Тэма тыдня: Дзяржава для народа — гэта сучасная суверэнная палітыка Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні». У мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 700 чалавек. У іх ліку — вышэйшыя службовыя асобы, а таксама асобы, якія займаюць кіруючыя пасады ў дзяржорганах і арганізацыях, прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі абл- і райвыканкамаў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі вядучых СМІ.

Беларуская дзяржава была створана народам і для народа, такой яна і застаецца

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ў Беларусі мэтанакіравана ўмацоўваюць вертыкаль улады знізу, максімальна набліжаючы яе да людзей.

«Іншымі словамі, прынцыпы эфектыўнай зваротнай сувязі і давернага дыялогу ўлады з людзьмі з’яўляюцца асноватворнымі ва ўсёй рабоце адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату. Гэта ідэал, да якога мы імкнёмся. Ён цалкам адпавядае нашым палітычным традыцыям, вытокі якіх нават не ў сучаснай гісторыі, а значна глыбей. Яшчэ з часоў старажытнага веча ў менталітэт беларусаў закладзены абвостранае пачуццё справядлівасці, калектыўнае мысленне і ўзаемная адказнасць за лёс Айчыны. Менавіта так, на сапраўдных дэмакратычных каштоўнасцях і зараджалася беларуская нацыя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, як бы ні было цяжка, у розныя перыяды беларускай гісторыі ў краіне заўсёды вытрымлівалі ўстаноўленыя стандарты жыцця чалавека: сацыяльную справядлівасць у грамадстве, роўныя правы і магчымасці ўсіх грамадзян, нацыянальныя, культурныя каштоўнасці і традыцыйны ўклад жыцця.

Эфектыўная работа з насельніцтвам — індыкатар прафпрыдатнасці ўлады

«Вы ведаеце, што эфектыўная работа з насельніцтвам — гэта індыкатар прафпрыдатнасці кіраўніцтва і вобласці, і раёна, і асобна ўзятага прадпрыемства. А скаргі — гэта паказчык нашых недапрацовак. У ідэале іх наогул быць не павінна. Вядома, такі вынік — са сферы фантастыкі, але нам трэба да яго імкнуцца. Гэта што датычыцца работы са зваротамі грамадзян», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запатрабаванні ў беларусаў растуць, і ўладзе трэба адпавядаць ім. «Давайце пачнём з галоўнага фактару, які ўплывае на наша жыццё і жыццё дзяржавы ў цэлым. За апошнюю чвэрць стагоддзя мы, беларусы, вельмі змяніліся. Абапіраючыся на створаны намі ж фундамент дабрабыту, мы імкнёмся да большага і лепшага. Гэта правільна, у гэтым і сутнасць развіцця. Павышаецца ўзровень прававой культуры грамадзян, яны становяцца больш патрабавальнымі, у тым ліку і да дзяржавы, чакаюць новай якасці зваротнай сувязі. Запатрабаванні ў насельніцтва растуць, і нам, уладзе, трэба адпавядаць. Такі парадак. Мы — сацыяльна арыентаваная дзяржава», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час ён падкрэсліў, што і грамадзяне павінны быць больш адказнымі, уносіць свой уклад у развіццё.

Лукашэнка — чыноўнікам і дэпутатам: вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін

«Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прыгадаў пра свой вопыт работы на кіруючых пасадах рознага ўзроўню і важнае правіла, засвоенае з той пары, — трэба абавязкова размаўляць з людзьмі. «Ёсць шмат у нашым грамадстве людзей, якія проста хочуць з табой пагаварыць. Яны, можа, і скардзіцца потым не будуць, і крыўдзіцца не будуць, калі ты не вырашыш іх праблем. З людзьмі трэба размаўляць і не баяцца ісці да іх, — параіў беларускі лідар. — А ці шмат у нас старшынь райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?»

Прэзідэнт нагадаў аб паспяховым вопыце правядзення дыялогавых пляцовак у перыяд абмеркавання паправак у Канстытуцыю і выказаў упэўненасць, што такія формы публічных абмеркаванняў неабходна часцей практыкаваць і ў далейшым. І арганізаваць гэту работу павінны перш за ўсё ідэолагі.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што работу з насельніцтвам трэба развіваць, паколькі яна дае магчымасць грамадству адчуць дачыненне да прыняцця рашэнняў, а менавіта так і прыходзіць адказнасць за іх выкананне. «Упэўнены, што мы знайшлі фармат работы, які будзе жыць. Але толькі калі пазбегнем фармалізму (а ў нас ён буйна цвіце). Таму арганізуйце пляцоўкі, выносьце на абмеркаванне пытанні, актуальныя для насельніцтва, тыпу медыцынскага абслугоўвання, вакцынацыі, добраўпарадкавання тэрыторый, водазабеспячэння, гандлю, збору і перапрацоўкі адходаў», — паставіў задачу беларускі лідар.

Не народ павінен ісці да ўлады, а ўлада павінна бегчы да народа

«Надышоў час зразумець, што не народ павінен ісці да ўлады, а ўлада павінна бегчы да народа. Менавіта так адбываецца змена сацыяльнай ролі грамадства: з прасіцеляў людзі ператвараюцца ў нашых партнёраў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў краіне ёсць куды накіроўваць энергію людзей, сапраўдных патрыётаў, гатовых падставіць плячо дзяржаве. Ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і дзяржавы ў пытаннях падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў асаблівай абароне. «Такіх арганізацый у нас нямала. І дзяржава за гэта плаціць, размова ідзе аб дзяржаўным сацыяльным заказе. Мы гатовы падтрымліваць тых, хто сваю грамадзянскую пазіцыю пацвердзіў справамі: дапамагае маючым патрэбу, а не сутыкае лбамі беларусаў, уносіць смуту ў наша спакойнае і размеранае жыццё. Словам, для ўсіх неабыякавых, хто сапраўды хоча быць карысным людзям, работа заўсёды знойдзецца», — падкрэсліў беларускі лідар.

belta.by

Comments (0)
Add Comment