І гэтыя ўспаміны нават і зараз маё сэрца саграваюць

Каляды доўжацца з 7 па 19 студзеня. І калісьці гэта быў адзін з самых прыгожых і цікавых перыядаў календара. Такое ўраджанне ўзнікае пад час размоў з жанчынамі веткаўскіх вёсак. У жыцці кожнай з іх былі свае Каляды. Адметныя і непаўторныя. Ім падабаецца ўспамінаць пра іх. “І гэтыя ўспаміны, — як вызначала адна з маіх субяседніц Зінаіда Міхайлаўна Ганчарова, — нават і зараз маё сэрца саграваюць”.

“То, шта мы прышлі да тога гаспадара, для яго была вялікая пашана…”
Былая жыхарка пасёлка Лазараў Яноўскага сельсавета Зінаіда Міхайлаўна Ганчарова, 1955 г. н, якая зараз жыве ў Гомелі, распавядае:

“Гэта так цікава было… Мы так чакалі гэтага таямнічага вечара. Дамаўляліся, куды пойдзім, да каго, чый двор мінём. Куды зайдзім, каму пра каго будзім спяваць. І шмат ведалі. Але я ўжо нешта забылася. Адно магу ўзгадаць. Вось мы спявалі так:

У полі даляко стаяў дуб высако,
Святы вечар добрым людзям!
А туды ішоў Ванячка
(называлі імя хлопчыка) з ружжом,
Святы вечар добрым людзям!
Хацеў арла ўбіць, хацеў загубіць,
Святы вечар добрым людзям!
Ты не бі арла, а ідзі да цара,
Святы вечар добрым людзям!
Цар табе дасць варанога каня,
Святы вечар добрым людзям!”

Гэта былі часы, калі забаранялі іконы трымаць. Бацька з маці, памятаю, сварыліся… Бацька быў камуніст, а матка да Бога хінулася… І якія сваркі былі… Хадзілі парційныя работнікі і глядзелі: калі ікона ў хаці, гэта былі вялікія непрыемнасці. Але маці ўсё-такі ікону ў хаці трымала. Гэта былі сямідзесятыя гады. І калі б даведаліся ў школі, што мы хадзілі па дварах, нас частавалі: давалі нейкая сала, давалі цукеркі, хто грушы сушаныя, бліны… Мы, дзеці, былі вельмі рады… І дабрыню гэтых гаспадароў на сябе адчувалі… Іхні характар, адносіны да ўсяго да гэтага… Але ў школе каб ня ведалі. Стараліся гэта рабіць ціхінька, каб ніхто не пачуў і ў школі класнаму кіраўніку не расказалі. Некалькі гадоў была, што мы нават зусім не хадзілі. А жанчыны: “Дзетачкі, ну, што гэта такоя? Такі вечар, такая прыгажосць, а нават гуку німа, песен над вёскай ні чуваць. Мы нікому ні скажым, прыдзіця хоць ка мне”. Тая кажа: “Ка мне прыдзіця. Гэта ж нашы маткі так рабілі, нашы продкі. Мы ўжо да гэтага прызвычаілі-ся. Прыходзьця, мы нікому ні будзім казаць”. І мы ўжэ хадзілі да тых людзей і нешта ўжэ спявалі. Дамаўляліся: “У тым дварэ будзім тую пець песенку. Там будзім гаспадыню віншаваць. Там будзім дзяцей успамінаць”. І гэта была вельмі цікава… Так таямніча, загадкава так была. І гэтыя ўспаміны нават і зараз маё сэрца саграваюць. І хацелась, каб гэта заўсёды было. У міня нядаўна ўнук пайшоў у школу, я з ім таксама ў тую зіму хадзіла. І нават малявала яму нейкія вусы, загадзя разучывалі гэтыя песенкі. І яму было цікава. І было прыемна, што сустракалі ў пад’ездах шматпавярховых дамоў іншых калядоўшчыкаў. Было прыемна, што гэта традыцыя жывая, што нейкія нашы карані, нашы вытокі захаваліся.

Каб хлеб радзіў, каб прыплод быў… Яны ў гэта па-сапраўднаму верылі… Што гэта як магічнае ўздеянне будучым іх ураджаям, будучым іх багаццям. Усё-такі яны спадзяваліся, што гэта як бы якая малітва да нябёс… І яна будзя пачута. І тое, што яны далі нам нешта сваё, тое, што ім Бог даў, падзяляліся з намі, ім назад верніцца ў некалькі разоў”.

