Мы ведаем чароўных птушак-дзеў Алканоста і Сірын. Іх напісаў у 1896 г. Віктар Васняцоў, знакаміты рускі мастак-рамантык, у час сімвалізму, надзяліўшы іх процілеглымі якасцямі: радасці і смутку. Райскія птушкі-веснікі містычна бачаць будучыню і нясуць весткі пра яе. Але адкуль узяў ідэю мастак эпохі мадэрну?
Гісторыя саміх цудадзейных істот сягае ў даўніну: у антычныя міфы з сірыйскім птахам і салодкагалосымі Сірэнамі (мал. 1). З птушкай-зімародкам (па-грэчаску «алкіон»). Менавіта ў яе ператварылі алімпійскія багі верную жонку, што кінулася ў мора, дзе загінуў яе любы. Алкіон, а потым ён жа Алканост, ператвараецца ў адну з цудоўных птушак, якая адкладвае яйкі ў марскі пясок, а выседжвае птушанят у моры, дзеля чаго тое супакойваецца на шэсць дзён. Яшчэ ў Антычнасці гэты штыль звалі Алкіонавымі днямі. Потым вобразы пераходзяць у культуру Сярэднявечча, у старажытныя кнігі: заходнія бестыярыі і славянскія азбукоўнікі.
Стараабрадчае мастацтва падхоплівае і падоўжвае старажытную традыцыю задоўга да мастакоў і паэтаў эпохі мадэрну, сімвалістаў, якімі былі і А. Блок, і В. Васняцоў, і І. Білібін. Выявы цудоўных птушак у рукапісных зборніках ёсць ужо ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. Прычым вобразы распрацоўваюць і аскеты-стараверы (мал. 3), і спадчыннікі пасадскай гарадской культуры — «папоўцы», у тым ліку і знакамітыя ў гісторыі веткаўцы.
Ветка ў канцы XVII — XVIII ст. —буйнейшы цэнтр стараабрадніцтва, з 1695 г., заснавання Пакроўскага манастыра (150 м ад Краснай плошчы, цяпер на гэтай гістарычнай тэрыторыі спартыўны комплекс і цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва). А ў першай палове XVIII ст. манастыр, заснаваны па ўласнай волі веткаўскіх насельнікаў, толькі інакаў (манахаў) налічваў, па гістарычных крыніцах, каля 1200 чалавек. Як пісаў у 1930 годзе акадэмік М. М. Нікольскі, «иконами и книгами Ветка снабжала весь старообрядческий мир». Традыцыя кніжных майстроў: пісцоў, мастакоў, рэстаўратараў-пераплётчыкаў —захоўвалася на Ветцы да першай трэці XX ст.
Зразумела, што стваралі і рукапісныя кнігі. Сярод іх сціплыя, але каліграфічна дасканалыя зборнікі. У іх змяшчалі выдатныя думкі розных вякоў, гісторыі для ўласнага чытання. Стваралі і раскошныя манускрыпты, што самі нагадвалі райскія сады, з цудоўнымі веткаўскімі буквіцамі і мініяцюрамі. Адзін з такіх шэдэўраў знойдзен намі ў в. Косіцкай у 1989 г. (мал. 5). Слабада Косіцкая — з ліку першых 14 веткаўскіх слабод, заснаваных на тэрыторыі ВКЛ у канцы XVII ст. Стараабрадчы храм у ёй зваўся ў гонар Троіца-Сергіевай лаўры. Магчыма, нездарма там скончыў сваё жыццё і быў пахаваны сам заснавальнік Веткі — поп Кузьма, які прыйшоў у 1670-я гг. «з дванаццацью сямействамі» з царквы Ўсіх святых, што на Кулішках, у Маскве. Косіцкі рукапіс «Святы» («Праздники») пісан на паперы пачатку 1820-х гадоў. Ці даўно гэта было? У гэты ж час А. С. Пушкіну было ледзь за 20 год, і ён толькі пачаў пісаць свае казкі. Рукапіс «Святы» — «пеўчы», буквы тэкстаў у ім суправаджаюцца запісам музыкі, старажытнымі нотамі-«крукамі» ў адну лінейку. Гэтую візантыйскую традыцыю, як і стыль пенія, стараабраднікі захавалі да XX ст. Ці вядомы нам майстры? Імёны ўдаецца збіраць па адзінках, па рэдкіх звестках, запісах, бо мастацтва «старавераў» забаранялася і пераследавалася. З Косіцкай, аднак, паходзяць не толькі «Святы». Там была знойдзена ў 1970-х гадах, яшчэ да стварэння нашага музея, і рэдкая падпісная кніга, якую выканаў і ўпрыгожыў Назараў Пётр Ларыёнавіч, а ён працаваў яшчэ у канцы XVIII ст. Цяпер назараўскі рукапіс у зборы маскоўскага ўніверсітэта.
