Ой, дай Божа, тое, што так прыгожа!.. Што не гожа, не дай, Божа…


На днях завітаў у Веткаўскі музей народнай творчасці Алесь Іванавіч Цыркуноў, вядомы беларускі мастак. З 1960 па 1964 год ён выхоўваўся ў Веткаўскім дзіцячым доме, які знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Савецкай. Так сталася, што лёс не адзін раз звёў яго з Веткай.

Алесь Іванавіч быў асабіста знаёмы з Ф.Р. Шкляравым. У 1976 г. А.І. Цыркуноў напісаў карціну “Веткаўчанін”, на якой — партрэт Ф.Р. Шклярава, шматлікія рэчы з калекцыі, што знаходзіліся ў яго творчай майстэрні. На карціне зверху — напісанае на паперы выказванне, якое вісела на відным месцы ў майстэрні Ф.Р. Шклярава: “Павага да мінулага — рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства. А.С. Пушкін”. Вельмі актуальныя словы паэта для нашага часу! Ды й не толькі для нашага, але й для любога.

Я паказала мастаку цяперашнія экспазіцыі музея. Як і многія наведвальнікі, Алесь Іванавіч захапляўся прыгажосцю тканых і вышытых ручнікоў, веткаўскіх ікон. Мы падыйшлі да дубовай лавы, зробленай калісьці Ф.Р. Шкляравым. На лаве — словы, выразаныя па дрэве: “Спыніся. Прысядзь. Задумайся.” Лаўка стаіць у зале, дзе знаходзяцца іконы Веткаўскай школы іканапісу. І тут Алесь Іванавіч здзівіў мяне невыказна: “Прыгожая лаўка! Ды яшчэ з надпісам… Але ж садзіцца на яе нельга: тут жа — словы!”

Мне стала не па сабе… За 17 гадоў працы ў музеі я некалькі разоў садзілася на гэтую лаўку (і на гэтыя словы), каб пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі, што рэдка цяпер ўдаецца, а таксама дазваляла прысесці на яе здарожаным стомленым людзям, наведвальнікам музея. Іншы раз веткаўскія і гомельскія дзеці, седзячы на лаўцы, задумваліся аб сваіх марах, жаданнях.

Фёдар Рыгоравіч Шкляраў прыклаў шмат намаганняў для таго, каб адкрыўся Веткаўскі музей народнай творчасці. Да яго ў дом, дзе знаходзілася калекцыя старажытных кніг, абразоў, акладаў ды іншых каштоўных рэчаў, не аднойчы наладжваліся праверкі, і яму штораз даводзілася тлумачыць: у каго і за колькі рублёў была прыдбана тая ці іншая ікона, кніга, ці кім падаравана. Прыходзілі і бабулі — праверыць, ці не саскрэб Ф. Шкляраў золата з тых ікон, якія яны аддалі ў музей. На Ф.Р. Шклярава пісалі даносы. Як вядома, памёр ён ад інфаркту сэрца ў 1988 годзе.

Надпіс “Спыніся. Прысядзь. Задумайся.” Ф.Р. Шкляраў тлумачыў так: “У адных людзей мазгі знаходзяцца ў галаве, у другіх — у жываце. А для тых, у каго яны знаходзяцца ў іншым месцы, я зрабіў лаўку”.

Своеасаблівы гумар быў у Ф.Р. Шклярава. Але ж гумар — гэта тое, што выратоўвае чалавека ў цяжкія хвіліны. Калі ён смяецца з нейкай праблемы, то гэта ўжо не праблема. Тое, што стала смешным, перастае быць страшным.

У тым, што такіх цяжкіх хвілінаў было многа ў жыцці Ф.Р. Шклярава, няма сумненняў. Ёсць яны ў жыцці любога чалавека, які наважыўся зрабіць сапраўды нешта добрае для сваіх сучаснікаў, суайчыннікаў. “Ветка — жыццё, шчасце, Радзіма мая!” — словы, выразаныя Ф.Р. Шкляравым (а ён быў выдатным рэзчыкам па дрэве) на драўляных варотах каля музея, сталіся яго запаветам. У іх праўдзівасць верыш. Колькі пейзажаў, у якіх услаўляецца хараство веткаўскіх мясцін, стварыў гэты веткаўчанін! Пейзажы самадзейны мастак пісаў нават на драўляных варотах каля музея, толькі з адваротнага боку. Некаторыя карціны Ф.Р. Шкляраў дарыў знаёмым веткаўчанам.

А.І. Цыркуноў расказваў пра тое, што надзвычай прыгожымі былі афішы з назвамі фільмаў, напісаныя Шкляравым. Некалькі гадоў ён працаваў мастаком-афарміцелем у Веткаўскім Доме культуры. Стэнд, на якім Ф.Р. Шкляраў пісаў афішу, ён штораз змываў, каб напісаць новую. Гэты факт з яго жыцця можна параўнаць з фактамі біяграфіі самадзейнага знакамітага грузінскага мастака Ніко Пірасманашвілі, які за кавалак хлеба і келіх віна распісваў звычайныя вывескі для тыфлісскіх магазінаў.

