Тэма тыдня: Рэгіянальная рабочая паездка Прэзідэнта па сельгастэматыцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20–21 чэрвеня правёў рэгіянальную рабочую паездку па сельгастэматыцы. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вырошчваннем азімага ячменю і рапсу на эксперыментальных палях на яго малой радзіме каля аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Таксама Прэзідэнт наведаў ААТ «Агракамбінат “Юбілейны”» ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці.

«Сёння гістарычны момант»

У час паездкі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для сельскай гаспадаркі настаў залаты век, галоўнае — скарыстацца добрай кан’юнктурай цэн на прадукты харчавання на сусветным рынку і ў бліжэйшыя пару гадоў добра спрацаваць у сельскай гаспадарцы. Прэзідэнт ставіць задачу па дасягненні ў Беларусі валавога збору збожжавых каласавых у бліжэйшай перспектыве 9–10 млн тон.

Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе рызыкнуў вельмі жорстка паставіць пытанне па вырошчванні азімага ячменю. Яго ўбіраюць раней за іншыя збожжавыя культуры. Гэта дае магчымасць аператыўна і ў больш раннія тэрміны атрымаць кармы для жывёлагадоўлі, больш раўнамерна задзейнічаць і абкатаць тэхніку перад масавай уборкай. Такі падыход кіраўнік дзяржавы практыкаваў у тым ліку асабіста ў перыяд работы кіраўніком гаспадаркі.

«Для таго, каб нам не перажываць, як заўсёды, па збожжавых каласавых, думаю, што нам трэба вярнуцца да больш сур’ёзнага вырошчвання азімага ячменю. Мяне хвалявала ў мінулым годзе, калі я прымаў жорсткае рашэнне, адно: ці зможам мы атрымаць не проста ўраджайнасць. Нам патрэбна якаснае добрае збожжа. Калі 10 млн т атрымаем — шчасце. На гэтых пасяўных плошчах, не скарачаючы аб’ёмы рапсу і іншых. Гэта значыць, за кошт інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі», — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адна тэма рабочай паездкі — вырошчванне рапсу. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў вялікае значэнне гэтай культуры для сельскай гаспадаркі, і гэта грошы для вяскоўцаў.

Перспектыва ў далейшым узбуйненні гаспадарак

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць перспектыву ў далейшым узбуйненні гаспадарак у АПК. Паводле яго слоў, гэтага патрабуюць сучасныя рэаліі — аб’ядноўвацца, далучаць землі.

Калі б Беларусь не захавала такія вялікія формы гаспадаркі, як калгасы і саўгасы, а пайшла па шляху драбнення на фермерскія гаспадаркі, то адток людзей з сельскай мясцовасці быў бы яшчэ большым, упэўнены Прэзідэнт. Аднак у краіне захаваны і тыя і іншыя формы гаспадарання ў вёсцы, што дае магчымасць аграпрамысловаму комплексу спакойна развівацца.

«Недзе больш фермераў, недзе менш, нехта адыходзіць, нехта прыходзіць і гэтак далей. Некаму рэдка, але перадаём стратныя калгасы і саўгасы. Але насельніцтва ўсё роўна будзе скарачацца. Я спрабую ўтрымаць колькасць насельніцтва (у вёсцы. — Заўвага), хоць, калі глядзіш па статыстыцы, у нас значна ў вёсцы насельніцтва скарачаецца. Але яго дастаткова, таму што тэхніка іншая прыходзіць», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Умовы трэба нармальныя ствараць і больш нічога. А людзі самі будуць выбіраць. Павалілі ўжо ў горад, а там жа з работай не так проста, і ўжо некаторы адток пайшоў», — прадоўжыў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што па яго патрабаванні ў Беларусі атрымалі развіццё аграгарадкі. Іх мэтай якраз і было стварэнне ў вёсцы больш камфортных умоў для жыцця, каб замацаваць людзей у рэгіёнах. Аднак усё гэта не дасць выніку, калі не стварыць рабочыя месцы і дастойныя ўмовы працы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Але яны будуць нішто, калі не будзе добрай тэхнікі, добрых комплексаў — машынны двор, збожжаток, калі не будзе добрых умоў працы. У нас, дарэчы, спачатку быў перакос: аграгарадкі стварылі, а тэхналогіі і тэхніка адставалі. А цяпер пачынаем падцягваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

belta.by

Comments (0)
Add Comment