Жыццёвыя шляхі Арышы

Жыццёвыя шляхі Арышы
Наш Хальч… Старыжытнае мястэчка… Колькі пра яго напісана і расказана. Цяжка пералічыць! Упершыню як вёска наш Хальч упамінаецца ў XIV стагоддзі. І за гэты час наша родная вёска падаравала Бацькаўшчыне сотні, а, мо, тысячы цудоўных жанчын: простых, звычайных і разам з тым прыгожых ды непаўторных. І сёння гаворка пойдзе пра адну з іх — Арышу Тарасаўну Космыкаву (Маргунову).
Яе жыццёвыя шляхі, яе каханне і пакуты звязаліся ў адзіны ланцужок, кожнае звяно якога — пэўны адрэзак шчасця і слёз, роспачы і радасці, працы і святаў…
Арыша была другім дзіцём у сям’і Тараса Маргунова і Арыны Жаўтаногінай. Нарадзілася яна ў 1923 годзе, апроч яе былі яшчэ старэйшы брат Іван ды дзве малодшыя сястры — Маня з Нюрай. Род Маргуновых — адзін са старэйшых і паважаных у мястэчку. Яго карані губляюцца недзе аж у 16 стагоддзі. У Хальчы было некалькі адгаліненняў гэтага роду. Маргуновы вылучаліся сярод іншых не толькі сваёй дабразычлівасцю, працавітасцю, але і ростам. Так-так, яны былі самыя высокія ў мястэчку. Напрыклад, стрыечны брат Тараса, Міхал, быў вышынёй 2 метры 15 сантыметраў, а ягоная сястра Марыя — больш за два метры. Ды і іхнія дзеці былі амаль усе двухмятровыя.
У 1920-1930-х гадах Тарас узначальваў мясцовую рыбалавецкую арцель. Тады ў Сожы вадзілася шмат рыбы — лавілі пудовых самоў ды судакоў. Гэта цяпер рака абмялела і яе можна ў некаторых месцах нават у брод перайсці. Старэйшыя браты Тараса кіравалі мясцовым калгасам імя Кірава. Самусь быў старшынёй праўлення, а Ларывон — брыгадзірам. У Самуся было пяцёра дзяцей, у Ларывона — двое. Усе жылі дружна, паміж сабой моцна сябравалі, а як да справы — усё рабілі талакой. Вайна парушыла спакой местачкоўцаў. Тараса з Ларывонам мабілізавалі на фронт, як і іх старэйшых сыноў. Самусь жа па загаду застаўся даглядаць калгаснае багацце.
На пачатку жніўня 1941 года разгарнуліся баі за Хальч, які абараняла 55-я стралковая дывізія. Потым яна адступіла на левы бераг Сожа ў горад Ветку, спаліўшы за сабой драўляны мост праз раку. Яшчэ дзесяць дзён ішлі баі за старажытную Ветку, а затым фронт пакаціўся на ўсход. У Хальчы аселі немцы. У першыя дні акупацыі фашысты арыштавалі ўсіх яўрэяў, камуністаў, у тым ліку і Тарасавага брата Самуся, а праз некалькі дзён расстралялі.
Немцы на першым часе паводзілі сябе спакойна: мірных жыхароў больш не чапалі ды й асабліва не рабавалі. Тыя ж у сваю чаргу імкнуліся як мага радзей трапляць ім на вочы. З хат, якія акупанты выбралі на пастой, гаспадароў выгналі. Вясной 1942 года немцы пакінулі Хальч і іхняе месца занялі італьянцы. Жыццё ў вёсцы адразу змянілася. Гэтыя прыгожыя, чарнявыя мужчыны былі вясёлыя, гаваркія, яны хутка ўступалі ў кантакт з местачкоўцамі. Тыя ж былі ў разгубленасці — як сябе паводзіць? Гэта ж ворагі, і ў той жа час так непадобныя на іх. Вечарамі загучалі акардэоны і меладычныя напевы апенінцаў…
У хату Арышы паставілі на пастой прыгожага вадзіцеля Аміндаліна Паскваліні. Ён быў культурным і інтэлегентным чалавекам. Да маці Арышы адносіўся з павагай, называў яе сеньёрай, чаго Арына вельмі саромелася. Ён часта харчаваўся за сямейным сталом, аддаючы свой правіянт Арыне. А на Вялікдзень наладзіў святочны стол, і Арыша ўпершыню пачаставала сапраўдны шакалад, галеты і нават італьянскае віно. Аміндаліна пачаў заляцацца да дзяўчыны. Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але напрыканцы траўня прыйшлі немцы, раззброілі італьянцаў і некуды звезлі. Казалі, што тыя ня хочуць ваяваць супраць “рускіх”. Пра гэта неаднойчы гаварыў і Аміндаліна, які крышку валодаў рускай мовай.