Вы сказалі, што вырашалі: “да каго зайдзім, каго прапусцім”?

“Прапускалі… У каго сабакі злыя. Гэта значыць у гаспадара харакцір такі… Хто пакрыўдзіў калі-небудзь. Гэта да каго мы прышлі, мы зрабілі пашану, мы яго славім, мы яго велічаім. А калі нейкія людзі нам не даспадобы, гэта было за абразу для іх, што мы мінулі яго дом… І спадзяваліся на тое, што ён ужо адмоўныя рысы харакціра пераменіць. То, шта мы прышлі да тога гаспадара, для яго была вялікая пашана. Абмінуць двор — гэта была ганьба. Мы дзіцячым розумам так выказывалі сваі адносіны да якіх-та з’яў, якія ў грамадстве існавалі”.

Колькі вам было тады гадоў?

“Можа, у пяты клас у які хадзілі. Можа, трошкі большыя”.

Вы сказалі, што вырашалі, каму што “будзіця спяваць”: гаспадару, гаспадыні…

“Каму пра сына, каму пра дачку, каму пра каня… Якая ў сям’е была фішка… Пра гаспадара было нешта такоя, пра што ён ганарыўся… І мы таксама абмірковывалі: “Гэтаму давай тую спяём… Тому — тоя спадабаіцца… Тому — гэта… Яго самалюбія пацешыць…” Таму шта песні пелі кожнаму гаспадару розныя… Быў цэлы набор песен, на рознаю тэматыку…”

“Эта малітва, толькі ў песні пелі…”
Распавядае жыхарка п. Залаты Рог Вольга Цімафееўна Лук’яненка, 1933 г. н., родам з в. Міхалёўка Кармянскага раёна. Замужам была ў в. Дубавіцы таксама Кармянскага раёна. У Залаты Рог пераехала ў 1986 г. пасля аварыі на ЧАЭС:

“Ідуць каляды. Эта пад стары Новы год вадзілі мы… Паву дзелалі. Бумагу красілі сіняй і красной краской… Дзелалі такі абруч… Эта была пава. А павук надзіваў шапку, хоць і жэншчына… Разукрашывался сажай… Штоб ні ўзналі. Хадзілі па хаці… Жылалі маладым… Еслі дзевушка, каб замуж вышла, еслі хлопіц у той хаці ё ніжынаты, жылалі яму, штоб жаніўся. Жалалі ўсяго харошага… Шчасця, благапалучыя, далгалеція. Вот такей у нас быў абычай. Эта мы самі, дзевачкі, с пітнаццаці гадоў і пака замуж вышлі, мы хадзілі па хатах. Нам дарылі хто што. Грошы давалі, гасцінца якога дарылі за песню. Гурток пеў, а пава бегала с павуком наўстрэчу адзін аднаму пад етыя песні.

Пава-пава па двару літала,
Па двару літала, пер’я збірала.
Пер’я збірала, у рукавок уклала.
Галі (імя якоя) гатавала.

І жылалі, штоб замуж вышла. Саўсім малыя дзеткі ў нас ні бегалі. Ета ціперь. У нас па пітнаццаць гадоў, па васімнаццаць. Хадзілі па дзірэўнях па чужых, но не па ўсіх, а дзе знакомыя… Па сваёй дзярэўні па ўсёй, па Міхалёўцы бегалі”.

Пава і павук бегалі па хаце?

“Пава бягіць туды, а павук сюды. Співая тожы песні. Дзевушак у нас сколькі збярэцца, дзевяць, дзесяць. Еты гурток пяе, а мы бегім і тожэ песню… Мы ўбраны, каб ні ўгадалі, павук, напрымер, то сажай ліцо вымажа, то бровы якія навядзе сабе… А пава ў лентах, у бумагі…”

А на сябе што яна апранала?

“На сібе адзёжу, у каторай старухі хадзілі, но ні плахую, а празнічнаю, ні сваё плацце. Павук тожэ надзеня якія нарошна… Каб сміяліся… Нацягне на сібе палушубак які…”

Павуку свая песня была?

“Не. Павук і пава, і ўвесь гурток адну песню. У адной хаці адну паём, другую ў другой.

***
Зара ясная сіяла,
Двор паздраўляла.
Мы туда прыхадзілі,
Дабро прынасілі,
Жылаім Олі (ці Тані)
Счасця, любві і дабраты.

