Як Варвара Грэцкая ўзвяла помнік адселенай вёсцы

Як Варвара Грэцкая ўзвяла помнік адселенай вёсцы

Амяльное — адзін са шматлікіх населеных пунктаў на Гомельшчыне, які пасля чарнобыльскай бяды 1986 года застаўся толькі ў памяці тых, хто там нарадзіўся. Між тым, носьбіты традыцый, продкі якіх на працягу стагоддзяў апрацоўвалі зямлю, спявалі песні, выхоўвалі дзяцей, адыходзяць у вечнасць… Так мы паступова страчваем сувязь з імі і спрадвечнымі законамі быцця, па якіх яны жылі.

“Самабытная народная культура пад пагрозай знікнення”, — гаворыць супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Генадзь Лапацін. Менавіта таму ён, калі пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай Варварай Грэцкай, палічыў неабходным занатаваць амаль што кожнае слова, якое пачуў за 10 гадоў стасункаў. Дарэчы, урэшце іх гутаркі ператварыліся ў кнігу, якая так і называецца: “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры” (Гомельскае выдавецтва “Барк”).
А магла б стаць партыйным дзеячам
— Кніга гэтая — самы лепшы падарунак у маім жыцці, — гаворыць 90-гадовая ўраджэнка пасёлка Амяльное, якая цяпер жыве ў Ветцы. — Я Генадзю ад душы ўсё, што ведала, расказала. Я пела, а ён усё запісваў… І кніга нарадзілася. Ён мяне паважаў, хадзіў, не грэбаваў…
Генадзь Лапацін правёў столькі сустрэч з Варварай Грэцкай, што і падлічыць зараз немагчыма. Урэшце, як кажуць абодва, яны сталі “сямейнікамі”.
— Так атрымалася, што мы з Варварай Аляксандраўнай спадабаліся адно аднаму з першага погляду. Напачатку штосьці запытаў, паразмаўляў, а потым кажу — можна я яшчэ прыйду? Яна кажа — прыходзь. І цяпер мы з ёй проста гутарым. Не як этнограф з інфармантам, а як добрыя сябры. Вельмі ўдзячны ёй і магу толькі шкадаваць, што я не сын гэтай цудоўнай бабулі. Гэта — школа жыцця. Тое, на чым спрадвеку трымалася беларуская сям’я. Тыя карані, якія цяпер ужо страчаны.
Між тым Генадзь занатаваў ад гэтай унікальнай вясковай жанчыны фактычна ўвесь фальклор Амяльнога. У аповедах Варвары Грэцкай, яе слушных думках, заўвагах і разважаннях сапраўды адлюстравана душа народа, яго калектыўная памяць.
Дарэчы, у сваёй кнізе этнограф беражліва захаваў дыялектныя асаблівасці маўлення Варвары Аляксандраўны, зразумела, яе гаворка адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы. Таму ў прыведзеных далей прыкладах — менавіта гэтыя асаблівасці маўлення. Гаворка Варвары Грэцкай выразна перадае строй яе думак, душэўны стан, індывідуальнасць светаўспрымання, шчырасць і непаўторнасць інтанацый.
