Узор прыцягвае ўвагу
Неглюбскія ручнікі ў мінулыя выхадныя ўпрыгожылі адразу некалькі творчых пляцовак. У аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Таццяна Суглоб вучыла гасцей фестывалю этнакультурных традыцый “Зоў Палесся” ткацтву. Цікавіліся рамяством, як кажуць, і старыя, і малыя.
А ў Неглюбцы, дзе ў гэты час ладзілася свята “Кросенцы”, трымалі экзамен. На працягу тыдня ў мясцовым цэнтры ткацтва пад кіраўніцтвам майстрых Людмілы Кавалёвай і Алены Дзямчыхінай праходзіў летнік па неглюбскім ткацтве. У суботу выпускнікі гэтай школы разам з народнымі калектывамі і майстрамі з усёй Веткаўшчыны падводзілі вынік сваёй работы і ўсхвалялі неглюбскіх ткачых усіх узростаў.