У часе Вялікадня

Вялікдзень (Пасха) — вялікае старажытнае свята. У гэты дзень, як і твае продкі, ты стараешся па-асабліваму сустрэць узыход сонца, якое, — заўважаюць людзі,— танцуе ў небе дзеля гэтага дня. Ты радуешся цяплу і сонцу, разважаеш, што, калі і дзе пасеяць неўзабаве. Даўней гэта свята часцей, чым цяпер, называлі Вяліканнем.


Магчыма, у далёкія часы менавіта з Вялікадня мог пачынацца каляндарны год, — надзвычай устойлівымі як для мінулых пакаленняў, так і для сучаснікаў з’яўляюцца традыцыйныя ўяўленні пра святкаванне Вялікадня. Найперш — гэта свята абнаўлення, абуджэння жыцця. Інакш як растлумачыць, чаму менавіта “ў Чысты Чэцвер воран сваіх дзяцей купае”? Паводле аповеда, ён кідае варанят з нябёсаў на зямлю, пытаючыся ў кожнага:“Калі б ты мяне кідаў, ці ратаваў бы?” Гэты аповед добра ведаюць людзі старэйшага пакалення ў в. Неглюбка. Ці — чаму ў гэты дзень, Чысты Чацвер, трэба мазаць далоні хрэнам, каб цэлы год не бачыць змей? У міфалогіі многіх народаў менавіта чацвер прысвячаецца Сонцу. У нашы дні штогод, абавязкова ў чацвер, святкуюць Ваджэнне і Пахаванне Стралы (адначасова — Узнясенне Ісуса Хрыста).


З часам прыняцця хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрасення Ісуса Хрыста. Дзень правядзення Вялікадня залежыць ад месячнага календара: у праваслаўных ён святкуецца ў нядзелю пасля поўні, якая з’явіцца на небе пасля дня веснавога раўнадзенства, г.зн. паміж 4 красавіка і 8 траўня н.ст.


Да Вялікадня ўсе звычайна старанна рыхтуюцца, прыбіраюць дом, падворак, каб паўсюль было чыста і светла.


На Вялікдзень людзі нясуць асвячаць у царкву розныя стравы і, вядома, чырвоныя яйкі, сімвал уваскрасення. У некаторых мясцінах лічыцца: яйкі для асвячэння трэба трошкі аблупіць, каб лепш прайшла ў яго святасць. Калі асвечанае яйка прыносілі дахаты, апускалі яго ў ваду, каб ёй памыцца, качалі ім па шчочках, тварыку дзіцяці — усё дзеля таго, каб быць здаровым цэлы год. Адно велікоднае яйка кладуць за ікону ў Чырвоным Куце. Ёсць уяўленне: калі гэтае яйка кінуць у пажар — ён патухне.


Многія гаспадары і гаспадыні, якія жывуць у вёсках нашага раёна, захоўваюць шкарлупкі ад першага яйка, з’едзенага на Вялікдзень. Гэтыя шкарлупкі звычайна кідаюць у першую баразну, калі садзяць бульбу, каб яна вырасла добрая ды смачная. Шкарлупінне даюць курам, каб добра несліся. На Вялікдзень забараняецца біцца — з кім бы там ні было. Калі ж такое здараецца — трэба чакаць вялікага граду, небяспечнага для ўсіх пасеваў.


Падчас велікоднага тыдня ў царкве стаяць адчыненыя Царскія вароты. Відаць, па гэтай прычыне склалася наступнае перакананне: для чалавека, які памрэ ў гэты час, будуць адчыненыя дзверы ў рай, туды трапяць душы нават самых вялікіх грэшнікаў.


З другога дня Вялікадня пачынаюць вадзіць Стралу — абуджаць зямлю карагодамі, “стрэльнымі” песнямі. Таксама — чакаюць сустрэчы з Ісусам Хрыстом, Які, — так лічылі нашы продкі, — ходзіць у гэты час, да Узнясення, па нашай зямлі. З нябёсаў сыходзіць Ён да цябе, напэўна, яшчэ і таму, каб пабачыць, ці выконваеш ты Яго запаветы. Ніжэй друкуюцца аповеды, у якіх — традыцыйныя ўяўленні аб святкаванні Вялікадня, аб сустрэчы з Богам, запісаныя мной, Генадзем Лапаціным у вёсках Веткаўскага раёна, таксама — у в. Слабада Крупскага раёна Мінскай вобласці.


У першы дзень Пасхі


У нас, у Вялікіх Нямках, не хадзілі ў госьці на Пасху, закон быў такі. У першы дзень Пасхі дома ўсе былі. А на другі, на трэці дзень можна было йці.


Старыя людзі гаварылі, што выязджаць нельзя нікуды ў первы дзень Паскі.


На Паску булкі выпякалі. Мяса тушонае на стале далжно быць, — у нас так гаварылі. І тварог выціснуты, —на тарэлачку клалі яго, — должан быць на стале. Яйкі крашаныя клалі. С дзецтва ета ўсё помню. Стол, на якім яду накладаюць, нільзя ўбіраць да вечара. Нельзя пол падмятаць у еты дзень.


Разгаўляцца нада было ўсёй сям’ёй. За стол садзімся, бацька гаварыў: “Хрыстос васкрэс!”, а яму ўсе: “Ваісціну васкрэс!” (Запісана ў Ветцы, паводле В.А. Бавы).


Жыць з малітваю


Жыў Бог — жыва і душа. Што тыя пілюлькі? Ты з’ясі тую пілюльку, яна… пользы не было і ні будзя. Лучшэ стаць на каленкі да Богу памаліцца ад усея душы. Дык ета спасней будзя.