Гэтая жанчына заставалася жыць у родных мясцінах ад нараджэння і да таго часу, пакуль у Амяльным яшчэ былі людзі. Пакідала родную вёску апошняй, пасля адсялення адтуль літаральна ўсіх. Між тым лёс яе мог скласціся зусім па-іншаму, калі б у маладосці паслухала сяброўку:
— Калісь, яшчэ ў юнацтве, Сняжкова Нінка (зямлячка Варвары Аляксандраўны, яе аднагодка, у будучым партыйны і дзяржаўны дзеяч, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР) усё казала: “Давай! Я табе памагу. Пайдзём са мной вучыцца”. Я ў маткі папытала. Яна мне: “Едзь! У Нінкі матка ё, да і здаровая. Ідзіця, разыходзьцеся, а мы з бабай будзім падыхаць”. Ні пусціла…
Варвара Аляксандраўна не па чутках ведала як жаночую, так і мужчынскую працу. Умела прасці, ткаць, шыць, вышываць, цяслярыць, плесці з лазы… Калі сям’я засталася без бацькі, жанчына ўзяла на сябе самыя што ні на ёсць мужчынскія абавязкі. Пры гэтым, гаворыць, бацька для яе заўсёды быў прыкладам сапраўднага мужчыны:
— Бацька ўсё ўмеў мужчынская… У яго былі і напільнікі, і рубанкі, і фуганкі… Сам і рубіў хату… Нада залапіць штаны — ён садзіцца, сабе штаны залапя…
З патрэбнай песняй па жыцці
У доме Грэцкіх заўсёды спявалі. І разам з тым дзетак, нават самых маленькіх, вучылі, што кожнай песні ёсць сваё пэўнае месца ў прасторы года. Катэгарычна было забаронена ў народнай традыцыі спяваць тое, што не адпавядала календару — каб бяду не наклікаць. Бо любая каляндарная песня ёсць размова з боствам.
— Недарма нашы продкі казалі: што ў народзе — тое ў прыродзе, — удакладняе Генадзь Лапацін.
— Не тое спяваем — не тое і атрымліваем. Песню нельга пераносіць праз мяжу. Боства рэагуе на тэкст. Калі спяваем нешта не тое — яно будзе перашкаджаць нам. Таму і маленькай Варвары бабуля казала: “Не спявай песню несвоечасова — ёй балець будзе”. Для больш дарослай знаходзіліся іншыя аргументы: “Во ўжо бязбожніца. Калі папала якія пяеш… Людзі смяяцца будуць”. А калі рабіць усё, як патрэбна, — можна кіраваць прыродай. Менавіта такім чынам нашы продкі, напрыклад, выклікалі дождж. Між тым, на прыкла-дзе традыцый сям’і выпрацоўвалася дзяржаўнае мысленне вясковых жыхароў. Яна так і кажа: сям’я — гэта невялічкая дзяржава. Цікава, што Варвара Аляксандраўна, працягваючы гэту тэму, звяртаецца да прыкладаў Леніна, Сталіна, Фідэля Кастра, Маргарэт Тэтчэр, Гарбачова, Машэрава ды іншых. І пры гэтым яна зусім беспраблемна супастаўляе вясковае мінулае з самымі апошнімі падзеямі сусветнага маштабу. Гаворыць: “Маткі дзяцей кідаюць, а ён (Гарбачоў) страну такую кінуў. Такую магучаю — Савецкі Саюз. Таво шта дурачок — мечаная галава. Страна, як сям’я бальшая. А ён хляпнуў, да пайшоў”.
Сусвет у прыкметах
Энцыклапедыя жыцця беларускай вёскі Амяльное — гэта не толькі песні каляндарнага і сямейна-бытавога цыклаў, але звычаі і абрады, забароны, легенды, прыкметы, павер’і… З іх можна даведацца пра ўклад і маральныя асновы быцця, уяўленні пра жывёльны і раслінны свет, міфалогію… А па вялікім рахунку — гэта карціна сусвету ва ўяўленнях беларусаў. Вось самыя цікавыя ад Варвары Грэцкай.
“Свадзьбу цяперь у адном месці гуляюць, ці ў рэстарані, а тады жаніх — ты прыглашаеш свой род, а нявеста сабе. Гуляяць у жаніха — свой род, у нявесты — свой, а тады ужо, нагуляюцца, сабіраюцца за маладой: “Паедзімця за маладой!” Запрягаяць коней, садзяцца на воз і едуць за маладой. Стаіць маладая, пяюць свадзьбашныя песні, выкупляіць. А тады ўжо палаценцам забірая нявесту і выводзя, кругом стала абойдзя тры раза, на воз садзяцца, іконай благаслаўляюць… А ў цэрькву да свадзьбы”.
