«Любая краіна пазайздросціла б такому ўзроўню музея»

Музей, асабліва раённага падпарадкавання, — і навуковая канферэнцыя. Наколькі адпаведныя гэтыя фарматы? І што сам музей? Лакацыя, пульсар ініцыятывы, аўтарытэт прыцягнення ў пэўнай галіне?

Сёння каляндар навукова-практычных, краязнаўчых, юбілейных канферэнцый, што арганізуюцца музеямі Беларусі, прыемна ўражвае. Можна сказаць, што такія мерапрыемствы — «спроба сілы» ўласна музея. Адзнака якасці здабываецца і аказваецца мераю выпрабавання. Усе цяжкасці, у тым ліку і арганізацыйныя, Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава мужна прыняў і вытрымаў. Але які радасны эфект!

У канцы кастрычніка ў нашым музеі адбылася I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Яе назва — «Каб не аддаць забыццю патрэбныя рэчы…». Стараабрадніцтва як гісторыка-культурны феномен.

Пленарное пасяджэнне

У якасці эпіграфа абралі словы аднаго з «веткаўскіх аўтараў» XVIII стагоддзя — Якава Бяляева, з яго «Летапісу веткаўскай царквы»: «Дабы не предати небытию надобные вещи…»

Уласна кажучы, падобны пасыл Веткі — не першы. 20 год таму, у 2002-м, мы спрабавалі арганізаваць падобную канферэнцыю. Але тады вырашылі, што раённы музей — не лепшы аўтарытэт для міжнароднага закліку навукоўцаў. Так падзея адбылася ў пачатку 2003-га на базе Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Аднак найлепшы дзень той канферэнцыі, другі, госці са шматлікіх краін правялі ў сценах музея ў Ветцы, з асалодаю ўспрымаючы яго экспазіцыі. Уражваў іх вынік шматгадовай плённай працы супрацоўнікаў, распачатай яшчэ ў 1978 годзе на чале з заснавальнікам музея Фёдарам Рыгоравічам Шкляравым. Увогуле, госці размаўлялі ўжывую ў адпаведным асяроддзі (цяпер бы сказалі афлайн), былі ўражаныя і чакалі паўтору ўдалай сустрэчы — на наступны год ці хаця б кожныя два гады…

У той канферэнцыі было яшчэ два важных вынікі. Па-першае, выйшаў зборнік яе матэрыялаў, які да гэтага часу з’яўляецца настольнай кнігай сур’ёзных даследчыкаў стараабрадніцтва. Па-другое, усім удзельнікам была падорана кніга «Веткаўская ікона», на той час амаль адзіная па стараабрадніцкаму мастацтву. Для нас важна, што па свету раз’ехалася манаграфія менавіта па мастацтву Веткі, дзе тэрмін і з’ява атаясаміліся і сталі вядомым брэндам.

Работа секцыі «Архітэктура, этнаграфія , фальклор»

Работа секцыі «Архітэктура, Цяпер, праз 20 год, адбылася наступная сустрэча на беларускай зямлі. Ролю арганізатара ўзяў на сябе музей. Суарганізатарамі выступілі Веткаўскі райвыканкам і асветніцкі аддзел Мітраполіі РПСЦ (Рускай праваслаўнай стараабрадніцкай царквы). Адпаведна часу звесткі аб нашай ініцыятыве, патрабаванні да матэрыялаў і запрашэнні разаслалі праз інтэрнэт-рэсурсы зацікаўленым установам і асобам — непасрэдна даследчыкам. І пачалі чакаць. А на самой справе, перапісвацца, адказваць, тлумачыць, прынімаць артыкулы, будаваць канферэнцыйны зборнік, дамаўляцца аб анлайн-фармаце і гэтак далей.

І гатаваць тонкія асаблівасці ва ўласных экспазіцыях. Так, прынялі расійскую грантавую выставу жывапісу і фатаграфіі «Клінцы стараабрадніцкія», у складзе якой прадставілі і свой унікальны «клінцоўскі» матэрыял: рукапісы і старадрукаваныя кнігі з Клінцоў.

