Вайна Івана Казунова
Памяць чалавека, які пазнаў жахі Вялікай Айчыннай вайны, утрымлівае ў сабе яе шматлікія падзеі доўгі час. Нават зараз, амаль праз семдзесят гадоў пасля яе заканчэння, многія ветэраны памятаюць тыя чорныя дні так, быццам яны былі зусім нядаўна. У Оршы жыве наш зямляк Іван Казуноў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вераб’ёўка (зараз яе няма — выселеная). Калі пачалася вайна, яму было дванаццаць гадоў. Іван Калінавіч паспеў скончыць чатыры класы, а пасля таго, як вобласць была вызвалена, то працягнуў вучобу ў вячэрняй школе. З сямнаццаці гадоў працаваў у мясцовым калгасе, узначальваў брыгаду паляводаў.
Юнак з Вераб’ёўкі вырашыў звязаць сваё прафесійнае жыццё з міліцыяй. Ён скончыў афіцэрскую школу МУС у Львове, Вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Іван Калінавіч праслужыў у органах унутраных спраў амаль трыццаць гадоў. Апошнім месцам яго работы была аршанская выпраўленчая калонія №6. Там ён сем гадоў узначальваў аператыўную часць. Мае шмат медалёў і ардэноў.
Іван Калінавіч у гутарцы з карэспандэнтам “Аршанскай газеты” напачатку года ўзгадаў тое, што давялося яму і яго сваякам перажыць у цяжкі ваенны час.
— У той дзень, 22 чэрвеня, па календары была нядзеля, — расказаў ён. — Стаяла вельмі цёплае надвор’е. Мы з сябрамі плёхаліся ў Бесядзі. Было гадзін каля дванаццаці, калі з гомельскага боку на бранскі праляцела некалькі самалётаў. Яны ляцелі невысока, таму я лёгка разгледзеў, што за малюнкі былі на іх крылах. То былі чорныя крыжы, не такія, як у нашых цэрквах. Праз некаторы час яны праляцелі назад. Мы палічылі, што гэта звычайныя вучэнні адбываюцца. Ведалі, што яшчэ да вайны лётчыкамі адпрацоўваліся трэніровачныя палёты.
У Вараб’ёўцы, як і ў многіх іншых вёсках, тады яшчэ не было радыё. Таму пра тое, што пачалася вайна, вяскоўцы даведаліся толькі на другі-трэці дзень. Усе здаровыя мужчыны былі мабілізаваныя. Да вайны ў Вераб’ёўцы было каля шасці-дзесяці двароў. Прыкладна пяцьдзесят сялян з яе пайшлі на фронт абараняць Радзіму. Каля сарака з іх так і не вярнуліся дадому. Сярод тых, хто аддаў сваё жыццё на вайне, былі і два браты Івана Калінавіча — Пятро і Кірыл. Склалі свае галовы і пяцёра братоў Ганчаровых — Арсеній, Сямён, Мікалай, Васіль і Іван. Яны рана страцілі бацькоў. Браты былі актыўнымі падпольшчыкамі.
Дапамагаў партызанам і бацька Івана Калінавіча — Каліна Сільвестравіч. Ён захоўваў і лячыў партызанаў з раненнямі, быў за правадніка. Яшчэ ў даваенны час Каліна Сільвестравіч у калгасе працаваў ветэрынарам і паляводам.
— Неяк летам у 1942 годзе нехта ціхенька пастукаў у акенца нашай хаты, — узгадваў Іван Казуноў. — Мы адчынілі дзверы. Гэта былі партызаны. Яны звярнуліся да бацькі з просьбай — пераправіць іх на той бераг Бесядзі, бо яны накіроўваліся ў бок чачэрскіх лясоў. Мы з бацькам з задавальненнем дапамаглі. Даволі часта аказвалі нашым такую паслугу.
Зімой 1943 года ў Вераб’ёўку прыехалі паліцаі. Іх узначальваў начальнік паліцыі з Бесядзі па прозвішчу Белякоў. Мэта прыезда была адна: затрымаць і адправіць моладзь у Германію. Сярод затрыманых апынулася і дачка Каліны Сільвестравіча Марыя. Ён звярнуўся да Белякова, каб той яе адпусціў. Але паліцаі яго моцна пабілі, пасля чаго хацелі завезці ў Ветку, у камендатуру. Дзякуючы жыхарам Вераб’ёўкі гэтага не адбылося. Марыя здолела збегчы.
Пасля таго, як адбылася Курская бітва, немцы вельмі спяшаліся адступіць. Жыхары вёскі прымушаны былі хавацца па-за яе межамі, у лесе і на балотах.
— Памятаю, як аднойчы жыхары рушылі ў вёску, а мы з бацькам засталіся даглядаць маёмасць, вазы і коней, — расказаў Іван Калінавіч. — Мы сядзелі на палянцы каля вогнішча. Раптам чуем — голле хрусціць! У гэты ж момант каля нас апынуліся тры чалавекі. Яны мелі нямецкую форму, а ў руках трымалі вінтоўкі. Мы спачатку спалохаліся, але тут жа моцна здзівіліся, калі “візіцёры” загаварылі па-руску. Яны сказалі, каб бацька запрог двух коней. Я паехаў разам з імі ў вёску. Там да нас падселі яшчэ тры чалавекі з пісталетамі. На іх таксама было нямецкае адзенне. Мы рушылі ў вёску Забужжа. Аказалася, што гэтыя людзі шукалі сувязі з партызанамі. Калі прыехалі ў Забужжа, то яны мяне адпусцілі.
У верасні 1943 года каля Вераб’ёўкі часам падалі снарады. Але ніводзін з іх не трапіў па якой-небудзь хаце. Неяк у адзін з ціхіх вечароў Іван Калінавіч направіўся ў вёску на разведку. Бачыць — а там на вуліцы салдаты жартуюць па-руску і ўсміхаюцца! Прыгледзеўся… не можа быць! На пілотках чырвоныя зорачкі ззяюць! Нашы! З гэтай навіной хлопец рушыў да аднавяскоўцаў. Праз колькі хвілін усе абдымаліся з салдатамі, цалаваліся і плакалі.
Данііл СУРТА.