— А ці ёсць на будынку музея ці ў іншым месцы мемарыяльная дошка з імем Ф.Р. Шклярава? — запытаўся ў мяне А.І. Цыркуноў.

— Не, няма такой. Ведаеце, у мяне не адзін раз пыталіся пра гэта. Я адказваю, што лепшы помнік Ф.Р. Шкляраву — гэта Веткаўскі музей народнай творчасці. Хоць, сапраўды, даўно трэба было ўшанаваць і такім спосабам памяць аб гэтым выдатным чалавеку.

Я расказала Алесю Іванавічу пра тое, як у 2008 годзе была сведкай падзеі, што адбылася ў г. Кралявец Сумскай вобласці (Украіна). У дні, калі адбываўся 14 Міжнародны літаратурна-мастацкі фестываль “Кралявецкія ручнікі”, былі ўрачыста адкрыты мемарыяльныя дошкі ў знак памяці аб ткачу, знакамітым даследчыку ўкраінскай народнай культуры, заслужаным мастаку Украіны, ганаровым грамадзяніну г. Кралявец Іване Пятровічы Дудары. Да адной дошкі, усталяванай на сцяне дома, дзе ён жыў апошнія гады, жыхары Краляўца прынеслі прыгожыя букеты чырвоных руж. Мемарыяльныя дошкі з’явіліся праз два гады пасля таго, як А.П. Дудара не стала.

Невялікі г. Кралявец (26 тыс. жыхароў) у сучаснай Украіне славіцца на ўвесь свет тканымі ручнікамі, гэтак як у нас — Неглюбка. Фестываль “Кралявецкія ручнікі” праводзіўся 14 разоў. Яго заснавальнікі — Кралявецкая раённая дзяржаўная адміністрацыя і Кралявецкая раённая рада, арганізатары — упраўленне культуры й турызму Сумскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, аддзел культуры і турызму Кралявецкай рай-дзяржадміністрацыі. Я ехала ў Кіеў, а пазней — у Кралявец па запрашэнні кіраўніка арганізацыйнага камітэту фестываля, вядомага паэта Украіны Міхаіла Васільевіча Шаўчэнкі. Мне, як адзінаму чалавеку, хто прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на фестывалі, далі слова на адкрыцці мемарыяльнай дошкі. Я пачала яго з аповеду пра Ф.Р. Шклярава, пра Ветку, неглюбскія ручнікі і Веткаўскі музей народнай творчасці.

Але вернемся да нашае размовы. Акрамя мемарыяльнай дошкі, А.І. Цыркуноў прапанаваў зрабіць мемарыяльны куток памяці аб Ф.Р. Шкляраве ў гарадскім Доме культуры, назваць адну з веткаўскіх вуліц імем Ф.Р. Шклярава. Як на маю думку, дык трэба было б перайменаваць вул. Чапаева. Можа, тады б у людзей не працякалі дахі над галавой, як гэта было пасля рамонту, зробленага ў доме №2, ды не было праблем з водазабеспячэннем у суседніх дамах на працягу доўгіх гадоў. Нездарма ж кажуць: “Як назавеш, так і паплывеш…”

Намнога болей добрых спраў, чым А.А. Грамыка, помнік якому ёсць у Гомелі і мемарыяльны куток — у Веткаўскім райвыканкаме, зрабіў для веткаўчан Ф.Р. Шкляраў. Яго прозвішча ёсць на помніку — старонцы разгорнутаў кнігі, што знаходзіцца каля будынка музея. Гэты помнік — так кажуць многія гараджане — не адпавядае аніякім мастацкім густам. Да таго ж ён няўдала пастаўлены — у сонечны дзень немагчыма прачытаць прозвішчы некаторых знакамітых людзей Веткаўшчыны, што напісаны высока ў кнізе: іх заслеплівае сонца.

Мэта напісання майго артыкулу — просьба да жыхароў Веткі задумацца, чаму ў наш час на належным узроўні не ўслаўляюцца імёны жыхароў Веткі, якія пакінулі пасля сябе значныя добрыя справы? Чаму да гэтага часу не ўстаноўлены памятны знак (хаця б звычайны драўляны крыж) на тым месцы, дзе былі пахаваны свяшчэннікі, што служылі ў былой Веткаўскай Праабражэнскай царкве, закладзенай у 1836 годзе?

Іх магілы знаходзяцца пад асфальтам, непадалёк ад агароджы, у дворыку каля гаража, непадалёк ад корпуса №2 Веткаўскага музея народнай творчасці (былога будынка Веткаўскага райкама камсамола, на месцы якога стаяла царква). Па некаторых з гэтых магіл штодзень праязджаюць машыны.

Кожны народ шануе сваіх творцаў, герояў. Варта і неабходна ўслаўляць імёны людзей, якія на самой справе зрабілі шмат карыснага для сваіх суайчыннікаў!

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.