Поўні жоўтая свечка…
7 студзеня 1963 года на веткаўскай зямлі ў вёсцы Вялікія Нямкі нарадзіўся Эдуард Акулін. Паэт. Бард. Аўтар кніг паэзіі “Пяшчота ліўня”, “Крыло анёла”, “Рандо”, “Непрычалены човен”, “Вітражы”. Напярэдадні юбілею выйшлі кнігі “Малітва воч” і “Святая ноч”, у якую ўвайшла выбраная паэзія Эдуарда Акуліна. Аўтар песень, якія ўвайшлі ў магнітальбомы і кампактдыскі “Мая Крывія”, “Яна і Я”, “Напачатку была песня”, “Песні Залатой Крывіі”. Падарункі трэба рабіць своечасова. Але спадзяюся, што мой запознены падарунак не стане лішнім, паколькі ў ім пра адвечнае. Песні памятаюць тое, пра што не памятаюць іх выканаўцы. Нават самыя старыя і дасведчаныя жыхары веткаўскай вёскі Вялікія Нямкі не ведаюць, што калісьці іх вёска называлася Нямковічы. А песня, якую ў гэтай вёсцы спявалі на Каляды памятае пра гэта.< Го-го-го, каза! Го-го-го, серая! Ня йдзі ты туда, пад тыя сёлы, Пад тыя сёлы, пад Нямковічы. Там цябе ўб’юць, Шкурачку здзіруць. Тваю шкурачку — Шчэ й на шубачку. Твае капыткі — Шчэ й на чабаткі. А твой хвосцік — Шчэ й на дудачку. Дзе каза рогам — Там жыта стогам. Дзе каза нагой — Там жыта капой. Лезь, каза, на печ, Пакажы чапец, Лезь, каза, на пол, Пакажы хахол. З гэтай песняй мяне пазнаёміла жыхарка Вялікіх Нямкоў Вера Фёдараўна Кірушкіна. Спачатку падалося, што Нямковічы — проста спрошчаны жыхарамі вёскі для зручнасці ўжытку варыянт афіцыйнай назвы. А, на самой справе, атрымалася, што Нямковічы — спрадвечная назва Вялікіх Нямкоў. Як бясспрэчны факт гэта прыводзіцца ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, а В.М. Цемушаў у кнізе “Гомельская земля в конце ХV — первой половине ХVІ в. Территориальные трансформации в пограничном регионе” даказвае гэта праз развагі над геаграфічнымі мапамі. Не вызначаючы часу, калі гэта адбылося, народная легенда ўзнаўляе падзеі, у сувязі з якімі Нямковічы сталі Вялікімі Нямкамі і адначасова набылі сабе сястру — вёску Малыя Нямкі. Паводле гэтай легенды, у пана, які валодаў вёскай (Нямковічамі — Г.Л.) нарадзіліся дзве дачкі. І абедзве нямыя. Сёстры сварыліся паміж сабой з самага дзяцінства. Не памірыліся яны і калі сталі дарослымі. Гэта вельмі хвалявала і засмучала бацьку, і ён вырашаў іх раздзяліць. Для гэтага ён перавёз адну з іх на другі бераг Бесядзі, дзе для яе заснавалі вёску, якая цяпер носіць назву Малыя Нямкі. Другая сястра засталася ў вёсцы, якая вызначаецца як Вялікія Нямкі. Думаю: “З якіх глыбінь часу дайшла да нас гэтая песня, калі ўлічваць, наколькі адметна ў Вялікіх Нямках ставяцца да продкаў?” І сапраўды, такой ступені павагі да сваіх “радзіцеляў”, як у Вялікіх Нямках, я не сустракаў ні ў аднай вёсцы. Гэта я зразумеў, вывучаючы абрад “Свяча” — знакавы для большасці беларускіх вёсак Веткаўшчыны. Узнікае “Свяча” на тэрыторыі Беларусі, а таксама на Украіне (пераважна — левабярэжнае Палессе) ў ХV ст. Да нашагу часу абрад захаваўся на Гомельшчыне, Міншчыне і Магілёўшчыне, Смаленшчыне і Браншыне. Заўважу, што ў Вялікіх Нямках, як і большасці вёсак Гомельшчыны, “Свячой” называюць як абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці, увасобленыя ў абраз з выявай святога апекуна вёскі (у Вялікіх Нямках гэта “Пакрава”) і свечкі ў вялікім падсвечніку, апранутых у спецыяльна пашытае для іх адзенне. Паводле абраду, абраз і свечка год знаходзяцца ў адным доме, а потым у дзень памяці святога апякуна вёскі пераносяцца ў другі. Увечары напярэдадні пераносу ў старых гаспадароў адбываюцца