Анёлак і я ў вітражах

Ну, як сустрэча? — пыталіся знаёмыя пасля сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і бардамі, а я толькі і магла адказаць:

— Вельмі коратка.

— Сапраўды, адна гадзіна — гэта вельмі малы час, адведзены для выступлення трох “аксакалаў” сучаснага беларускага мастацтва: Алеся Камоцкага, Леаніда Дранько-Майсюка, Эдуарда Акуліна. Ды і наогул, гэтай сустрэчы магло і не быць! Вельмі ўжо шчыльны графік творчых візітаў у гэтых мужчын: сёння — Гомель, заўтра — Ворша, паслязаўтра — Віцебск… І толькі “дзякуючы” эпідэміі грыпу яны змушаны былі адмяніць сустрэчу з вучнямі адной гомельскай гімназіі (гімназія на каранціне, дзеткі — дома), і Эдуард Акулін тэрмінова патэлефанаваў веткаўскім бібліятэкарам. І вось — незапланаваная сустрэча, і ад таго яшчэ больш прыемная, можна сказаць — прыемны сюрпрыз!

Слухачоў назбіралася не занадта шмат (масавыя мерапрыемствы ў эпедымічны час не ў пашане), але ўсе, хто прыйшоў паслухаць цудоўныя беларускія вершы і песні, засталіся задаволеныя. Нават тры вучні сярэдняй школы №1 Коля, Іра, Дзіма пасля сустрэчы доўга не пакідалі чытальную залу раённай бібліятэкі і абменьваліся ўражаннямі. Коля, напрыклад, адгадаў назву беларускага ансамбля (“Песняры”), які выконвае песню на словы Эдуарда Акуліна, за што і атрымаў сувенір, і ўсе трое дзяцей разам з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком дыкламавалі яго вершы.

А потым паэт спытаў давзолу ў дзяцей:

— Можна, я пачытаю вершы пра каханне? — і пасля дзіцячай згоды пачаў: “У вашым голасе квітнеюць астры…”

У гэтага аўтара шмат лірычных твораў, якія ўжо ўбачылі свет, былі надрукаваны, але ёсць і такія, якія вымушаны чакаць у выдавецтвах сваёй чаргі. Напрыклад, “Кніга для спадарыні Эл” шэсць год знаходзіцца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

А ў гэтым годзе (дакладней — у верасні) у прыватным выдавецтве “Галіяфы” выйшлі новыя кнігі Дранько-Майсюка і Акуліна. Кніжачкі невялікія (як кажуць, кішэнны варыянт, а Дранько-Майсюк назваў “элегантным фарматам”) і звонку нагадваюць блакноцікі. У Акуліна ў такім фармаце з’явіўся зборнік вершаў “Вітражы”, а Дранько-Майсюк надрукаваў апавяданне “Анёлак і я”. Гэты празаічны твор Уладзімір Някляеў назваў “адным з найлепшых апавяданняў у беларускай літаратуры”. І, шаноўныя веткаўчане, калі вы яшчэ не знаёмы з гэтым апавяданнем, — прачытайце, не пашкадуеце! Вельмі “каларыйны” твор для розуму.

“Чытачам Веткаўскай раённай бібліятэкі з зямляцкай любоўю!” — з такімі словамі падараваў свой апошні зборнік вершаў Эдуард Акулін. Яго жыццёвы шлях пачынаўся ў 1963 годзе з Вялікіх Нямкоў, яго песня пачыналася з Беседзі, а ў 1993 годзе Эдуард стаў лаўрэатам другой прэміі Першага нацыянальнага фестывалю беларускай бардаўскай песні. Наш зямляк — паэт, перакладчык, бард — штогод удзельнічае ў шматлікіх міжнародных фестывалях. Вось і ў гэтым годзе ён тройчы пабываў у Польшчы, яго віталі ў Сербіі, і тым не менш ён даражыць сваёй малой радзімай, імкнецца пры мізернай магчымасці сустрэцца з землякамі, зрабіць перад імі творчую справаздачу. Дарэчы, Эдуард Акулін запрасіў усіх прысутных на прэзентацыю новага часопіса, які пад назвай “Верасень” хутка пачне выдавацца. Эдуард Акулін прызначаны яго галоўным рэдактарам, а на старонках новага перыядычнага выдання будуць друкавацца творы маладых беларускіх літаратараў. Прэзентацыя “Верасня” адбудзецца ў Чырвоным касцёле ў Мінску 7 студзеня (гэта і Ражство, і дзень нараджэння Э. Акуліна). Але калі веткаўчане нават і не трапяць на мінскі фэст, сваіх землякоў галоўны рэдактар часопіса ў няведанні не пакіне: у пачатку 2010 года Эдуард паабяцаў прыехаць на радзіму. Якім чынам і дзе адбудзецца наступная сустрэча, пакуль дакладна невядома, але ўдзячная веткаўская аўдыторыя будзе чакаць свайго паэта-земляка і яго сяброў-творцаў.

