Калі душа Дзмітрыя Тарасава, кіраўніка «Школкі бытавога танца», што працуе пры філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі, і яго напарніцы Кацярыны Халадзілінай патрабуе танчыць, ногі самі сабой пачынаюць адбіваць такт. А калі гармонік зайграе «Польку імправізаваную», «Барыню» ці «Карапет», пару ўжо не спыніць. Беларускі народны танец колькі гадоў запар з’яўляецца для гэтых людзей сэнсам жыцця. А фестывалі, святы і кірмашы сталі улюблёнымі пляцоўкамі, каб не толькі прэзентаваць сваё захапленне, але і далучаць да нацыянальный традыцыі як мага больш неабыякавых людзей. Апошні значны выхад выпаў на мінулыя выхадныя. Дзмітрый і Кацярына, якія прадстаўлялі Веткаўшчыну ў Акцябскім раёне на фестывалі «Берагіня», сталі не проста ўдзельнікамі, а пераможцамі XV Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых парных танцаў.
Гучны гармонік, тупат абцасаў, карагод нацыянальных убораў і шчырыя ўсмешкі беларусаў — маладых пераемнікаў і носьбітаў традыцыйнай народнай культуры склалі непаўторную атмасферу XI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня», што аб’яднаў у мінулыя выхадныя жыхароў розных куткоў краіны.
У гэтым годзе акрамя традыцыйнага свята «Рудабельскае Купалле», майстар-класаў па народных спевах, танцах, музычна-забаўляльных, танцавальна-гульнёвых імпрэз вартай увагі заслугоўвала свята народнай творчасці «Рудабельскі кірмаш». Майстры з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны, Брэстчыны, Віцебшчыны прывезлі ў Акцябрскі лепшыя ўзоры народнай творчасці. І сярод гэтага мнагаквецця вырабаў з дрэва і саломы, гліны і шкла, нітак і тканіны асобнае месца займаў падворак Неглюбскага цэнтра ткацтва. Веткаўскія красуні ў традыцыйных строях прэзентавалі брэнд нашага раёна — неглюбскі рушнік, а майстрыхі Таццяна Суглоб і Алена Дзямчыхіна праводзілі майстар-класы па ткацтву. Дарэчы, пасядзець за сапраўдным ткацкім станком, якому не адзін дясятак год, і адчуць цяпло жывога дрэва, на якім ствараюцца сапраўдныя шэдэўры, мог любы жадаючы.
Яшчэ адным прыемным момантам стала сустрэча з землякамі. Веткаўчанін Сяргей Сахоўскі, што працуе ў мясцовым райаддзеле міліцыі, разам са сваімі калегамі забяспечваў бяспеку на вуліцах фестывалю.
Завяршыўся дзень цырымоніяй узнагароджвання лаўрэатаў фестывалю і яркім фейерверкам. Дарэчы, з дыпломамі вярнуліся дадому не толькі нашы танцоры, але і майстрыхі. Неглюбчанак адзначылі ў намінацыі «Народныя промыслы і рамёствы» за самабытнасць і папулярызацыю мастацкіх традыцый свайго краю.
М. ЮРЧАНКА.