Любіць родную мову, з павагай ставіцца да слова, з захапленнем чытаць творы беларускіх класікаў — усяму гэтаму з першага класа вучаць у Хальчанскай базавай школе. Формы навучання самыя розныя — ад традыцыйных урокаў да інтэрактыўных гульняў і экскурсій. Віктарына «Размаўляй са мной па-беларуску» — адна з самых любімых.
— Зацікавіць сучасных дзяцей беларускай мовай дастаткова складана. Але нашым настаўнікам гэта ўдаецца, — распавядае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Страдаева. — Мы акцэнтуем увагу на самых адметных асаблівасцях матчынай мовы. І гэта знаходзіць водгук у навучэнцаў.
Пад час удзелу ў віктарыне школьнікам прапанавалі паспрабаваць сябе ў перакладніцкай справе, успомніць адпаведнікі рускіх фразеалагізмаў у беларускай мове, а таксама прачытаць вершы любімых паэтаў і адгадаць назвы айчынных песень па ўрыўку. Асобнае месца заняло напісанне ліста будучаму беларусу. Школьнікі як адзін пажадалі, каб беларуская мова заўсёды займала пачэснае месца ў лінгвістыцы.
Але калі настаўнікі навучаюць асновам, то дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Цалка гэтыя межы пашырае. Так, пад час музейнага ўрока «Патрэбныя літары і прыгожыя буквіцы» ён тлумачыў школьнікам гісторыю з’яўлення чырвонага радка, разам з імі разглядваў веткаўскія буквіцы, іх вобразныя выяўленні. Асабліва ўразілі дзяцей вокладкі старажытных кніг са скуры і аздобленых сусальным золатам. Словам, музей умее здзіўляць і адкрываць новае.