Галоўнае — тэмпы і якасць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы перад аграрыямі ў перыяд уборачнай. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўборачная кампанія — гэта вянец усёй работы аграрыяў і патрабаваў у аптымальныя тэрміны, аператыўна і якасна арганізаваць жатву. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя ў полі па тэхналагічным стане пасеваў няпростая. Умовы надвор’я цяжкапрадказальныя, а становішча можа рэзка пагоршыцца. «Таму я вас вельмі прашу і патрабую ні ў якім разе не запавольвацца. Не трэба, як у нас часта кажуць, дасушваць збожжа ў полі, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Сёння, зыходзячы з тактыкі, трэба ўбраць праблемныя палі, якія заўтра, у выпадку пагаршэння надвор’я, будуць недаступныя для ўборкі».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыю ўскладняюць вельмі сціслыя тэрміны для правядзення работ, а таксама іх супадзенне з другімі ўкосамі шматгадовых траў. Наконт гэтага ён таксама даў шэраг канкрэтных даручэнняў.

«У кароткі перыяд часу работу аграрыяў трэба арганізаваць так, каб усё паспець: правесці і нарыхтоўку кармоў, і своечасовую ўборку збожжа. Пры такім раскладзе галоўнае патрабаванне на ўборачны перыяд — тэмпы і якасць. Пры гэтым трэба паставіць жорсткую заслону стратам збожжа», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё, што прасілі, і нават больш таго, у тым ліку выдзелены сродкі на тэхніку і паліва. «Засталося толькі арганізаваць працэс», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў завяршыць уборачныя работы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. «Даручэнне Камітэту дзяржкантролю і МУС — неадкладна выехаць у гаспадаркі і прарэвізаваць тую тэхніку, якая сёння стаіць пад плотам. А генеральны пракурор па сваёй лініі пракантралюе. Пасля гэтага будзе дадзена ацэнка кожнаму губернатару. І не чакайце больш ніякіх грошай у будучым, калі толькі мы выявім галавацяпства», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, кантралюючыя органы выяўляюць факты крадзяжу запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, выпадкі прыпісак гатоўнасці тэхнікі. «Даўно я да гэтага пытання падбіраўся. Гэтыя несуны апошнім часам вельмі абнаглелі. Я вас прашу, карэнным чынам удушыце гэта, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо не гавару пра маральны фактар. Крадзеж трэба спыняць карэнным чынам».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пытаннях падтрымання належнага парадку і дысцыпліны. «У першую чаргу гэта абарона ўборачнай і зернесушыльнай тэхнікі, а таксама пасеваў ад пажараў, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба поўнасцю перакрыць усе магчымыя каналы і для крадзяжу збожжа. Недапушчальны любыя парушэнні працоўнай дысцыпліны — разгільдзяйства, п’янства, невыкананне заданняў. Прычым не толькі на рабочых месцах, але і ў цэлым».

Прэзідэнт падкрэсліў, што высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна — залог поспеху на ўборцы. Таму неабходна ўзмацніць спагнанне за выяўленыя парушэнні, аператыўна прымаць меры па ўстараненні недахопаў. «Ніякай расхлябанасці, усім трэба максімальна сканцэнтравацца і ўбраць збожжа з палёў», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паводле розных ацэнак, амаль 1 млрд людзей у свеце галадаюць, а таму попыт на прадукты харчавання і адсюль цэны на іх будуць расці. «Вядома, гэта дрэнна. У планетарным маштабе гэта дрэнна. Але для нас гэта павінна стаць дадатковай магчымасцю паправіць эканамічнае становішча ў краіне і нарэшце атрымаць хоць невялікую аддачу ад таго, чым мы балелі кожны год. А мы балелі за нашых сялян, аграпрамысловы комплекс, укладвалі туды вялікія грошы. І, як бачыце, не дарэмна. Але пажадана атрымаць максімальную аддачу. Вось у чым заключаецца момант сённяшняга дня», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падрыхтавана па матэрыялах  БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment