Гісторыю трэба памятаць, а не перапісваць

Вельмі добра і пачэсна, што сёлетні год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. І горка ад таго, што замест мірнага ставаральнага некаторыя пярэваратні-вар’яты аддаюць перавагу вайне і бойкам. Нават гібрыдным войнам.

Мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь балюча і горка ад таго, што ворагі нашай Айчыны, ворагі мірнага жыцця імкнуцца перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай, аплявузгаць ролю савецкага народа ў перамозе над фашызмам. Мінулая вайна заўсёды была святым паняццем для кожнай беларускай сям’і. У многіх дамах як самыя дарагія рэліквіі захоўваюцца фотаздымкі, лісты, успаміны, узнагароды франтавікоў. А некаторыя аддалі гэтыя дарагія «сляды памяці» ў музеі, каб і іншыя ўбачылі, адчулі, перажылі… Успомнілі, што Беларусь ва ўсе часы была мужнай і няскоранай.

На жаль, сярод нас сёння многа людзей перакаці-поле, для якіх мінуўшчына, спадчына, гісторыя нацыі — пустыя гукі. Для такіх галоўнае — долары і еўра ў кішэні. А заходнія цёткі і дзядзькі з вучонымі ступенямі імкнуцца перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны на свой лад. Выдаюцца за мяжой хлуслівыя кнігі пра вайну, накрапаць якія маглі толькі аўтары-пярэваратні з хворымі мазгамі і ватнымі сэрцамі. Яны нават не ўказваюць, што Беларусь першай сярод рэспублік СССР прыняла на сябе ўдары фашысцкай навалы. Больш таго, сур’ёзныя, салідныя даследаванні пра мінулую вайну замоўчваюцца ў свеце, затое сумніўныя, ілжывыя з’яўляюцца на самых відных паліцах. І адбываецца ўсё гэта пры тым, што ветэранаў застаецца ўсё менш і менш. З якімі думкамі ім дажываць свой век, калі перамогу абліваюць брудам і памыямі, руйнуюць помнікі іх таварышам па зброі?!

Проста дзікунства: краіны, якія прайгралі ў вайне, сёння імкнуцца выдаваць сябе пераможцамі. Агідна, што на выпушчаным у ЗША юбілейным медалі, прысвечаным чарговай гадавіне завяршэння Другой сусветнай вайны, месца для сцяга СССР наогул не знайшлося. А менавіта СССР перамог фашызм!

Беларусь заўсёды клапацілася пра месцы захавання салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Тут ва ўсе пасляваенныя часы пастаянна з’яўляліся новыя помнікі, а старыя дбайна даглядаліся. А вось у «цывілізаванай» Еўропе помнікі руйнуюцца, руйнуецца чалавечая памяць і свядомасць. Дзеці выхоўваюцца на абыякавасці і нянавісці да іншых нацый…

Беларусь умее і можа жыць у міры і суладдзі абсалютна з усімі краінамі, імкнецца развіваць па максімуму матэрыяльныя і духоўныя стасункі. А ў Амерыкі — толькі свае меркантыльныя геапалітычныя інтарэсы. Чаму мы, нашчадкі герояў-пераможцаў, павінны сёння слухаць тых, продкі якіхі пораху ледзь панюхалі?! Еўрапейцы ж хочуць сёння абяліць сябе, бо ў вайну жылі як маладушнікі і здраднікі, як палахлівыя саюзнікі.

Перамога ў вайне многія гады аб’ядноўвала розныя пакаленні савецкіх людзей. Але на жаль сёння хлусня пра вайну вельмі хутка распаўсюджваецца дзякуючы ўсемагутнаму інтэрнэту. Фальсіфікацыя гісторыі XX стагоддзя і падтасоўка фактаў пра падзеі Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай выхоўваюць маладыя пакаленні з дэфармаванай свядомасцю. Чамусьці забываецца, што Вялікая Айчынная насіла справядлівы, вызваленчы характар. Яна і атрымала назву Айчыннай таму, што на барацьбу з карычневай чумой узнялася ўся Айчына — і малыя, і ў гадах, і сталыя, і пажылыя. І сёння проста наш святы абавязак — абараніць гістарычную памяць, абараніць праўду пра вайну для нашых нашчадкаў. Мы павінны цаніць мір, за які вельмі дорага заплацілі нашы продкі-героі. І не дапускаць, каб «дабрадзеі», выкарыстоўваючы фэйкавыя навіны, пачыналі вучыць Беларусь як нам жыць сёння і заўтра.

Нельга не адзначыць, што наша краіна сама ў стане вызначаць прыярытэты інфармацыйнай палітыкі, фармуляваць і вызначаць прынцыпы інфармацыйнага суверэнітэту. Таму мяне ўзрадавала, што з эфіру знік замежны тэлеканал Euronews. А як інакш можна ставіцца да канала, які руйнаваў нашу памяць, трансляваў, як зносіліся помнікі тым героям, што прынеслі Еўропе мір і вызваленне ад фашызму! Мне ніколі не падабался, што навіны там падаваліся спрошчана і аднабока. А сама дыкцыя і тон паведамленняў былі крыклівымі, пампезнымі, аднак часта пустымі і нікчэмнымі, што проста раздражняла. Дзікунства: нашы продкі перамаглі фашыстаў у вайне, а сёння нашы ворагі, няхай сабе і ў інфармацыйным ключы, пачынаюць нам даказваць, што абарончай вайны наогул не было ў гісторыі чалавецтва. Не было і перамогі, якая вызваліла нашу краіну, СССР і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва.

Нельга ні ў якім разе забываць, што Другая сусветная вайна стала паваротным пунктам у сусветнай гісторыі. Мы ўсе разам павінны захоўваць, вывучаць, прапагандаваць матэрыяльныя і духоўныя сведчанні пра подзвігі і ахвяры гэтай вайны. У імя захвання міру на планеце Зямля. «Порахам чалавека не выхаваеш», — сцвярджаў Васіль Быкаў, аўтар многіх твораў пра Вялікую Айчынную. Перачытаем іх! І будзем ПОМНІЦЬ!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.