Калі ёсць добрыя карані…

Выстаўка “Закаханы ў жыццё”, прысвечаная жыццю і творчасці Ф.Р. Шклярава, была адчынена 28 лістапада ў Гомелі, у філіяле Веткаўскага музея. У гэты ж дзень, роўна 35 гадоў таму, у 1978 годзе, Веткаўскім райвыканкамам было прынята рашэнне аб заснаванні музея ў Ветцы.

“Паміж гэтымі іконамі, што размешчаны ў экспазіцыі, існуе адлегласць у 35 гадоў, — распачала выстаўку дырэктар музея Галіна Рыгораўна Нячаева. — Менавіта ікона “Мікола Адводзячы” стала першай у зборы нашага музея. У гэтым ёсць нешта глыбока сімвалічнае. Здаўна у Ветцы св. Міколу называюць “хозяином”, “гаспадаром” дома. За ўсе гады існавання наш музей стаў Домам, у якім утульна адчуваюць сябе наведвальнікі, госці музея. Менавіта такім ён бачыўся Фёдару Шкляраву. У экспазіцыі выстаўкі, праз некалькі метраў ад гэтай іконы — зноў іконы з вобразам Міколы Адводзячага, срэбраны аклад, зроблены майстрам Свяшчэннікавым, аклады, шытыя бісерам, — рэчы, якія прыйшлі да нас з чатырох калекцый”.

“Як дзіўна ўсё пераплятаецца! — заўважыла пазней дырэктар музея. — Адну з ікон, тых, што перад намі (яна знаходзілася ў Веткаўскай Пакроўскай царкве), выратаваў, выцягнуў з агню веткаўчанін Авер’ян Рыгоравіч Анікеіч. Побач з намі — партрэт гэтага чалавека, напісаны Ф. Шкляравым”.

Святлана Іванаўна Лявонцьева, галоўны захавальнік фондаў музея, расказала прысутным аб этапах працы падчас стварэння выстаўкі. Ф.Р. Шкляраў найперш прадстаўлены на ёй як таленавіты мастак. Яго карціны не паблытаеш з карцінамі іншых мастакоў, — настолькі яны адметныя, цэльныя.

“Лёгка і складана гаварыць пра Фёдара Рыгоравіча як пра чалавека таленавітага. Ёсць вядомае выказванне акадэміка Ліхачова: “Стараабрадцам мы абавязаны захаваннем старажытнарускай культуры”. Фёдару Рыгоравічу Шкляраву мы абавязаны гэтым музеем”, — адзначыла Святлана Іванаўна.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі шматлікія госці. Калектыў Веткаўскага музея прымаў віншаванні, падарункі ад калег — кіраўніцтва і супрацоўнікаў Гомельскага палаца-паркавага ансамбля, Гомельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, ад сяброў, аднадумцаў, спонсараў, раённай і абласной улады.

Падчас свайго выступлення Яўген Іванавіч Чэванькоў задаў пытанне: “Чаму выстаўка, прысвечаная Ф.Р. Шкляраву, наладжана не ў Ветцы, а ў Гомелі?”, маючы, відаць, на ўвазе тое, што яна б была цікавая, у першую чаргу, веткаўчанам. О, калі б гэта было так! На вялікі жаль, многія веткаўчане (маю на ўвазе прадстаўнікоў сярэдняга, старэйшага ўзросту), а таксама жыхары Веткаўскага раёна рэдка прыходзяць, прыязджаюць у музей. Такія абставіны складваюцца ў апошнія гады. З музеем супрацоўнічаюць шматлікія беларускія турыстычныя фірмы, людзі прыязджаюць сваімі шляхамі з розных, далёкіх і блізкіх, еўрапейскіх краін. Нашай гісторыяй, творамі мастацтва цікавяцца найбольш яны, а не насельнікі тутэйшай мясцовасці. Так складваецца, што сапраўды: “… мы не цікавыя самі сабе. Шырокаму свету шмат у чым цікавыя, а сабе — не”. Так лічыць наш беларускі знакаміты мастак, паэт, публіцыст Рыгор Сітніца (нар. у в. Курыцічы Петрыкаўскага раёна). Яго вялікая персанальная выстаўка некалькі гадоў назад была наладжана на самай прэстыжнай выставачнай пляцоўцы Расіі — у Цэнтральным Доме Мастака.

