А магло б жыццё пайсці інакш

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дырэктар пінскага ААТ «Парахонскае» Уладзімір Храленка два дзесяцігоддзі ўпэўнена трымае штурвал кіраўніка. Па вытворчасці ялавічыны (штогод рэалізуецца дзяржаве амаль 6500 тон) парахонскім жывёлаводам няма роўных у рэспубліцы. Таму цікава, што гэты славуты працаўнік сяла пасля заканчэння аграфака Белдзяржсельгасакадэміі пачынаў сваю працоўную біяграфію на Веткаўшчыне.

Пасля атрымання дыплома ў Уладзіміра Храленкі была магчымасць займацца навукай, але душа прагнула працы на зямлі. На размеркаванні, як выдатнік вучобы і актывіст, ён быў у ліку першых. Так ураджэнец расійскіх Клінцоў папаў на Гомельшчыну.

— Працоўную дзейнасць пачаў галоўным аграномам у веткаўскім калгасе імя Леніна. Потым перайшоў у спецыялізаваную гаспадарку па вырошчванні насення сельгаскультур. Памятаю, як вясной 1986 года, толькі завяршылі сяўбу збожжавых, грымнуў выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Радыеактыўная хмара накрыла Веткаўскі раён. Многія землі з-за высокай забруджанасці радыенуклідамі сталі непрыгоднымі для земляробства. Палову жыхароў гаспадаркі, дзе працаваў, перасялілі ў чыстыя рэгіёны рэспублікі. Жонку, сына і маленькую дачку адправіў да цешчы ў Пінск, а потым і сам да іх прыехаў, — успамінае веткаўскі перыяд свайго жыцця Уладзімір Фёдаравіч.

Прайшлі гады. За плённую працу Уладзімір Храленка адзначаны медалём «За працоўныя заслугі» і юбілейнай «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі», ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча і Брэсцкага аблвыканкама. Мужчына жыве па прынцыпе: узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Дасягае ў жыцці значных высотаў.

І хто ведае: каб не чарнобыльская бяда, можа, прасляўляў бы сёння Уладзімір Фёдаравіч Храленка наш Веткаўскі раён. Тое месца, што дало яму пуцёўку ў прафесійнае жыццё.

Comments (0)
Add Comment