаты і жанчыны, захоўваюцца ў яго фондах. Відаць, падчас працы над наборам паштовак гэтая акалічнасць засталася па-за ўвагай стваральнікаў.
“Красівей німа карагодаў неглюбскіх”, “Стараліся смашна не есць, а надзецца”, “Баба ідзе, як пава”… У гэтых ды іншых словах неглюбчанак — гонар і любоў да сваіх блізкіх, родных, любоў і павага да сябе, Прыгажуняў.
Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.