Лукашэнка праінспектаваў ход уборачнай у некалькіх рэгіёнах

25 ліпеня пасля наведвання Веткі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з паветра праінспектаваў ход уборачнай кампаніі ў некалькіх рэгіёнах краіны. Прэзідэнцкі верталёт праляцеў над чарнобыльскімі раёнамі, стан спраў быў відаць як на далоні. Далей маршрут пралягаў па ўсходніх раёнах краіны, аж да Віцебскай вобласці. Прэзідэнцкая інспекцыя стала лагічным прадаўжэннем праведзенай два дні таму рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю.

«Гомсельмаш» заўсёды быў, ёсць і будзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць стратэгію развіцця «Гомсельмаша». Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў у час наведвання вытворчага цэха «Навасёлкі» птушкафабрыкі прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».

Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства як мага хутчэй трэба выводзіць на рэнтабельную работу. «Збірайцеся і думайце, але каб у будучым годзе мы перасталі гаварыць пра «Гомсельмаш» у адмоўным плане», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб перспектывах работы прадпрыемства размова ішла і ў час наведвання гаспадаркі «Радуга-Агра», дзе Прэзідэнта сустрэў генеральны дырэктар «Гомсельмаша» Аляксандр Новікаў. «Я так разумею, разгубленасці няма на заводзе?» — спытаў у яго кіраўнік дзяржавы.

«Разгубленасці няма, калектыў гатовы працаваць. Адзіная цяпер праблема — гэта абаротныя сродкі», — прызнаўся кіраўнік «Гомсельмаша».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падарункаў прадпрыемству ніхто рабіць не будзе, аднак некаторую дапамогу аказаць могуць. «Калі заўтра прадаеш сто камбайнаў і нешта вяртаеш банку або ў бюджэт, вядома, грошы пазычым. «Гомсельмаш» ніхто не загубіць, — запэўніў ён. — «Гомсельмаш», МАЗ, БелАЗ, «Амкадор» і іншыя, хоць і прыватныя прадпрыемствы, — гэта ўсё беларускае, яны павінны даваць вынік. Заводы гэтыя будуць захаваны».

На полі гаспадаркі Прэзідэнт азнаёміўся з уборачнай і новымі збожжаўборачнымі камбайнамі «Гомсельмаша» на газаматорным паліве. Камбайн-навінку Аляксандру Лукашэнку прадставілі яшчэ ў жніўні мінулага года, калі Прэзідэнт наведваў «Гомсельмаш». Гэта тэхніка крыху даражэйшая ў параўнанні з традыцыйнымі аналагамі, аднак дазваляе значна эканоміць на кошце паліва. У сярэднім гэта каля паловы затрат па гэтым расходным артыкуле. Распрацоўшчыкі лічаць, што новы камбайн можа быць шырока запатрабаваны на расійскім рынку. Акрамя таго, ён больш экалагічны.

Тады Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся навінкай і даручыў да наступнай уборачнай кампаніі вырабіць некалькі такіх камбайнаў, каб апрабаваць іх у якасці эксперыменту ў адной з гаспадарак.

Без дысцыпліны нічога не выканаць

На думку Аляксандра Лукашэнкі, дабіцца высокіх вынікаў у час уборачнай кампаніі можна толькі пры адпаведнай дысцыпліне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць барацьбу з п’янствам у гаспадарках. «Трэба дапамагчы кіраўнікам, таму што размовы, што рынак усё адрэгулюе, нас прывядуць не туды, — лічыць ён. — Асаблівую ўвагу — утрыманню тэхнікі. Гэта найважнейшае пытанне, гэта велізарныя грошы».

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на прафілактыку ДТЗ, учыненых па віне нецвярозых вадзіцеляў: «П’яніц дастаткова. Законы дазваляюць з імі разабрацца належным чынам, асабліва ва ўборачную кампанію. Сеў за руль у п’яным выглядзе — галаву страціў. Паколькі ён паслязаўтра загубіць некалькі чалавек».

Прэзідэнт рэзюмаваў, што правядзенне ўборачнай кампаніі, якой удзяляецца павышаная ўвага, не павінна перашкаджаць асенняй сяўбе, тым больш пакуль надвор’е спрыяе гэтым работам.

Выкананне плана — закон

У сёлетнюю ўборачную кампанію неабходна сабраць 8,672 млн т збожжавых і зернебабовых, рапсу — 766,3 тыс. т, ільновалакна — 52,6 тыс. т, цукровых буракоў — каля 5 млн т, кукурузы на зерне — 1,717 млн т, бульбы — 1,1 млн т, агародніны — каля 600 тыс. т.

«Гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Выкананне плана, які вызначаны, — закон».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кантралюючыя органы павінны звяртаць увагу не на колькасць камбайнаў, якія ўдзельнічаюць у работах, а на выкананне плана на ўборачную. «Дзяржзаказ, нарыхтоўка, якасць недзе паглядзець — гэта галоўнае. А мы ходзім па пятах і расказваем, калі сеяць, як сеяць, калі ўбіраць, якой тэхнікай, — яны гэта ўжо даўно прайшлі і забылі. Таму давайце арыентавацца на асноўныя моманты», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтавана па матэрыялах  БелТА

Comments (0)
Add Comment