Казка, што побач з намі

Дзіцячы свет мы заўжды атаясамліваем з казкай. Яшчэ немаўляткам паказваем прыгожыя малюнкі і распавядаем аб курачцы Рабе, якая знесла не простае яйка, а залатое. Бо чалавек цягнецца да прыгожага і простае слова робіць залатым, як тое яйка.


Калі дзеці падрастаюць, памяць аб першай пачутай казачцы назаўсёды застаецца з імі, таму на пытанне “Што знайшла курачка на двары?” яны разам адказваюць: “Яйка”. Але гэта ўжо іншая казка, якая называецца “Пшанічны каласок”. Аб працавітай курачцы і гультаях індыку ды гусаку.


Менавіта з гэтай казкі пачынае сваю лекцыю перад дзіцячай аудыторыяй вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Ларыса Раманава. Такую форму музейна-педагагічнай працы з выхаванцамі дзіцячых садоў і малодшымі школьнікамі практыкуюць супрацоўнікі веткаўскага музея не першы год. А цікава слухаць гэтыя лекцыі нават і дарослым.


Дзеткі ж, якія збіраюцца на такі занятак, упэўнены, што тут будуць і гульні, і цікавыя пытанні, паведамленні. Усё так і адбываецца. Таму са студэнцкай лекцыяй гэтыя заняткі ніяк не пераблытаеш.


Зусім нядаўна Ларыса выступала перад выхаванцамі ясляў-сада “Казка” з лекцыяй “Прырода і казка”. Чаму вучаць такія сустрэчы?


— Я хачу навучыць дзяцей любові да навакольнага свету, да роднай прыроды. Больш дакладна ведаць жывёльны і раслінны свет. Цераз казкі і легенды абудзіць цікавасць да мясцовых прыгожых мясцін і з’яў, пазнаёміць іх з мясцовымі легендамі. Каб дзеткі паважалі беларускую спадчыну, паважалі працу бацькоў. Каб ведалі, як цяжка дастаецца хлеб.


Ларыса ўзгадала казку “Пшанічны каласок” і тут жа прапанавала дзецям адрозніць, дзе жытнёвы колас, а дзе пшанічны. Гэта з цяжкасцю зробяць нават некаторыя дарослыя, што ж тут казаць пра дзетак! Таму смешна было чуць адказ на пытанне: “Дзеткі, а што на полі расце?” — “Салома”.


У аповедзе пра каласы і хлеб вельмі дарэчы лектар узгадала мясцовую легенду аб кацінай і сабачай долі. Тыя каласкі, што зараз растуць на сцяблінах, Бог пакінуў для братоў нашых меншых, бо людзі пагарджалі хлебам. Шануйце, людзі, хлеб!


Разам з беларускімі народнымі казкамі дзеці слухалі легенды аб дабрахожых, аб вужыным цары. Вось вы, шаноўныя чытачы, ведаеце, як можна стаць багатым і авалодаць мовай звяроў і птушак? Трэба на Здзвіжанне пайсці ў лес і чакаць вужа ў залатой кароне. Калі ўбачыце, абавязкова здыміце шапку, калі вы мужчына, а жанчына павінна расцяліць перад вужыным царом платок, на які ён і скіне карону. Дзеткі інсцэніравалі гэтую легенду, раскручвалі саматканае палатно. А з якім захапленнем яны разглядалі-вывучалі неглюбскія рушнікі! Шукалі на тканіне ўзоры “елкі”, “яблыкі”, “сабачкі”, “цярэшкі”. Нібы будучыя ткачыхі, дзяўчынкі пальчыкамі абмацвалі кожны ўзорчык.


Як адрозніваюцца кудзеля ад воўны, чаму месяц называюць кастрычнікам, і што выкарыстоўвалі раней жанчыны замест “Тайда” пры мыцці бялізны, — аб гэтым ужо добра ведаюць выхаванцы “Казкі”.


А прырода — як тая казка, і Ларыса Раманава дэманструе рэчы з калекцыі “Разьба па дрэве” з фондаў Веткаўскага музея, вырабленыя мясцовымі майстрамі. Глушэц і сокал, алень і касуля. Дзеці кранаюцца да казачных жывёл і разумеюць, што яны побач, у нашых лясах. Як тая казка, што побач з намі.


Таццяна БАСЯЧЭНКА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.