…Гасподзь праведных людзей любя і храніць іх, а такіх, каторыя ад Госпада Бога аткланілісь, тых ён дзяржыць на свеце: “Памучцесь яшчэ”, ну, а толку нікакога нет. Гасподзь любя справядлівую душу. Ты к Госпаду Богу хілішся, Гасподзь табе і даёць і днём, і ноччы, і ўсяк. Я лажусь спаць, я гавару: “Госпадзі, святы Ты Спасіцель, залаты Ты наш, родны, Бацька ты наш!” Святы Мікалай Чудатворац, святая Мацер Прачыстая!” Ну, дак мала, што мы просім Бога. А як жа Бог паверня ў другі бок, думая: “Што ж яны просяць, а каторыя не просяць? Як жа тым прашчаць?”


Гасподзь так сказаў: “Кінь хлеб-соль назад — ён табе ўсягда будзе на прысоле на тваём.” Кінь хлеб-соль назад, яна табе за справядлівасць, за твой труд усягды будзе… (Запісана ў в. Стаўбун, паводле Марозавай Марыі Лаўрэнаўны)


Аб справядлівасці


…Дом харошы быў у яго ў саду, пасека. К яму, кагда ўжэ ўрачы не дадуць рады зуб вырваць, самі ўрачы прыязджалі… і зубы рваць. Самародак… Так, гаворыць, мы утрам усталі (а ацец уставаў утрам раньшэ ўсех, умывался), і, кагда дзеці ўставалі (у іх было дзевяць дзяцей, у мамкінай сям’і), гаварыў: “Умывайцесь усе і станавіцесь, Богу маліцесь”. Так прынята было: нада сначала Богу памаліцца, а тагда дзелайце, што вам нада. І мы, гаворыць, толькі ўсталі утрам, дзьверы аткрылі, — а эта была на Паску, первы дзень Паскі, — ляжыць гарусачка новая, платочык. На платочку ляжаць яйцы крашаныя, у іх сваіх курэй не было куда дзяваць. І эта хто-та прынёс. Наверна, эта был подкладзень плахой. Ацец: “Не прытрагівайцесь!” Бяроць лапату, выкапываець на два штыка ямачку, усё туды зграбаець, платочык з яйцамі, паліваець. Кірасін раньшэ быў. Ложку кірасіну, спічку, — і ета ўсё зжыгаець. Бягіць саседка і крычыць: “Фрол Цімафеевіч! Што ты дзелаеш? Што ты дзелаеш?” Он угадаў іе, што эта ана здзелала. Ано загарэлась, і ў іе ў пячонках стала гарэць. Ана ужэ ня выдзержала сядзець дома. Прыбегла. А он гаворыць: “Я дзелаю! Хто здзелаў міне, так я агнём палю”. Эта ў Барбе мой дзедушка жыў. (Запісана ў Ветцы, паводле І.Я. Луневай).


Жыло тры мальцы


Жыло тры мальцы. А радзіцелі іх памерлі. Усё пражылі. Дажыліся: хата абвальваецца. У свет пайшлі. Насустрач ім — Бог. — “Куды йдзіцё?” —“Ідзём, каб дзе прыюціцца.” Гэты Бог: “Хадзіце, і я з вамі”. Ідуць. Даўней маёнткі былі ў багатых. Яны ж не робяць… Ідуць — дзеўка каля маёнтка сядзіць. Адзін з братоў уздыхнуў: “Эх, каб дзеўка к сабе ўзяла!” Бог і кажа: “Хадзем, зайдзім!”. Зайшлі, свадзьбу сыгралі. Бог яму й наказая: “Бога не забывай, а глаўнае — людзям не атказывай. Ён тады табе і аддасць”.


Ідуць далей. Стаіць вадзяная мельніца. І я знаю, бачыла. Вазілі туды муку. Абдзіраіш, намеліш — вадзяная мельніца. І там — тожа дзеўка сядзіць. І гэты жаніўся, і яму Бог так сказаў. І пайшоў з паследнім. Ідуць па сялу. А ў канцы — хатка дрэннінькая. Старуха з дачкой жыла. І гэтаму сказаў тое ж. І жыве гэты чалавек…


Бог сколькі там пабыў — пашоў праведываць, пачапляў торбы. Нішчым жа раней… і карзіначку на грудзях пачэпяць, што каб чым падарылі. І зайшоў Бог туды, дзе маёнтак. Выйшаў гэты брат: “Няма нам чым дарыць”. Сколькі ён там атыйшоўся — пайшоў маёнтак у воздух. Прыйшоў к брату другому, у каторага — мельніца. І там усё пайшло ў воздух. Прыйшоў к беднаму. Той і гавора на жонку: “Дай яму ў торбу, пакармі і пераадзень”. Жонка ўсё так і здзелала. Стала пераадзяваць, бача — у яго рана на грудзях: “А чым Вас лячыць?”


Бог так паглядзеў на іх: “А нічым рану не залечыце, толькі — папялком, што вот еслі хату вашу спаліць, так астаніцца”.


Так бедны на жонку: “Вынасі дзяцей! Мы чалавека спасём, залепім рану папялком”. Дзяцей вынеслі. Ён хату спаліў, гэтым папялком памазаў рану. Усё й зажыло. Бог так ат іх атыйшоў… Глядзяць — на тым месцы, дзе хатка стаяла, маёнтак паявіўся…


На Вялічка ў нас хадзілі: “Што, гаспадарок, ня гніся, за дары бярыся!” Так Бог і даваў ім — ета зваліся “валачэбнікі”. Хадзілі дзеці, ім давалі адно яечка….(Зап. у в. Слабада Крупскага раёна Мінскай вобласці. Паводле Ганны Суман).


Падрыхтавала Ларыса РАМАНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.