Але вернемся да сваіх «Святаў», што захоўваюцца і публікуюцца, і выстаўляюцца ў Веткаўскім музеі. На трэцім паверсе, у зале кніжнай культуры Веткі, ёсць і буйныя лісты павялічаных мініяцюр з гэтага рукапісу. Вось і адна з райскіх птушак — крылаты Алканост (мал. 4): з галавой юнай дзевы, у кароне, у расшытым адзенні, з рукамі. У правай трымае кветкі, а левай указвае на суседнюю старонку самой кнігі. На мяжы XIX–XX ст. мастакі-мадэрністы зачараваліся народным мастацтвам і бралі ўзоры з народных твораў: лубкоў, рукапісаў, распісных пастаўцоў, шкатулак, прасніц-пралак. Менавіта там і працягвалі сваё чароўнае жыццё Сірыны і Алканосты. У рамантычнага Васняцова — птушкі-дзевы сядзяць на ветках цудоўнага ж дрэва. А ў нас? У апошні час ўсё часцей мы чуем пытанні: «А чаму ў вас Алканост не на дрэве сядзіць?»; «А на чым-та ён сядзіць?» І сапраўды, наш птах спусціўся на нейкую траву, з лісцем, падобным да івы, і пунсова-ружовымі мяцёлчатымі кветкамі. Заўсёды мы звярталі ўвагу на тое, што на Ветцы мастакі-іканапісцы і кніжнікі сумяшчалі сімвалічныя старажытныя формы са сваім уласным уражаненнем ад прыгажосці навакольнага свету, нашай Веткаўскай зямлі. І мы тлумачылі саму «вандроўку» казачнага Алканоста як раз такім сумяшчэннем. Тым больш, па легендарных тэкстах, райскія птушкі часам спускаюцца на зямлю, каб пець і для смяротных.
Але… У жніўні гэтага году я вадзіла па музею гасцей з Маскоўскага ўніверсітэта. Адна з іх, выкладчык біяфака МДУ, аказалася і заўзятай траўніцай. Таму і экскурсію было цікава весці як раз з пункту гледжання на тое, як выяўлялі расліны — іканапісцы, чаканшчыкі, творцы літых іконак, кніжнікі, ткачыхі і вышывальшчыцы. І якія міфалагічныя, сімвалічныя і мастацкія сэнсы тояцца ў такіх выявах, міма чаго звычайна прыходзіцца праходзіць за лімітам часу.
Дайшлі і да трэцяга паверха з Алканостам. І там-та зноў я пачула пытанне: А на чым-та ў вас Алканост сядзіць? Аднак, паразважаўшы, ніхто не знайшоў канкрэтнага адказу: на траве, бо спускаўся ж і на зямлю, а веткаўскія мастакі любілі ўводзіць у райскія сэнсы ўласны пейзаж.
І толькі пасля заканчэння нашай вандроўкі па музею, седзячы на лаўцы ля музея, госці сталі дзяліцца і сваімі таямніцамі па цалебных, гаючых травах. Дастаючы то адну, то другую сушаную зёлку, паказалі і сухі збор дзярбенніка, «яна ж плакун-трава». Тут прыйшоў чарод зацікавіцца і нам, музейшчыкам: плакун-трава — міфічная і містычная трава славянскага фальклору: «Усім травам маці». Ад любой нячыстай сілы выратоўвала і была па значнасці адразу пасля папараць-кветкі. З корня плакун-травы выраблялі нацельныя крыжыкі-абярэгі. І ў народнай медыцыне яна славілася. Аднак, сучасныя людзі, мы з большага не ведаем, як выглядае тая альбо іншая зёлка, асабліва такая рэальна-міфічная. — А як выглядае дзярбеннік у жывым выглядзе? — Ды ён як раз цвіце ў другой палове лета, па нізкіх месцах, каля рэк, азёр… (мал. 2). «Дербенник иволистый. Цветы у него такой высокой метёлкой, похож на иван-чай, пунцово-красный, малиновый. — Шалфей? — Нет, шалфей губоцветный, как и чистяк болотный. А этот — с венчиками по пять-шесть лепестков…» Ну, паглядзелі ў тэлефон. І тут само сабою зразумелася, на чым сядзіць наш Алканост, райская птушка: на дзярбенніке, ён жа плакун-трава.
Выходзіць, што мастак не проста «пасадзіў» цудоўнага птаха на родны луг. Але і траву выбраў: плакун-траву, «усім травам маці», якая выратоўвае ад любой нячыстай сілы — абы на што Алканост не сядзе! Да таго ж, плакун-трава па кімсьці плача —магчыма, па грэшных душах. Але можа іх і выратоўваць!
Забраўшыся ў інтэрнэт і навуковыя доследы, каб больш пачытаць пра вобразы райскіх птушак у народным, і асабліва, у стараабрадчым мастацтве, мы нідзе ні слова не знайшлі пра рэалістычны пейзаж. І ні слова —пра тое, на чым сядзіць Алканост. Так што адкрыццё! А яшчэ —захапленне ад таго, што мастак наш у 1822 годзе маляваў не проста райскую сімвалічную птушку, але і ведаў народную міфалогію, у якую верыў. Бо сам быў з народу, з веткаўскіх слабод, заснаваных, па словах летапісу, «в местах зверопаственных».
А што да прафесійнай назвы і вартасцяў дзярбенніка, то завецца ён па слову дзебрі, яны ж дзербі, гушчар лясны (Бранск колісь быў Дзебрянскам). У медыцыне плакун-трава выкарыстоўваецца як зелле надзвычай шырокага дзеяння: спыняе крывацячэнне, зажыўляе раны, знішчае бактэрыі, здымае запаленне, сунімае галаўную боль і супакойвае нервы. Лацінская назва дзярбенніка — Lythrum salicaria —перакладаецца як «пралітая кроў, якая звярнулася», што ўказвае на гаючыя ўласцівасці.
Ну а пра калдуноў, змей і другія цудоўныя якасці — чытайце ў фальклоры.
Да, плакун-трава застаўляе плакаць нячысцікаў, аднак і рэальныя ёсць падставы для назвы: на лісці дзярбенніка ёсць жалёзкі, з якіх коцяцца каплі перад дажджом: трава пагоду адчувае. Аднак і тут легенда не здаецца: плакун-трава зарадзілася ад слёз Багародзіцы, якая плакала ля крыжа, дзе распялі Хрыста.
Галіна Нячаева, Веткаўскі музей




