Неглюбскія ручнікі, што выконваюць ткачыхі на драўляных станках, вядомыя ва ўсім свеце. Сёння яны з’яўляюцца брэндам нашага раёна, а ў наступным годзе неглюбская тэкстыльная традыцыя будзе ўключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА.
Аднак гэтага ўсяго магло б не быць, каб не людзі. Менавіта яны захавалі рамяство ў яго першапачатковым выглядзе і прадаўжаюць з пакалення ў пакаленне перадаваць свае сакрэты прадаўжальнікам традыцыі. У суботу на пляцоўцы каля сельскага цэнтра ткацтва гэтыя пакаленні сустрэліся — у Неглюбцы прайшло свята «Кросенцы».
Зараз папулярызацыяй ткацтва займаюцца ткачыхі Людміла Кавалёва, Таццяна Суглоб, Алена Дзямчыхіна, Галіна Грынькова, а таксама кіраўнік установы культуры Уладзімір Кавалёў. Разам з імі традыцыю захоўваюць Анастасія Каўтунова і Лідзія Чарнушэвіч. Дзяўчаты Віялета Савасценка, Насця Левянкова, Вольга Шаршова, Ангеліна Малікава і Караліна Малікава з прагнасцю ўбіраюць веды сваіх настаўнікаў. Тыя, у сваю чаргу, вучыліся ў Ефрасінні Дзямчыхінай, Веры Каўтуновай, Ніны Мельнікавай, Ганны Барсуковай і Еўдакіі Барсуковай, а таксама ў Лідзіі Каўтуновай, якая працавала ў Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва больш за 25 гадоў. І адзначыць іх за асабісты ўклад у справу духоўнага ўзбагачэння чалавецтва ў святочны дзень прыехалі старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Масейкаў, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Дарашэвіч і старшыня сельсавета Рыгор Кулага.