Творчы дуэт Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка склаўся чатыры гады назад, і апошнія гады мы часценька віталі гэтых слаўных сяброў і чулі: “З намі яшчэ збіраўся прыехаць Алесь Камоцкі, але не змог”. Хто такі Алесь Камоцкі, нарэшце мы даведаліся. “Гэта знакаміты бард, якога любяць усе жанчыны Менска, Брэста, Віцебска, Гародні, Нясвіжа, …Веткі!” — з жартам прадставілі свайго сябра госці, а той “сціпла” дадаў:

— І Полацка.

З лёгкім налётам жартаўлівасці прайшло выступленне барда, а пачаў яго “асфальтавы хлопчык” (так назваў сябе гараджанін Алесь) з байкі пра бабулю і гарбуз, потым расказаў анекдот пра “адкрыцці”, якія робяць для сябе прадстаўнікі маладога пакалення: “Ты ведаеш, што Дастаеўскі Ф.М. — гэта не радыёстанцыя?!” У выкананні Камоцкага прагучалі песні на словы У. Караткевіча, Р. Барадуліна, асабістыя, — сярод якіх і “Каралева”. Гэта песня стала адной з дзевяці, якія ўвайшлі ў апошні кампакт-дыск, назва ў якога “9”. Прызнаюся, калі б у мяне запыталі, ці ведаю я новы дыск “9”, я б адказала, што паглядзела на дыску новы анімацыйны фільм “9” Тымура Бекмамбетава, а вось пра зборнік песень беларускага аўтара з аднайменнай назвай не чула. (Ужо пачула і нават паглядзела анімацыйны кліп, які таксама змешчаны на кампакт-дыску “9”.) А чаму зборнік займеў такую назву, аўтар адразу і так проста не адказаў:

— Гэта вельмі сур’ёзная, доўгая гісторыя, я вам пасля раскажу…

А потым абрывачна растлумачыў: “У зборніку 9 песень, выйшаў у 9 годзе, прэзентацыя адбылася 9 верасня…” Ну чаго аўтара мучыць? Задаю яшчэ адно пытанне, на якое Алесь адказаў арыгінальна.

— Вы першы раз у Ветцы, раскажыце пра сябе, хто вы?

— Пол — мужчынскі, памер ботаў — 45. А што яшчэ? Вучыўся, жаніўся, разводзіўся. Нарадзіўся ў Барысаве.

І тут жа Эдуард Акулін, клапоцячыся аб своечасовым адбыцці ў Гомель на чарговую сустрэчу з прыхільнікамі іх таленту, прапанаваў у пятнічным выпуску (гэта значыць, учарашнім) масава-палітычнай газеты “Новы час” прачытаць вялізнае інтэрв’ю з ім і А. Камоцкім, а з веткаўчанамі прыйшлось развітацца. …

Урачы ў якасці прафілактычных мер супраць вірусаў грыпу раюць быць пазітыўнымі, бо хвароба баіцца аптымістаў і жыццялюбаў. А зараз уявіце, колькі добрых эмоцый, аптымізму атрымалі веткаўчане дзякуючы візіту мінскіх гасцей!

Напрыканцы паслухайце ўражанні адной слухачкі:

— Мне пашанцавала двойчы прысутнічаць на сустрэчах, яны акрыляюць! Пачынаеш адчуваць пульс сучаснага жыцця, а пасля такіх сустрэч самой нават тварыць хочацца: што-небудзь напісаць, напрыклад, верш…

Ну, што, пазайздросцілі?! Вершы і песні трэба чуць, у наступны раз прыходзьце абавязкова.

Таццяна БАСЯЧЭНКА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.