Беларусь будзе ўсімі спосабамі адстойваць свой суверэнітэт

Выкарыстанне санкцый для націску на суверэнную дзяржаву — гэта беззаконнасць і шантаж у міжнародным маштабе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма санкцый прадаўжае заставацца галоўнай інфападставай і для медыйных праектаў, і для прыняцця розных палітычных дэкларацый і прававых актаў.

«Як мы з вамі і дамаўляліся, сёння абмяркуем пытанні рэагавання на абмежавальныя меры калектыўнага Захаду ў адносінах да нашай краіны. Мы павінны выпрацаваць стратэгію, якая дасць магчымасць мінімізаваць іх эфект і прадоўжыць сваё развіццё. Я ўжо гаварыў: ніякіх размоў аб тым, што мы можам недзе недабраць, скараціць тэмпы, той прырост нашай эканомікі, які склаўся за першае паўгоддзе. Аб гэтым размовы быць не можа. Чаго б нам ні каштавала, мы павінны гэта вытрымаць. Ідзе вайна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гісторыя з пасадкай у Мінску самалёта кампаніі Ryanair толькі фармальная прычына для санкцый.

«Тое, што чарговы пакет санкцый у адносінах да Беларусі быў уведзены ў дзень 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, разуменню не можа паддавацца. Але тлумачыцца тым, што «дэмакратычнай» і выступаючай за вяршэнства закону Еўропе напляваць і на народ, які больш за ўсё пацярпеў ад варварскага і бесчалавечнага нашэсця ў свой час еўрапейскага фашызму, і на захаванне хоць нейкіх правіл прыстойнасці. Усё зразумела: яны пачалі новы паход на Усход, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба шмат доказаў для гэтага. Санкцыі ўведзены не толькі супраць нас, але і яшчэ больш маштабныя, больш адчувальныя санкцыі — супраць Расійскай Федэрацыі».

«Тыя, хто выбраў Беларусь у якасці геапалітычнай мішэні, забылі, што маюць справу з народам, які шмат чаго перажыў, але ніколі не стаяў на каленях і не прасіў літасці. І мы стаяць на каленях не будзем, ды і прычын для гэтага і нават зачэпкі няма. Наш народ заўсёды змагаўся за праўду і справядлівасць. Мы не станем разменнай манетай і будзем усімі магчымымі спосабамі адстойваць свой суверэнітэт», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Для нас галоўнае — зрабіць так, каб не пацярпеў беларускі народ, — падкрэсліў беларускі лідар. — Задача ўрада — прадугледзець дзейсныя меры для кампенсацыі страт і захавання рабочых месцаў». Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб тым, як будуць абаронены айчынныя прадпрыемствы, за кошт чаго забяспечана імпартазамяшчэнне і як будзе прастымуляваны ўнутраны попыт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што продажы на еўрапейскі рынак айчыннай прадукцыі ніколі не былі вялікімі, асабліва ў тых прадпрыемстваў, супраць якіх уведзены санкцыі: БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. Што датычыцца асобных еўрапейскіх вытворцаў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на беларускі рынак, то Прэзідэнт нагадаў пра ўжо існуючы вопыт абмежавання продажаў асобных кампаній у нашай краіне. «Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Помніце, «Шкода», «Нівея» і гэтак далей? Мы ім сказалі: дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Інакш кажучы, трэба прыняць усе меры, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш, чым брацца за эканамічную зброю, думалі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне зусім не ў пасадцы борта Ryanair у Мінску або неадпаведнасці беларускай дзяржаўнай сістэмы заходнім узорам. Паводле яго слоў, сёння заходнія палітыкі з высокіх еўрапейскіх трыбун заклікаюць пакончыць з уладай і народам Беларусі, а з краіны зрабіць сыравінны прыдатак Еўропы.

«Але яны не гавораць, што фактычна санкцыі ж не супраць беларускай улады, а супраць народа, у першую чаргу рабочых людзей. Мэта — пазбавіць іх даходаў, выкінуць на вуліцу. Фактычна гэта карная аперацыя на сучасны манер», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтавана па матэрыялах БелТА

 

Comments (0)
Add Comment