Фестываль з багатай гісторыяй

Калі душа Дзмітрыя Тарасава, кіраўніка «Школкі бытавога танца», што працуе пры філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі, і яго напарніцы Кацярыны Халадзілінай патрабуе танчыць, ногі самі сабой пачынаюць адбіваць такт. А калі гармонік зайграе «Польку імправізаваную», «Барыню» ці «Карапет», пару ўжо не спыніць. Беларускі народны танец колькі гадоў запар з’яўляецца для гэтых людзей сэнсам жыцця. А фестывалі, святы і кірмашы сталі улюблёнымі пляцоўкамі, каб не толькі прэзентаваць сваё захапленне, але і далучаць да нацыянальный традыцыі як мага больш неабыякавых людзей. Апошні значны выхад выпаў на мінулыя выхадныя. Дзмітрый і Кацярына, якія прадстаўлялі Веткаўшчыну ў Акцябскім раёне на фестывалі «Берагіня», сталі не проста ўдзельнікамі, а пераможцамі XV Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых парных танцаў.

Гучны гармонік, тупат абцасаў, карагод нацыянальных убораў і шчырыя ўсмешкі беларусаў — маладых пераемнікаў і носьбітаў традыцыйнай народнай культуры склалі непаўторную атмасферу XI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня», што аб’яднаў у мінулыя выхадныя жыхароў розных куткоў краіны.

«Берагіня» — гэта фестываль з багатай гісторыяй. Ён не падобны да буйных фэстаў кшталту «Славянскага базару», які толькі-толькі сустракаў Віцебск, ці «Зову Палесся», што ў наступным годзе зноў збярэ люд на Петрыкаўшчыне. Гэта больш местачковае свята, дзе збіраюцца «свае»: патанчыць, паспяваць, паказаць скарбы сваіх майстроў і правесці час вакол апантаных любімай справай людзей. Як лічаць самі ўдзельнікі фестывалю, «Берагіня» прызвана зберагчы традыцыі, якія ў свой час былі зафіксаваны, а таму дагэтуль засталіся жыць. І з гэтай задачай яна спраўляецца выдатна. Усё больш і больш моладзі прыходзіць да разумення традыцыйнай культуры беларусаў і асэнсоўвае важнась перадачы генетычнага коду. Ды і як жа іначай, калі з 1998 года адзін раз на два гады ў гарадскі пасёлак Акцябрскі з’язджаюцца рознаўзроставыя фальклорныя калектывы, салісты, пары (дуэты) — выканаўцы ўзораў беларускай традыцыйнай народнай творчасці, народныя музыкі, майстры традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рамесніцкіх вырабаў. Кожнае такое свята пераўтвараецца ў спаборніцтва — хто лепш валодае майстэрствам выконваць традыцыйныя народныя танцы.

У гэтым годзе акрамя традыцыйнага свята «Рудабельскае Купалле», майстар-класаў па народных спевах, танцах, музычна-забаўляльных, танцавальна-гульнёвых імпрэз вартай увагі заслугоўвала свята народнай творчасці «Рудабельскі кірмаш». Майстры з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны, Брэстчыны, Віцебшчыны прывезлі ў Акцябрскі лепшыя ўзоры народнай творчасці. І сярод гэтага мнагаквецця вырабаў з дрэва і саломы, гліны і шкла, нітак і тканіны асобнае месца займаў падворак Неглюбскага цэнтра ткацтва. Веткаўскія красуні ў традыцыйных строях прэзентавалі брэнд нашага раёна — неглюбскі рушнік, а майстрыхі Таццяна Суглоб і Алена Дзямчыхіна праводзілі майстар-класы па ткацтву. Дарэчы, пасядзець за сапраўдным ткацкім станком, якому не адзін дясятак год, і адчуць цяпло жывога дрэва, на якім ствараюцца сапраўдныя шэдэўры, мог любы жадаючы.

Яшчэ адным прыемным момантам стала сустрэча з землякамі. Веткаўчанін Сяргей Сахоўскі, што працуе ў мясцовым райаддзеле міліцыі, разам са сваімі калегамі забяспечваў бяспеку на вуліцах фестывалю.

Завяршыўся дзень цырымоніяй узнагароджвання лаўрэатаў фестывалю і яркім фейерверкам. Дарэчы, з дыпломамі вярнуліся дадому не толькі нашы танцоры, але і майстрыхі. Неглюбчанак адзначылі ў намінацыі «Народныя промыслы і рамёствы» за самабытнасць і папулярызацыю мастацкіх традыцый свайго краю.

М. ЮРЧАНКА.

Comments (0)
Add Comment