У сувязі з гэтым лабараторыя, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, таварыства выратавання на водах, Гомельскага абласнога камітэта аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, а таксама дабраахвотнікі з ліку аматараў зімовай рыбалкі зладзілі 17 лютага комплекснае мерапрыемства супраць замору рыбы.
На Арэхаўку з’ехалася больш за дзясятак машын розных службаў. Байцы МНС рэзалі бензапіламі палонкі-майны. У мэтах бяспекі рыбакоў, а таксама каб палонкі не замярзалі, наверх клаліся рэйкі і сена. Такіх проймаў было зроблена больш як дзесяць. А лёд на возеры аказаўся тоўсты: на адной з палонак замералі — 35 сантыметраў.
Арандатар рыбных угоддзяў з Гомельскага раёна Цімафей Кукса бязвыплатна прадаставіў сваю помпу, з дапамогай якой быў зроблены «фантан», які аэраваў ваду, а потым назад вяртаў яе ў возера. Усяго пара гадзін работы такога прыстасавання плюс зробленыя палонкі зрабілі вадаём, прыгодным для жыцця рыб.
На мерапрыемства прыбылі прадстаўнікі абласных і рэспубліканскіх тэлеканалаў і газет, што сведчыць аб значнасці падзеі для аховы прыроды ў рэгіёне.
У Арэхаўцы, кажуць рыбакі, ёсць плоткі, акуні, гусцёрка, шчупак. Для іх агульнымі намаганнямі небяспека задыхнуцца-прапасць мінулася. Засталося толькі не трапляцца на кручкі, але ў гэтым ужо інтарэсы прыроды і людзей не супадаюць…
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.