У пошуках гаспадара

tkatskaya_fabrika
Шмат розных меркаванняў можна было пачуць за апошні год па пытанні будучыні закрытай веткаўскай ткацкай фабрыкі. Магчыма, яе канчатковы лёс вырашыць сённяшні аўкцыён з паніжэннем кошту. Як паведаміў дырэктар фабрыкі Генадзій Карпянок, мяркуецца, што гэта бу-дзе апошні з шэрагу падобных аўкцыёнаў, на якія неаднаразова выстаўлялася фабрыка:
— Калі і гэта мерапрыемства не дасць адказу, хто далей тут будзе гаспадаром будынкаў і тэрыторыі фабрыкі, то яе распрададуць часткамі. Продаж адбываецца без захавання напрамку дзейнасці: новыя гаспадары вольныя распараджацца набытым на свой густ.
Існаванне фабрыкі як падраздзялення “Рэчыцкага тэкстылю” было прызнана эканамічна нявыгадным, нерэнтабельным. Абсталяванне перададзена лоеўскаму філіялу, іншае спісана як маральна і тэхнічна зношанае. Хаця мне вядома, што такое ж абсталяванне працуе ў іншых гарадах, у Мінску, напрыклад. І аналагічнай прадукцыі той, што мы выпускалі, ніхто ў Беларусі не робіць.
Да канчатковага закрыцця на фабрыцы працуе 6 чалавек, якія забяспечаць перадачу ўсіх дакументаў і спраў.
Адкрытым застаецца і лёс самаго асноўнага будынка: паслярэвалюцыйнае збудаванне мае ўсе прыкметы вельмі рэдка захаванага прамысловага канструктывізму. Гэты архетыктурны стыль прадстаўлены ў Беларусі адзінкамі, і ўсе яны даўно маюць ахоўныя дошкі. У Гомелі ёсць некалькі прыкладаў грамадзянскага канструктывізму: Дом-камуна, два дамы на праспекце Леніна і на Савецкай. Ці пакіне новы гаспадар у некранутным выглядзе выдатна захаваныя аўтэнтычныя вокны, дзверы, славутую драўляную лесвіцу, на якой можна здымаць гістарычнае кіно? У верасні, напэўна, мы пачуем адказы.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.