Яшчэ — адкрылі выставу ў філіяле музея ў Гомелі: цэлую залу, дзе толькі сярод сапраўдных твораў веткаўскага іканапісу шаснаццаць былі прадстаўлены ўпершыню, пасля музейнай рэстаўрацыі. Гэтая выстава завершыла шматгадовую працу над выставачным праектам, прысвечаным адной знакамітай веткаўскай іканаграфіі — вобразу Багамацеры «Усім, хто смуткуе, радасць».

І, нарэшце, стварылі маленькі «Кабінет Шклярава»: далікатную мемарыяльную экспазіцыю, дзе і карціны самога мастака развесілі па-шкляраўскі — проста на столі…

Навуковыя дыскусіі ўдзельнікаў канферэнцыі разгарнуліся адразу на чатырох секцыях: «Іканапіс», «Гісторыя», «Кніжная культура», «Архітэктура, этнаграфія, фальклор». Адазваліся і прынялі ўдзел даследчыкі з Мінска, Гомеля, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Бранска, Ноўгарада, Калугі, Растова Вялікага, Печолі (Італія). Анлайн прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Румыніі, Польшчы, Літвы. Зразумела, выступілі з дакладамі па тэме стараабрадніцтва і супрацоўнікі Веткаўскага музея.

У экспазіцыях музея размаўлялі пра Іканапіс Веткі

Як нам падаецца, першая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ўдалася. Мы смела можам гэта казаць, бо грунтуемся не толькі на нашых адчуваннях, але і на водгуках удзельнікаў і пра канферэнцыю, і пра Веткаўскі музей уцэлым.

«У такіх жывых зносінах нараджаюцца новыя думкі, новыя тэмы, а ў дыскусіях з’яўляецца жаданне новых сустрэч. Хацелася, каб такое мерапрыемства ў Веткаўскім музеі мела працяг. Гэта будзе для ўсеагульнага задавальнення і карысці», — напісала Дар’я Мальцава, мастачка-рэстаўратарка, мастацтвазнаўца з Дзяржаўнага Рускага музея (Санкт-Пецярбург) і Музея рускай іконы Фарнчэска Бігацы (Печолі, Італія).

«У 2024 годзе ў Растове Вялікім плануецца маштабная выстава веткаўскага іканапісу. Для нас, навукоўцаў, супрацоўнікаў музеяў, для ўсёй Расіі, прысутнасць Веткаўскага музея на дадзенай выставе — гэта падняцце яе статуса да нябёс. Вось гэта вы павінны разумець», — адзначыў Міхаіл Чарноў, загадчык аддзела ікон Музея гісторыіі культуры стараабрадніцтва (Масква).

«Пра Веткаўскі музей я да гэтага ведаў толькі па кнігах пра веткаўскія іконы. І думаў, што гэта, напэўна, такі звычайны раённы музей — сумнаваты і нічога асаблівага. А калі сёння я туды зайшоў — літаральна там завіс. Бо пабачыў там неверагодны мастацкі твор. Цудоўная дзіўная рэч — калі з прадметаў даўніны збіраецца кампазіцыя, якая набывае такія сэнсы, што становіцца асобным творам мастацтва. Гэта штосць небывалае, абсалютна неверагодны музей. Такога больш у свеце няма, вы разумееце?» — Ілля Баравікоў, галоўны саветнік Галерэі «Се вера» (Масква).

На секцыі гісторыі стараабрадніцтва

А вось словы ўражанняў калужскага краязнаўца, аўтара кнігі па гісторыі цэркваў горада Калугі Андрэя Курбацкага: «Ветка для мяне здавалася міфам ці легендай. І тут я атрымліваю магчымасць наведаць яе. І бачу, што гэта сапраўды рэальнасць, якая створана людзьмі. Музей у тры паверхі з кампазіцыяй, якая ўражвае. Такі падыход да рэчаў праз знакі і семіотыку, дзе за паяднаннем экспанатаў стаіць сэнс, цэлая матрошка значэнняў, — адкрывае партал у глыбіню архетыпаў. Любая краіна пазайздросціла б такому ўзроўню музея».

Галіна НЯЧАЕВА.

Фота Кацярыны ЯРЫВАНОВІЧ.

Comments (0)
Add Comment