Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 студзеня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам.
Ад нашай дружбы карысна ўсім
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза эканамічныя сувязі дзвюх краін былі вельмі моцнымі, аднак многае страчана за апошнія гады.
«У адрозненне ад іншых балтыйскіх дзяржаў, фон супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі добры. Я лічу, што нам трэба скарыстацца гэтым момантам і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва. Тым больш, што ад яго пашырэння мы бачым вялікую выгаду (калі гаварыць пра эканоміку) як для Латвіі, так і для Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй у 2018 годзе склаў $582,7 млн, што амаль на 33 працэнты больш у параўнанні з узроўнем 2017 года. За 2018 год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Латвіі ў аб’ёме $107,5 млн, у тым ліку прамых — $82,1 млн. На тэрыторыі Беларусі працуюць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу — у сферах гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі.
Латвіі важна бачыць Беларусь незалежнай і стабільнай
Крыш’яніс Карыньш адзначыў, што Латвія зацікаўлена развіваць добрыя адносіны з Беларуссю. «Для нас важна бачыць незалежную, стабільную і працвітаючую Беларусь», — сказаў прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, латвійскі бок бачыць вялікую прастору для развіцця супрацоўніцтва. «З аднаго боку, можна экспартаваць з Беларусі праз латвійскія парты нафтапрадукты. Але можна абмеркаваць і іншую магчымасць — імпарт нафты з усяго свету праз Латвію ў Беларусь. Мы абмяркоўваем ужо такія магчымасці. Вядома, кампаніям трэба даследаваць гэта пытанне, таму што бізнес павінен быць узаемавыгадным. Тут мы бачым вялікія магчымасці для Латвіі і Беларусі», — заявіў Крыш’яніс Карыньш.
Прэм’ер-міністр у цэлым падкрэсліў, што для латвійскага ўрада вельмі важна працаваць над паляпшэннем адносін з Беларуссю і рабіць іх больш трывалымі. «Што датычыцца пазіцыі Латвіі, мы зацікаўлены ў больш доўгатэрміновых адносінах. У такім выпадку магчыма планаваць бізнес, і гэта дазваляе паніжаць цэны, а гэта добра для ўсіх уключаных бакоў», — дадаў Крыш’яніс Карыньш.
Канкрэтныя планы і прапановы
У Беларусі і Латвіі добрая дынаміка ўзаемадзеяння ў сферах IT, турызму. Акрамя традыцыйных сфер супрацоўніцтва ў нас актыўна развіваюцца новыя высокатэхналагічныя напрамкі, добры ўзровень узаемадзеяння адзначаецца ў інвестыцыйнай сферы, устойліва расце колькасць сумесных бізнес-праектаў. Беларускі бок бачыць цікавасць, якую латвійскі бізнес выказвае да створаных беспрэцэдэнтных ўмовах для развіцця бізнесу ў Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльным парку «Вялікі камень». Паспяхова рэалізуецца міжурадавы план мерапрыемстваў на сярэднетэрміновую перспектыву, які аб’ядноўвае асноўныя напрамкі сумеснай работы — ад транспарту і лагістыкі да медыцыны і адукацыі.
Падчас візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Латвіі абмеркаваны пытанні энергетыкі. Дамовіліся, што нашы міністэрствы энергетыкі прапрацуюць пытанне прамой пастаўкі электраэнергіі ў Латвію, а не праз сумежныя краіны. Латвія не выключае магчымасці куплі электраэнергіі ў Беларусі. Гэта тэма абмяркоўвалася ў тым ліку ў кантэксце ўводу Беларускай АЭС.