І жылаім, штоб высватавалі ў етам гаду дзявіцу.

***
Ня сядзі хлопчык, ні зявай,
Ідзі дзевачку выбірай.
Якая наравіцца, правадзі,
Благаславенія прасі,
І дзень назначай,
І свадзьбу гуляй,
І счаслівы бывай.

Вот на Ражаство на первы дзень мы такую пелі песню:

Прачыстая Маць
Сына парадзіла,
Звізда ясная сіяла,
Тром волхвам пуць паказала.
Тры волхвы прыхадзілі,
Ісусу Хрысту дар прынасілі.
На каленях прыпадалі,
За Хрыста велічалі.

Пелі песню. Тады нам тож дарылі. Як малітва. Но мы яе прапявалі. Паздраўлялі з днём раждзенія Ісуса Хрыста іх. Эта малітва, толькі ў песні пелі…”

“Тады весела было жыць, добра жыць…”
У Гомелі жыве Лапіцкая Зінаіда Якаўлеўна, 1926 г. н. Як распавядае пра сябе яна сама:

“Я радзілася ў Гарыстах і жыла да высялення. А нас тады высялілі. Мы ў дзевяностам гаду, восімдзесят дзівятым мы ў дзекабрэ прыехалі ў Гоміль. Шчодры… На шчодры Хадзілі… Ціпера-ка гаворяць: “Дайця грошы, дайця руб, дайця два, штоб да Масквы даехаць…” А мы пелі так:

“Я ду-ду, я ду-ду,
Сядзіць голуб на дубу.
І ў дудачку іграя,
Хрыста забаўляя.
А вы, людзі, знайця,
Па капейцы дайця.
Ні капейка, дак пятак,
Не пайду дамоў я так”.

Еслі дадуць нам капейку, мы крычым: “Спасіба! З Новым годам вас!” А еслі ні дадуць, мы крычым:

“Вароты скрыпяць,
Вятры дуяць,
А ў етым двары
Чэрці начуяць”.

Гэта малыя дзеткі… А дарослыя?

“Бальшыя мы перадзявалісь, я работала даяркай… Падоім кароў, а тады прыдзім дамоў, полушубкі павыварачываім на леваю старану шэрсцю, і на дзівані якія пакрывалы есць, пананадзіваім… Ляльку такую бальшую іздзелаім… Гарманіст ці ўмея іграць, гармонь цягая, а мы танцуім. І адзін раз прышлося… На нашым гародзі дзірэктар жыў Эдуард Сямёнавіч. Мы прышлі, пастукалісь. Яны адчынілі нам. Мы так ужо і плясалі на ўсю… Па ўсіх трох комнатах панадзелывалі… І пелі мы яму:

“Святы вечар добрым людзям!
А вы, людзі, знайця,
Нас, шчодрыкаў, не забывайця….

***
Ай рана-рана Іванька ўстаў,
Па дварэ пахадзіў,
Братцаў пабудзіў:
“Братцы, уставайця,
На вайну ступайця.
На вайну ступайця,
Тапары бярыця.
Тапары бярыця, Дубы сячыця.
Дубы сячыця,
Масты масціця.
Масты масціця,
Па етых масточках
Будзя іцці тры святочкі.
Первы святочык —
Святоя Ражаство,
Утары святочык —
Новы год.
А трэцці святочык —
Святоя Крашчэння.
Святы вечар добрым людзям!”

Нам тады дзірэктар даў бутылку водкі, кусок бальшы сала, булку хлеба і дзесяць рублей грошай. І гаворя: “Прыходця, дзевачкі, на следушчы год”.

Колькі вам гадоў тады было?

“Мне січас па Божжаму закону восімдзесят сем. Адкіньця гадоў трыццаць. Вот была гадоў сорак сем-сорак пяць”. У такім узросце хадзілі пець? “Старшыя людзі хадзілі… Тады весела было жыць, добра жыць… Божа мой! Як я ўспомню, старыя прышлі к нам. К бацьку к нашаму старыя прышлі, саўсім ім была гадоў па семдзісят. У парозі патупалі, словы пагаварылі-пагаварылі, бацька іх за стол… Пашлі ад нас… Матка наша ні хадзіла, ні любіла… “Якуб, пойдам ішчэ ў саседні дом”. Пашлі к Ігнасю, к Івану. Там яны ішчэ паспівалі…”

Генадзь ЛАПАЦІН.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.