На мове сваёй гаварыце, Спявайце, як птушкі ў блакіце

“Француз — па-французску, па-польску — паляк гавораць з маленства, а я, мама, як?” — менавіта з такіх слоў-звароту пачалось тэматычнае пазакласнае мерапрыемства для вучняў пачатковых класаў у сярэдняй школе №1 горада Веткі “Не пусцім мову на звод, бо мы беларускі народ”.

Галоўныя героі ранішніка — Міколка і Ганначка — задаюцца пытаннем, чаму яны не ведаюць роднай мовы, просяць бацькоў купіць ім беларускі буквар і звяртаюцца да дзяцей, каб тыя расказалі ім пра родную мову, навучылі гаварыць па-беларуску. І дзеці разам з настаўніцай Людмілай Уладзіміраўнай Какушкінай з задавальненнем дапамагаюць ім авалодаць таямніцамі роднай мовы.

У адно імгненне вучаніцы трэціх класаў пераўтвараюцца ў спадарынь мовы: фанетыку, графіку, лексіку, марфалогію, а гледачы старанна шукаюць правільныя адказы на іх цікавыя, з хітрынкай, заданні.

А каб яскрава адчуць прыгажосць роднай мовы, вучні чытаюць мілагучныя вершы, разам спяваюць песні “Весялуха”, “Цік-так, ходзікі”, дзяўчынкі выконваюць беларускія прыпеўкі, а ў сольным выкананні Данілы Цюруханава гучыць “Беларусачка”. Прыйш-ліся к месцу фальклорная гульня “У садочку” і народны танец “Трасуха”.

Свята беларускай мовы сабрала ў зале не толькі вучняў, але і іх настаўнікаў, бацькоў. Прыемна было назіраць мамам і татам за жвавымі рухамі іх дзяцей, апранутых у прыгожыя кашулі і сукенкі. Сцэна таксама была багата аздоблена, з атрыбутамі традыцыйнай беларускай хаты, з плытамі і сланечнікамі. Усё разам спрыяла стварэнню непаўторнай, сапраўднай атмасферы беларускага пабытовага асяроддзя.

— Гэты год у нашай краіне аб’яўлен Годам роднай зямлі, і наш сённяшні паказ — гэта маленькая кропля той вялікай работы, якую мы праводзім у межах нашай школы па выхаванню сапраўдных грамадзян-беларусаў, якія любяць сваю радзіму, шануюць родную мову і багатую спадчыну беларускага народа, — сказала на прыканцы мерапрыемства выхавацель групы падоўжанага дня Л.У. Какушкіна.

Таццяна БАСЯЧЭНКА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.