У канцы лета 1943 года ў вёсцы стала неспакойна. Яна напоўнілася нямецкімі войскамі. Папаўзлі чуткі, што фашысты адступаюць. Усім было страшна, бо па паводзінах акупантаў было бачна, якія яны злыя і занепакоеныя. Прыляталі савецкія самалёты і часта бамбілі Хальч і суседнюю Ветку. А Гомель, што быў зусім недалёка, у 15 кіламетрах, начамі пылаў так, што нават у мястэчку ад таго зарыва было светла, нібыта днём.
Вайна ёсць вайна… Маладосць ёсць маладосць, і яна перамагае. Юнацкі імпэнт дае знаць аб сабе ў любых абставінах. Нягледзячы на фашысцкую акупацыю, каменданцкую гадзіну моладзь знаходзіла ў сябе сілы жыць і нават веся-ліцца. Неяк зімовым вечарам Арыша з сёстрамі пайшла да сваёй сяброўкі суседкі Парані Туркавай, бацькі якой часова адсутнічалі дома. Каб было смялей і весялей, у хату яны ўпусцілі сабаку Жучку. Бавячы час, дзяўчаты засядзеліся дапазна. І раптам пад вокнамі хаты, прама ў шыбы, засвяцілі ліхтарыкі і загучала гамонка па-нямецку “Хальт! Хэндэ хох!” Дзяўчаты перапужаліся да смерці, бо літаральна некалькі дзён назад немцы хапалі моладзь і адпраўлялі ў Нямеччыну на работу. Тады яны змаглі схавацца. А ў дзверы ўжо пачалі грукатаць і лаяцца. Дзяўчаты сталі шныраць па хаце ў пошуках хованкі. Арыша залезла на гарышча і зарылася ў сена. Маня з Нюрай забраліся ў падпечак, выкаціўшы адтуль гарбузы. Парані ўжо месца не было. Яна кідалася па хаце, не ведаючы куды прытыкнуцца, і страшна лямантавала. Потым ад спугу яе прабрала дыярэя і яна прама на падлогу ў некалькіх месцах зрабіла “па бальшому”. За вокнамі сціхла…
…А потым пачуўся хлапецкі гогат, у якім Арыша распазнала голас свайго старэйшага брата Івана ды суседа Лырывона. Бездапаможны жах змяніўся роспаччу, злосцю, а потым істэрычным смехам. Гэта хлопцы вырашылі пажартаваць ды папужаць дзяўчат. Але Парані было не да смеху. Яна лаялася на Івана, плакала, цягала сабаку па хаце і прычытвала: “Жучка, еж г…! Прыйдуць бацькі, заб’юць мяне!” Потым яшчэ вельмі доўга, праз гады, стаўшы дарослымі, удзельнікі гэтага спектаклю кожны раз пры сустрэчы смяяліся і падныквалі над Параняй, маўляў: “Жучка еж г…”
На пачатку верасня немцы аб’явілі местачкоўцам аб эвакуацыі. На зборы далі адзін дзень. Усё дабро Арына разам з дочкамі склала ў куфар і зарыла ў агародзе. Апошняга парсюка забілі яшчэ раней, сала ж, што засталося, таксама схавалі ў зямлю. А наступным днём, іх, агромністую калону, больш за тысячу чалавек пагналі на захад. Усім было жудасна. Адны казалі, што завядуць у поле і там усіх пастраляюць. Іншыя ж прадказвалі, што ў Буда-Кашалёве пасадзяць на цягнікі ды адправяць у Нямеччыну і ўсе згінуць у канцлагеры. Таму бабы галасілі, развітваючыся з роднымі мясцінамі назаўсёды. Магчыма, яно б так і было, але хуткае наступленне Чырвонай Арміі восенню 1943 года выратавала выгнаннікаў.