Мастак Рыгор Сітніца канстатуе, прыводзіць шматлікія прыклады абыякавасці грамадства да падзей, адкрыццяў, зробленых у Свеце беларускага мастацтва: “Напачатку лета ў Львове была паказана мастацкая выстава “100 мастакоў Беларусі”. Выдатнейшы прыём, натоўпы захопленых гледачоў, мноства інфармацыйных матэрыялаў ва Ўкраінскіх медыях. У Беларускай інфармацыйнай прасторы — глуха і нема… Прыклад чацвёрты. Малады оперны спявак з Беларусі Юры Гарадзецкі, прайшоўшы шэсць найскладанейшых тураў сусветнага вакальнага конкурсу, выйшаў з 360 прэтэндэнтаў у пяцёрку фіналістаў. Поспех фенаменальны! А ці ведае хто пра гэта? Прыклад пяты. З кім са сваіх шматлікіх калег-мастакоў ні заводжу гаворку пра публікацыі ў часопісах “Дзеяслоў” ці “Верасень”, а толькі лічаныя адзінкі ведаюць пра існаванне гэтых часопісаў. Зрэшты, пра іншыя ведаюць яшчэ меней. І гэта пры тым, што сярод гэтых людзей шмат адукаваных, культурных, нацыянальна свядомых, актыўных у сваёй грамадзянскай пазіцыі асобаў. Да гэтага можна яшчэ дадаць, што на шматлікіх мастацкіх выставах я, за вельмі малым выняткам, практычна не сустракаў ні беларускіх пісьменнікаў, ні артыстаў, ні архітэктараў, ні палітыкаў… Не бачу я іх ні ў філармоніі, ні ў тэатрах” (Часопіс “Верасень, №2, 2011).

Цікавым было выступленне Валерыя Сцяпанавіча Сяліцкага, які заўсёды імкнецца паказаць гасцям Гомельшчыны самае адметнае. Па яго словах, па яго запрашэнні сем міністраў культуры ў свой час наведалі Веткаўскі музей. Дзякуючы і яго намаганням, у Гомелі быў адчынены філіял Веткаўскага музея. Менавіта тут наладжваюцца выстаўкі, майстар-класы, адбываюцца лекцыі, выступленні сучасных музычных гуртоў, сустрэчы з творчымі людзьмі ды інш. Экспазіцыі ж Веткаўскага музея на працягу многіх гадоў застаюцца пастаяннымі, амаль нязменнымі.

Пётр Міхайлавіч Цалко параўнаў філіял музея, якім ён кіруе, з растком дрэва: “Калі ёсць добрыя карані, дык і галіны ўзрастаюць усё вышэй і вышэй”. Сапраўды, праца і дзейнасць супрацоўнікаў філіяла нашага музея ў Гомелі — адметная з’ява ў культурным жыцці Беларусі.

Заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь, вядомы беларускі мастак Роберт Яўхімавіч Ландарскі падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Ф.Р. Шклярава, згадаў пра сваяцкія сувязі, расказаў пра малавядомыя факты з яго жыцця, напрыклад, пра тое, што некалі Фёдар Рыгоравіч трымаў некалькі пчаліных вулляў пад Шубіным.

Пра некаторыя эпізоды з няпростага жыцця Ф.Р. Шклярава, якім заўсёды бывае жыццё чалавека таленавітага, згадваў яго сын, мастак (жыве ў Гомелі) Мікалай Фёдаравіч Шкляраў: “Усё жыццё мой бацька хацеў быць мастаком. Ён стаў ім. Многае зрабіў для таго, каб і я змог стаць мастаком”.

“Закаханы ў жыццё” — яшчэ адна творчая дзея ў вянок памяці аб Ф.Р. Шкляраву, які пакінуў, быццам запавет: “Ветка — жыццё, шчасце, Радзіма мая!” Ласкава запрашаем наведаць выстаўку.

Ларыса РАМАНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.