Дзікі і зубры ў Стаўбуне

Школьны музей — база для фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы. У гэтым упэўнены настаўнікі Веткаўшчыны. У райцэнтры Ветка, які знаходзіцца зусім побач з Гомелем, дзейнічае вядомы на ўсю краіну музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. З яго мясцовыя педагогі і бяруць прыклад: у розных установах адукацыі Веткаўскага раёна ёсць свае адметныя музеі, якія заслугоўваюць асобнай увагі.

Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава, формы школьнай музейнай дзейнасці ў раёне самыя разнастайныя.

— Гэта можа быць пошукавая і даследчая работа, правядзенне экскурсій для навучэнцаў і гасцей, дапамога і клопат пра ветэранаў вайны і педагагічнай працы, удзел у мерапрыемствах па ўвекавечанні памяці герояў і ахвяр вайны, мастацкая творчасць… Сабраныя ў школьных музеях матэрыялы і рэчы садзейнічаюць пашырэнню кругагляду і развіццю пазнавальнай цікавасці, авалоданню практычнымі навыкамі пошукавай і даследчай дзейнасці, спрыяюць самаразвіццю і выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму, — адзначыла Таццяна Помазава.

Дзікі і зубры ў Стаўбуне

Экалагічны музей сярэдняй школы ў аграгарадку Стаўбун з’яўляецца яе гордасцю. Як расказаў цяпер ужо эксдырэктар установы Леанід Грышэчкін, музей быў створаны пад кіраўніцтвам заслужанай настаўніцы Рэспублікі Беларусь Ганны Іванаўны Ермуковай у 1989 годзе.

— Па крупінках сабраны матэрыял, укладзеныя ў гэтую работу веды і душа далі свой вынік. Наш музей — сапраўдная жамчужына, незаменны памочнік у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Юныя экскурсаводы з энтузіязмам і захапленнем знаёмяць наведвальнікаў з экспанатамі. А паглядзець у нас ёсць на што. Тут ёсць чучалы звяроў беларускіх лясоў: велічнага зубра, грацыёзных ласёў і казуль, пранырлівых дзікоў і асцярожнай, хітрай лісіцы, іншых жывёл. У нас сабраны цікавыя і рэдкія кнігі пра прыроду. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь прыходзіць на дапамогу падчас правядзення экалагічных свят. Дзеці слухаюць ажыўшыя галасы дрэў і звяроў, калі праходзяць заняткі факультатыву «Экалагічнае краязнаўства», — расказаў былы кіраўнік.

Дарэчы, у гэтым музеі праходзяць урокі біялогіі і геаграфіі падчас вывучэння адпаведных тэм. Вельмі багаты матэрыял дае магчымасць зразумець прыроду, па-новаму зазірнуць у яе таямніцы, адзначыць, як шмат залежыць ад чалавека, каб зберагчы зямлю для нашчадкаў, каб дапамагчы братам нашым меншым.

Comments (0)
Add Comment