Тэма тыдня: Прэзідэнт — піянерам: у вашых руках будучыня краіны, і вы павінны яе захаваць

У руках маладога пакалення беларусаў будучыня краіны, і яны павінны захаваць яе. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 мая на сустрэчы з піянерскім актывам з нагоды святкавання 100-годдзя піянерскага руху. «Час цікавы. Час выбраў вас перш за ўсё. У вашых руках будучыня краіны, і вы павінны сваю краіну захаваць. Нідзе, акрамя як на сваёй зямлі, вам лепш не будзе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Перш за ўсё ён павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак са святам. «Вы яшчэ зусім маленькія, але, можна сказаць, стаіце ля вытокаў аднаўлення, адраджэння піянерскай арганізацыі сапраўднай. У мяне такое пачуццё, што гэты год у нас будзе вельмі актыўным і сярод моладзі, нашай камсамольскай арганізацыі БРСМ, і ў вас, у піянераў. Самымі-самымі актыўнымі будуць гэтыя гады. Таму, зразумела, вы ля вытокаў, у пачатку адраджэння», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У адказ на падзяку з боку піянераў за магчымасць сустрэчы Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дзякаваць трэба не яму, а гэта ён удзячны піянерам, што яны арганізаваліся і прыйшлі на сустрэчу з Прэзідэнтам. Беларускі лідар падкрэсліў, што для яго важна сустрэцца з удзельнікамі піянерскага руху, каб пачуць іх меркаванне і звярнуць увагу на іх уплыў на грамадскае жыццё краіны. Прэзідэнт падкрэсліў вялікае значэнне таго, што ў Беларусі, як нідзе на постсавецкай прасторы, захаваны піянерскія традыцыі. У іншых былых рэспубліках яны разбураны, заменены на іншыя грамадскія арганізацыі. «А мы захавалі піянерскую арганізацыю. Мая была ініцыятыва не забыць акцябрат. Таму што калі я стаў Прэзідэнтам, паўстала пытанне: а што рабіць з акцябратамі. Я сказаў, не трэба з імі нічога рабіць, трэба захаваць, бо гэта добрая арганізацыя для дзяцей, дзеці вучацца быць арганізаванымі і жыць у грамадстве, гэта галоўнае для акцябрат і піянераў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з піянерскім актывам падзяліўся ўспамінамі пра сваё дзяцінства. Паводле яго слоў, яно прыпала на росквіт піянерскага і камсамольскага руху. «Патрыятызм быў пэўны. Я нават помню, калі мне ўручалі чырвоны піянерскі гальштук і вучылі завязваць вузел. Я помню, як сам выгладжваў піянерскі гальштук. Нават не помню, каб быў такі выпадак, каб я прыйшоў у школу без гальштука. Гальштук — абавязкова, — падзяліўся ўспамінамі кіраўнік дзяржавы. — Гэтыя піянерскія гады былі самыя шчаслівыя, таму што бесклапотныя. Тады ні пра што не думаў».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў тыя гады вясковым дзецям было няпроста, бо акрамя вучобы даводзілася шмат працаваць, дапамагаць старэйшым.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, якія якасці павінен мець лідар і ці трэба нарадзіцца з асаблівымі задаткамі, каб стаць лідарам.

«Мне здаецца, што ў вашым узросце не кожны хоча быць лідарам. І гэта якасць прыроджаная. Вось калі ты хочаш быць лідарам… А што азначае быць лідарам? Не проста верхаводзіць у школе, у класе, часам на галаве хадзіць па партах і гэтак далей, — вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. — Каб быць лідарам, ты павінен зарэкамендаваць сябе, узняць свой аўтарытэт у вачах равеснікаў. Быць лідарам — гэта так, каб за табой ішлі. Калі за табой не пойдуць, ну які ты лідар. Лідарства трэба заваяваць нейкімі ўчынкамі. Гэта важна».

Разам з тым чалавек павінен нарадзіцца з задаткамі лідара і развіваць іх па жыцці сваімі ўчынкамі, перакананы беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб сваім вядомым выразе: «Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца». «Задаткі ў Прэзідэнта павінны закладвацца пры нараджэнні. Калі ў цябе гэтага няма, ты будзеш Прэзідэнтам, будзеш дасведчаным, адукаваным, але ты не будзеш лідарам. Прэзідэнт павінен быць лідарам. Калі ён не лідар, ён слабы Прэзідэнт», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы падрабязна пацікавіўся структурай і штатнай колькасцю піянерскай і маладзёжнай арганізацый, іх узаемадзеяннем паміж сабой і з Міністэрствам адукацыі, установамі адукацыі. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду і Адміністрацыі Прэзідэнта ўнесці прапановы па ўдасканаленні структуры піянерскай і маладзёжнай арганізацый. На думку Прэзідэнта, без актыўнага ўдзелу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі можна проста страціць піянерскі рух. «Ні адна ўлада з гэтым не справіцца. Гэтым павінны займацца вашы старэйшыя таварышы. Таму тут нам трэба даволі шмат папрацаваць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Адбудуем гэту сістэму, і яна павінна быць не горшая, чым у тыя часы. Тады ў нас будзе дастаткова патрыётаў і не будзе стаяць пытанне патрыятызму».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы выказаўся пра ролю і значэнне мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў у жыцці сучаснай моладзі і параіў менш завісаць у мабільных тэлефонах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мабільны тэлефон трэба выкарыстоўваць перш за ўсё па асноўным прызначэнні — як сродак для стасункаў, а інтэрнэт — для атрымання неабходнай інфармацыі.

Галоўная прылада працы беларусаў — гэта іх мазгі, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Спецыялісты нам патрэбны ўсе. Але ў нас няма столькі прыродных выкапняў, за кошт якіх можна жыць: нафта, газ, золата, металы і іншае. Мы гэта ўсё купляем. А жыць за што — за кошт розуму людзей. Таму наша галава, нашы мазгі — гэта галоўная прылада працы, калі можна так сказаць, у Беларусі. Таму ўсе прафесіі добрыя. Але важны прафесіі, якія даюць развіццё нацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі расказаў піянерам аб сваім дэвізе. «Толькі наперад!» — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, чаму менавіта гэты дэвіз: «Запомніце, ні ў якім разе нельга спыняцца. Жыццё вельмі хуткае, бурнае, кіпучае. Я і дарослым кажу. Спыніўся — там ззаду вас такі натоўп… Затопчуць. Або проста вы адстанеце. Толькі наперад! Кожны дзень патрошку, памаленьку, але толькі наперад! Ніколі не спыняйцеся. Асабліва вы, вы ж лідары. Калі вы хочаце быць лідарамі, то лідары толькі наперадзе. Таму толькі наперад!»

Піянерскі актыў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (БРПА) на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам падарыў Прэзідэнту свой талісман. Рысяня Вогнік сімвалізуе актыўных і крэатыўных, адказных і працавітых, ветлівых і сціплых, сумленных і вясёлых піянераў Беларусі.

belta.by

 

 

 

Comments (0)
Add Comment