Паводле ўяўленняў, якія існавалі ў нашых вёсках, будучыня дзіцяці закладалася яшчэ да яго нараджэння. Таму існавала шмат правілаў паводзін цяжарнай жанчыны. Гэтаму вучылі будучых маці, прынамсі, маці — дачок, а бабулі — унучак. Свае сакрэты былі і ў бабулі Варвары Аляксандраўны, якая зрабіла на яе выхаванне вельмі значны ўплыў:
— Усё казалі: “Гарэлкі піць нельзя!” — дзіцёнак будзя п’яніца. І ў нас п’яніц не было. І яшчэ: “С подала нельзя есць, патаму шта папрасімка дзіцёнак будзя”.
Лічылася, што перш за ўсё чалавеку павінна пашанцаваць нарадзіцца ў добрай сям’і. Варвара Аляксандраўна, не абцяжараная ведамі пра генетыку, прыводзіць прыклады, у якіх на першы план выступае менавіта спадчыннасць. Прычым яна можа адбіцца праз некалькі пакаленняў:
— Ад харошага целяша, дак і трэска хараша… А як плахі… Ён і здохня, дак пакаленіе астанецца чарцінае.
Адкуль бяруцца дзеці — на гэты конт было і такое тлумачэнне для малых:
— Крычыць баба: “У трэсках найшла! Палядзіце-ка! Пайшла: ляжыць дзіцёначык, унясла”. Я, ужо, пайду к Крыўцовым, гаварю: “Цётка! У нас ужо дзіцёначык ё”. — “Ну, і слава Богу”. — “Баба пашла трэсак уносіць, а ён у трэсках ліжаў”. Яна: “Ну, бывая: то ў капусці, то ў трэсках, то дзе ў мішку — куды Бог укіня”.
Баба мая кажа: “Унучачка, ты даўжна быць шчаслівая. Ты ў сарочцы радзілась. Ты паляжала ў пялёнках, увярцелі, палядзім — мордачка не такая. Пачалі аблупліваць, аблупілася сарочачка і з ручак, і з ножак, такая тоненькая, як плевачка. Дак ты ў сарочцы радзілась”.
Сям’я вучыла спачуванню і павазе да тых, каму больш цяжка прыходзіцца. Варвара Аляксандраўна расказвае, як яны рыхтаваліся да Вялікадня, як яйкі гатавалі не толькі для сваіх, але і для тых, у каго іх няма:
— Баба і кажа: “Полячка, нада дзісятак, вот сіряты дзеці, німа ні бацькі, ні маткі, нада і ім аднесць”. Бацька наш калісь казаў: “Сам не даеш, но сіратаў пакармі”.
Дарэчы, Вялікдзень у сэрцы і традыцыях беларусаў заставаўся галоўным святам — ня-гледзячы на ўсе забароны эпохі агрэсіўнага атэізму:
— Мы знаім ужо, што будуць учацялі ругацца, што крашаныя яйцы нясеш. Учыцілка: “Хто з яйцамы прышоў?” Ну, усі ж маўчаць. Хлопцы хітрыя, схаваюць у калошы, завяжаць аборкай унізу, а мы куды схаваім? Яна ў сумках паглядзіць: “Січас жа ідзі выкінь! Рылігіі папрыносілі сюда!”. А ціпер, во, бачыш, век міняіцца.
Расказваючы пра Амяльное і яго звычаі, нельга абысці абрад “Страла”, які там захоўваўся на працягу стагоддзяў. “Ваджэнне “стралы” — гэта рытуальнае шэсце жанчын. Яны хадзілі па вуліцах вёскі і выконвалі песню: “Як ішла стряла да ўздоўж сяла…” і ў пэўных месцах (на скрыжаваннях, на краі вёскі) вадзілі “карагоды”. Асноўныя падзеі адбываліся на свята Ушэсця. У гэты дзень жанчыны ў суправаджэнні “ражаных” апошні раз праходзілі па вуліцах вёскі з веснавымі песнямі, выходзілі ў жытняе поле, дзе паміж парасткамі жыта “стрялу хавалі”. Гэта значыць, закопвалі ў зямлю брошкі, завушніцы, манеткі, грабеньчыкі ды іншае. “Штоб лён рос”, “штоб пажара не было”, “штоб урадзіла, і штоб дожч не мясіў” — так растлумачвалі сэнс старажытнага абраду.