набажэнства і сумесная вячэра. Назаўтра, пасля пераносу, ужо ў новым доме адбываецца набажэнства і “абед”, у якім прымаюць удзел усе ўдзелькі абрада. У Вялікіх Нямках на сумесную трапезу запрашаюцца памерлыя родзічы. На пытанне, якія стравы ўжываюцца на “Свячы”, Вера Кірушкіна адказала: “Цёпленькія. Штоб пара была. Радзіцеляў гукаім: “Чэсныя радзіцелі, хадзіця, будзіця вячэряць!” Цёплінькія, таму шта, паводле народных уяўленняў, нябожчыкі харчуюцца парай”. Агонь свечкі, прысвечаны святому апекуну вёскі — хысціянізаваны рэлікт вогнішча і хатняга агменю, якія належалі асобным роду, сям’і. Нашы далёкія продкі, збіраючыся вакол гэтага вогнішча, вырашалі свае самыя надзённыя і вызначальныя пытанні. Такім жа чынам “Свяча” збірае каля сябе вёску, вуліцу, асобны край вёскі. І ў Вялікіх Нямках гэта сапраўды вялікая нарада з удзелам і тых, хто ўжо даўно пакінуў гэты свет, але нябачна знаходзіцца побач з намі. Узгадаўся верш “Непрычалены човен” майго сябра паэта Эдуарда Акуліна. Ліс, што мкнецца па сьледзе. Кроў, што б’ецца у скронь, Непрыручаны вецер. Нехрышчоны агонь. Поўні жоўтая сьвечка. Дух заюшаны ў комін. Незавершаны вечар. Непрычалены човен. Падумалася, а ці не ёсць гэта тое самае падсвядомае, што на нейкім міфалагічным узроўні захоўваецца ў нашых душах, нашым светаадчуванні. Інакш адкуль у Эдуарда Акуліна, які нарадзіўся ў Вялікіх Нямках, узнік верш з такім непрытоеным імкненнем да коміна, да свечкі. Ну, не ведаў жа ён ні пра адметнасці вяліканямкоўскай “Свячы”, ні пра карані абраду, якія звязваюць яго з вогнішчам, агменем, комінам. З чаго я пачаў? З песні, якая, як старажытны скарб, захавала ў сябе таямніцу мінулага. Гэты верш роўны гэтай песні. У ім таксама ёсць таямніца мінулага. І ён узнік, каб захаваць яе. “Нехрышчоны агонь…” — вогнішча, вакол якога збіраліся нашы продкі, вырашаючы самае надзённае. “Дух заюшаны ў комін…” Агмень, комін, печка ў народнай культуры — увасабленне продкаў, якія нібыта нас апякаюць. “Поўні жоўтая сьвечка…” Свечка — увасабленне святога апекуна альбо апякункі. У Вялікіх Нямках — Мацер Божая Пакровіца. У вершы амаль няма дзеясловаў. Толькі ў двух першых радках. Прычым яны пазначаюць дзеянне непарыўнае. Назоўнікі статычныя, як адвечныя каштоўнасці. Паэт Эдуард Акулін для вяліканямкоўцаў — асоба занакавая. Вера Фёдараўна Кірушкіна адзначае: “Эдзік піша кнігі. Дажэ падарыў каму-та нашым кніжку якуюсь-та. Дак чыталі, мне прывожылі яго пісанія. Ён пра ўсі Нямкі панапісываў, хто як жыве, якая сімья, якія дзеці. Такія харошыя гаразда. Мы чыталі, казалі: “Во, Эдзік! Башкавіты хлопец. Граматны гаразда”. Атрымоўваецца, што сапраўды пра ўсіх і тых, хто быў, і тых, хто ёсць, і як запавет для тых, хто прыйдзе. Аднойчы вобраз узнаўляецца вобразам. Вобраз — гэта Святое. Менавіта так атрымалася і ў мяне пасля верша майго сябра. и будет челн причаливший к истокам и для того вернемся мы назад чтобы прологом а не эпилогом родных небес услышать голоса и одобряя то что совершить нам удалось уже в судьбе однажды благословляют повторить пути нас предки наши Усё атрымалася само сабой. Але цяпер я разумею, што мой верш проста не мог не прывесці мяне да радкоў: благословляют повторить пути нас предки наши І сапраўды, жыццё паўтараецца. Яно ставіць перад намі праблемы і пытанні, стварае сітуацыі, аналагічныя тым, што паўставалі перад нашымі продкамі. Продкі вучаць нас жыць на сваёй зямлі так, каб не нашкодзіць сабе і сваім блізкім. >Генадзь ЛАПАЦІН.