28 лістапада Арыша разам з маці і сёстрамі вярнуліся дамоў. Хальч было не пазнаць. З усёй вёскі засталіся ацалелымі з дзесятак хат ды крыху прастрэлены панскі фальварак. Тарасава хата мела толькі назву: вокны і дзверы павыцягнуты, падлога і столь зняты, засталіся адны сцены. Астатняе немцы разабралі на пабудову бліндажоў. Але дзякуй Богу і за гэта. Пад страху Арыны Маргуновай сабраліся сем’і братоў Тараса і двух сясцёр — усяго каля 30 чалавек. Месціліся, хто дзе мог. Закапаны скарб нехта скраў: ці то немцы, ці хто са сваіх вяскоўцаў падгледзеў. А вось сала засталося некранутым. Было халодна і голадна. Ураджай сабраць не паспелі, усё засталося ў полі.Таму бульбу, буракі, моркву выбівалі ламамі з мёрзлай зямлі. Якія ж яны былі на смак? Пра гэта мы можам сёння толькі здагадвацца. Зіму ледзь перажылі. Шмат хто з людзей тады сканаў, так і не дачакаўшыся вясны. Маці Арышы, клапоцячыся пра дзяцей ды пляменнікаў, зусім забыла пра сябе. Захварэла на плеўрыт ці то сухоты ды і памёрла напрыканцы 1945 года, пакінуўшы Арышы дзвух малодшых сясцёр. Але вайна скончылася. Вярнуўся дамоў Тарас з перабітай нагой ды так і застаўся кульгавым на ўсё жыццё, атрымаўшы ў мястэчку мянушку “храмы Тарас”. Жонку застаў ужо хворай. А брат Ларывон загінуў на фронце. Не дачакалася яго Таццяна з двума сынамі. Пасля смерці Арыны Тарас узяў шлюб з жонкай нябожчыка і дзве сям’і аб’ядналіся ў адну.
Арыша, якая паспела да вайны скончыць сямігодку, летам 1945 года паступіла вучыцца ў педвучылішча. Але хвароба маці, калека-франтавік бацька, малодшыя сёстры ляжалі камянём на сэрцы. Прыйшлося дзяўчыне кінуць вучобу і вярнуцца да хаты. А ў канцы года дэмабілізаваўся з войска і Міхал Космыкаў, які яшчэ раней заляцаўся да Арышы. Ён быў такі прыгожы, што тая нядоўга вагалася і згадзілася на шлюб. Цяжка было маладой сям’і на першым часе. Ужо цяжарная сваім першынцам, Арыша рука ў руку з мужам будавала ўласную хату. Добра, што дапамагалі сваякі, і ўжо ў хуткім часе ў мястэчку вырас яшчэ адзін новы дом. А потым пайшлі дзеці, адзін за другім праз кожныя два гады — усіх пяцёра. Як шматдзетная маці
Арыша была ўзнагароджана медалём “За мацярынства”. Арыша з Міхалам пражылі доўгі час. Усё было ў жыцці: каханне, боль непаразумення, нястачы і прыбытак, трагічная страта дарослага сына і гонар за адукаваных дзяцей. Сёння Арыша чатыры разы прабабка. І хоць дзеці яе параскіданы па ўсёй Беларусі, хоць толькі раз у год яны збіраюцца ў Хальчы у яе роднай хаце, яна не пакутуе ад адзіноты. На Радаўніцу, нібы птушкі з выраю, злятаюцца яны сюды, і хата напаўняецца, нібы вулей пчоламі: тут зяці з нявесткамі, больш за тузін унукаў з праўнукамі, пяшчотныя дочкі і любячыя сыны. Тады сэрца Арышы поўніцца шчасцем і замілаваннем ад шчырай любові, якая пасля смерці Міхала дастаецца ўжо толькі ёй адной…

Замест эпілогу (верш матулі)
Шурпатыя рукі матулі
Знясілены працай яны,
Жаночаю горкаю доляй
Ды шчасцем кароткай любві.
Пяцёра дзяцей нарадзіла,
Слязамі іх шлях паліла.
Спачатку ў школу вадзіла,
Любоў да зямлі прывіла.
Глядзела, як мы падрасталі,
Гады не лічыла свае.
Дачуркам пасаг рыхтавала —
Забыла зусім пра сябе.
У войска сыноў праважала,
А думка адна — пра вайну…
Ваеннае гора спазнала —
Матулю згубіла сваю.
Вось дзеці дарослымі сталі,
Пачалі ў вырай злятаць.
Іх клікалі пэўныя далі,
Табе ж засталось — сумаваць.
Унукаў сваіх дачакалася,
Не згіне твой род на зямлі.
Рукамі да іх дакраналася —
Цяплела душа ад любві.
Матуля мая дарагая,
Далёка наш дом ад цябе,
Мне выпала доля такая,
Сумую штодзень па табе.
Ты ведай мая дарагая —
Заўсёды ў сэрцы з табой!
Нас блізіць любоў незямная,
Не толькі бацькоўская кроў.
На твары тваім ў маршчынах —
Адбітак жыццёвых шляхоў,
Спазнала ты гора нямала
За 70 пражытых гадоў.
Сівой галава твая стала,
I стукнула 70 табе.
Жыццё ты нам добрае дала,
Матуля, кахаем цябе!

1993 год. Гэты верш я прысвяціў 70-гадоваму юбілею сваёй любімай маці Арышы Тарасаўны Маргуновай-Космыкавай.
Са слоў маці выклаў краязнаўца Міхаіл Космыкаў.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.