Лукашэнка абазначыў акцэнты ў развіцці невялікіх раёнаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 24 чэрвеня рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Свіслацкі раён, якому прысвоены статус тэрыторыі, адстаючай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Кропкі росту і правільная стратэгія

Прэзідэнт на нарадзе аб перспектывах развіцця Гродзенскай вобласці абазначыў ключавыя аспекты для эканамічнага росту ў невялікіх раёнах рэгіёна. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нарада не выпадкова арганізавана ў Свіслацкім раёне. «Ваш рэгіён — адзін з тых, якому з лёгкай рукі ўрада прысвоілі статус тэрыторыі, адстаючай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Да гэтай жа тэрыторыі аднеслі і Зэльвенскі раён. Але я сказаў бы інакш: гэта перспектыўныя раёны, якім патрабуецца правільная стратэгія, нацэленая на апераджальнае развіццё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што новыя прадпрыемствы павінны вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю і прыносіць максімум даходу. «Проста так, каб людзей заняць, нам ужо такія вытворчасці не патрэбны, — падкрэсліў ён. — Трэба будаваць тыя аб’екты, на якіх нашы людзі будуць атрымліваць нармальную заработную плату, мінімум у тры разы вышэйшую, чым сярэдняя па рэспубліцы. І самае галоўнае, каб той рэсурс, якім мы валодаем (асабліва лес, зямля і гэтак далей), быў перапрацаваны і атрымана прадукцыя і з большай дабаўленай вартасцю».

У той жа час, адзначыў кіраўнік дзяржавы, развіваючы новыя вытворчасці, не трэба забываць аб сельскай гаспадарцы, у якой занята вялікая колькасць людзей. «У нас заўсёды праблема: нешта прамыслова пабудуем — і людзі з вёскі паехалі сюды. Тут трэба захаваць баланс. Ні ў якім разе нельга агаліць сяло», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб у кожным раёне Гродзенскай вобласці быў запушчаны як мінімум адзін інвестыцыйны праект. Акрамя таго, неабходна прывесці ў парадак існуючыя прадпрыемствы і вытворчыя базы.

«Ніякіх дэпрэсіўных раёнаў быць не павінна. Гэта нармальныя раёны, якім мы павінны ўдзяліць першарадную ўвагу», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Кожны губернатар павінен «падарыць» народу значны інвестпраект

Прэзідэнт нагадаў, што перад урадам і губернатарамі пастаўлена задача вызначыцца з кропкамі росту як у раёнах, так і ў цэлым па абласцях. «Гэта значыць, кожны губернатар павінен дастаць і пакласці народу «ў падарунак» значны інвестыцыйны праект на працягу пяці гадоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У Гродзенскай вобласці намечана будаўніцтва новага азотнага камбіната. Але гэты праект па сваіх маштабах і значэнні кіраўнік дзяржавы назваў хутчэй агульнарэспубліканскім. «Гэта будзе значны праект, але губернатар павінен падумаць пра яшчэ адзін, сярэдні праект, менавіта асабісты, можна сказаць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Старшыні райвыканкамаў павінны падумаць, што яны пакінуць пасля сябе, аб’ект, якім вы будзеце ганарыцца».

Увядзенне санкцый павышае актуальнасць дыверсіфікацыі эканомікі

«Трэба думаць і ў сувязі з санкцыямі аб дыверсіфікацыі. Не трэба пакутаваць, што нам няма куды прадаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму абвальвання быць не павінна, палохаць нас у гэтым плане не трэба. Вытрымаем. Ёсць з кім працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі важным, каб цяперашняе пакаленне ўпраўленцаў, кіраўнікоў на месцах заклала трывалы эканамічны фундамент для будучага развіцця краіны. «Калі наша пакаленне цяпер не закладзе аснову, то маладым людзям, новаму пакаленню будзе вельмі цяжка», — адзначыў беларускі лідар.

«Вы ж бачыце: у нас новае пакаленне збеглых. Яны аб чым гавораць? Як адабраць і падзяліць. Яны не гавораць аб тым, што трэба вырабляць, сеяць, убіраць, нейкія праекты ствараць. Не. Прыватызацыя. І трэба ж будзе разлічыцца за тое, што іх там утрымліваюць. Таму ні ў якім разе нельга краіну нікому аддаваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

 

Comments (0)
Add Comment