Магія неглюбскіх ткачых

krosenzy
Мінулая субота песціла неглюбцаў не толькі выключным надвор’ем, але і неверагодным яркім дзействам, якое развярнулася на пляцоўцы каля сельскага цэнтра ткацтва. Карагод рознакаляровых фарбаў, чуллівых песень, што закраналі самыя глыбокія струны душы, узораў аматарскага рамяства, прадстаўленых гурткамі, што працуюць на базе сельскіх Дамоў культуры раёна, склаліся ў цэлае, утварыўшы гімн народнаму мастацтву, — раённы фестываль ткацтва “Кросенцы”.
krosenzy3
Неглюбскія ручнікі, выкананыя ткачыхамі на драўляных кроснах, вядомыя ва ўсім свеце. На міжнародных выставах у Нью-Йорку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Брусэлі яны адзначаны залатымі медалямі. Гэтымі ручнікамі ўпрыгожаны офіс прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а амерыканскі музей “Метрапалітэн” набыў неглюбскія ручнікі для сваёй калекцыі. 22 жніўня ўзоры народнага мастацтва ў Неглюбцы віталі народны фальклорны калектыў “Мяркулавіцкія вячоркі” Чачэрскага раёна, ансамбль гарманістаў “Кармянскія прымакі”, а таксама фальклорны калектыў “Атрада” Навазыбкаўскага раёна.
Традыцыйным для свята “Кросенцы” стала выступленне ўзорнага ансамбля “Задорынка”. Свяцілавіцкія дзяўчаты выканалі “Танец з ручнікамі”. У перапынках паміж вакальнымі нумарамі ў адрас захавальнікаў традыцыйнага мастацтва гучалі словы падзякі за іх працу па захаванні нацыянальнай культуры. Старшыня Савета дэпутатаў Веткаўскага раёна Віктар Масейкаў падчас адкрыцця фестывалю слушна заўважыў, што вырабы неглюбскіх майстрых насамрэч з’яўляюцца адметнасцю нашага раёна і здабыткамі ўсёй краіны. Цёплыя словы ў адрас ткачых шчыра падмацоўваліся падарункамі. Старшыня Неглюбскага сельсавета Рыгор Кулага і выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міхаіл Курылін адзначылі ўклад у захаванне нацыянальнай культуры Улляны Рыгораўны Суглоб, Соф’і Міхайлаўны Астапенка, Марыі Пятроўны Барсуковай, Улляны Рыгораўны Кавалёвай, Ганны Іванаўны Каржовай, Веры Мікітаўны Каржовай.
krosenzy1
krosenzy4
Прадугледзелі арганізатары свята і паказ-дефіле неглюбскага касцюма. Гледачам прадставілі традыцыйны неглюбскі жаночы касцюм, дзявочы калядны (для танцаў), падлеткавы, дзіцячы, а таксама мужчынскі ўборы. Людміла Кавалёва расказала аб кожным прадмеце ўбораў і асаблівасцях іх выкарыстання.
Акрамя багатай музычнай праграмы, гасцям свята былі прапанаваны і іншыя заняткі: няспешная прагулка ўздоўж рамесніцкіх радоў, якія размясціліся тут жа, у бярозавым гаі; агляд экспазіцый, прадстаўленых гурткамі ўстаноў культуры раёна (прычым некаторыя ўзоры рамяства можна было набыць). Для аматараў паесці быў накрыты спецыяльны дэгустацыйны стол. Торбачкі, сырнікі, блінцы, бульбяныя зразы з мясам і грыбамі, хатні сыр, цібрікі — узорамі беларускай кухні частавалі гаспадыні Веткаўшчыны. Напрыканцы свята лепшыя стравы адзначылі дыпломамі. Найбольш даспадобы камісіі прыйшліся торбачкі Людмілы Данілкінай з Янова, а таксама блінцы і сырнікі Святланы Парашчанка і Валянціны Сяргеевай. Не абышлі ўвагай члены журы і цібрікі Валянціны Шапаравай з Пыхані. Дарэчы, выстава работ гуртка “Умелыя рукі”, якім кіруе Валянціна Шапарава, прызнана самай зграбнай і прыгожай.
krosenzy2
Апошнім часам цікавасць да ткацтва праяўляюць не толькі дзяўчаты, але і хлапчукі. Прычым, як адзначае кіраўнік гуртка “Нітак” Людміла Кавалёва, юныя ткачы з большай адказнасцю і стараннасцю ставяцца да творчай працы. На стэндзе кожны жадаючы мог аддаць свой голас за адну з шасці сурвэтак, аўтарамі якіх з’яўляліся Аляксей Брухавецкі, Ігар Бахараў, Мікіта Шаршоў, Косця Кулікоў, Іван Гаўрыленка і Андрэй Усаў.
Набыць узоры неглюбскага ткацтва можна было тут жа: на адкрытым паветры працавала крама па продажу сурвэтак і ручнікоў.
Свята “Кросенцы” — чарговы запіс у летапісе неглюбскага ручніка. І дата 22 жніўня ў гэтым летапісанні будзе адзначана чырвоным чарнілам.
Ганна КОДАЛАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.