— Дарэчы, у 1991 годзе Варвара Грэцкая была апошняй, хто правёў яго ў сваёй вёсцы на Ушэсце, — адзначае фалькларыст Генадзь Лапацін. — Разам яшчэ з адной бабулькай яны разышліся ў розныя канцы вёскі. Потым пайшлі насустрач, сустрэліся, паспявалі, закапалі ў жыце стралу. Сама яна пра гэты абрад расказвае вельмі маляўніча.
— На “Стрялу” старыя бабы дажы і смярцёная надзявалі, штоб ужо прыбрацца красіва. Як стрялу водзяць, “вой лі, вой люлі” скрозь пяюць.
У кніжцы ёсць шмат прыкладаў “дзіцячага фальклору” ад Варвары Грэцкай. Гэта не толькі калыханкі, загадкі і пацешкі, але і лічылкі, дражнілкі, гульні. Апошнія сучаснаму пакаленню, якое жыве “ў віртуале”, бадай, зусім незнаёмыя. Ну, напрыклад — клёк. Вось як у яго гулялі:
— Для гульні бяруць дзве кароценькія палачкі і адну длінную. Адна кароценькая кладзецца на зямлю, а другая (“клёк”) — упоперак яе, такім чынам, каб адзін яго край упіраўся ў зямлю, а другі быў крышачку прыпаднятым. Той, хто водзіць, дліннай палкай б’е па прыпаднятаму краю такім чынам, каб “клёк” узляцеў уверх. Астатнія гульцы стараюцца яго злавіць. Калі ніхто ні спаймаў, у другі раз вадзі, пакуль хто-нібудзь спаймая другі.
Сакрэт запатрабаванасці
Генадзь Лапацін падкрэслівае, што лёс Варвары Грэцкай — прыклад таго, як творчая асоба здольна рэалізавацца ў асобна ўзятым калектыве носьбітаў традыцыйнай культуры. Жанчыну ў ім усведамлялі “пясённіцай”.
— Дзякуючы песням яна стала асобай. Не менш цікавымі, чым яе этнаграфічна-фальклорныя веды, падаюцца яе рэплікі, аповеды, разважанні пра абрады, звычаі. Яе рэпертуар уключае практычна ўвесь комплекс тэкстаў традыцыйнай культуры Амяльнога, і яе духоўныя інтарэсы супадаюць з яе асноўнымі заняткамі. Можа, і па гэтай прычыне жанчына была заўсёды, у любым узросце запатрабаванай.
— Міне не міналі, — кажа сама Варвара Аляксандраўна. — “Варька, хадзем на свадзьбу! Хоць будзіш пець да весяліць свадзьбу!” Ё такія бабы ў нас, прыдуць, і з-за стала не вылазяць, сядзяць, толькі ядуць. Сядзяць, як на похаранах. Нада, штоб свадзьба як свадзьба.
Гісторыя ўсёй Беларусі кардынальна змянілася ў 1986 годзе. Лёс асобнай жанчыны з адселенай і закапанай вёскі ў Веткаўскім раёне — толькі адзін з тысяч. І, відаць, тут нельга сказаць — падобных. Бо ў кожнага засталіся свае балючыя ўспаміны пра малую радзіму, дзе кожны куток — родны. Сваёй роднай вёсцы Амяльное Варвара Грэцкая неўзабаве паставіла помнік. Менавіта так можна назваць тэксты, сабраныя ў кніжку Генадзем Лапаціным. Сёлета неюбілейны год сумнай чарнобыльскай даты, але ж вось такі своеасаблівы помнік на Гомельшчыне з’явіўся. Дзякуючы яму нехта даведаецца крыху больш пра Беларусь і сапраўдных беларусаў.
Ірына Асташкевіч, «Звязда».

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.