Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам эканамічнага блока Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду аб неабходнасці вырашэння самых значных для грамадства пытанняў, якія датычацца заработнай платы, занятасці і цэн. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 23 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.

Аб заработнай плаце: абяцаны мінімум дасягнуты

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым па краіне дасягнуты той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва. Усе вобласці і Мінск у маі ў сярэднім плацілі зарплату па тысячы і больш рублёў (толькі Магілёўская вобласць не дацягнула Br7 да тысячы).

Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу асобныя катэгорыі работнікаў (напрыклад, выхавальнікі дзіцячых садоў), якія, нягледзячы на значную нагрузку, усё яшчэ не атрымліваюць тысячу рублёў. Такіх грамадзян Прэзідэнт даручыў падтрымаць, знайшоўшы пры неабходнасці дадатковыя фінансавыя крыніцы. «Знайсці крыніцы, аж да нетрадыцыйных, каб падтрымаць гэтых людзей. Я не хачу сказаць, што мы павінны заплаціць па тысячы з нечым рублёў усім тым, хто проста прыйдзе на работу. Не, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Прашу далажыць: якія меры прымаюцца па стварэнні ўмоў для дастойнага заработку тым, хто імкнецца зарабіць. Якія не проста без справы бадзяюцца (ёсць у нас і такія). Але пераважная большасць людзей хоча зарабіць. Ім трэба дапамагчы».

Аб цэнаўтварэнні — яно застаецца на асаблівым кантролі кіраўніцтва

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады трымаць на асаблівым кантролі пытанні цэнаўтварэння. Кіраўнікі абласцей павінны праінфармаваць Аляксандра Лукашэнку аб тым, як на месцах рэалізуюцца нядаўна прынятыя кропкавыя рашэнні аб падтрымцы занятасці і стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў цэлым. «Мы прадаставілі губернатарам, старшыням гарадскіх і раённых выканкамаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Далажыце, як вы іх выкарыстоўвалі, паколькі дадатковыя паўнамоцтвы — гэта дадатковая адказнасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на работу, атрымліваць дастойную зарплату — заробленую, а прадпрыемствы — эфектыўна развівацца», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Нельга пераносіць складанасці на людзей

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга выпусціць з-пад увагі важнейшыя пытанні, ад якіх залежыць звычайнае, штодзённае жыццё людзей. «Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў знізіцца, і эканоміка апынецца ў цэнтры грамадскай увагі. Яна і цяпер нікуды не знікае. Таму сёння я запрасіў эканамічны блок кіраўніцтва цэнтральных і мясцовых органаў улады, каб разгледзець работу галін рэальнага сектара і паслуг, фінансаў, сацыяльнай сферы, якая павінна быць пад пільным нашым кантролем. Ні адно пытанне, вінцік у гэтай машыне не павінен дапусціць збою, — падкрэсліў беларускі лідар. — У пачатку года, у час выпрабавання нас «нафтавай пандэміяй», нам гэта ўдалося. Потым была вірусная, «інфармацыйная». Цяпер пачалася палітычная пандэмія».

«Але наўрад ці гэта для каго-небудзь нечаканасць. На лёгкія часы мы ніколі не разлічвалі. Разлічваць на іх нельга і ў далейшым. Аднак ключавая задача для ўсіх нас у іншым. Любой цаной мы павінны не дапусціць, каб гэтыя складанасці пераносіліся на нашых людзей і каб іх нават адчувалі людзі. Ніякія складанасці іх закранаць не павінны, з якімі мы павінны разбірацца тут», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Усім трэба ісці да людзей. Трэба пагаварыць з людзьмі, трэба людзям тлумачыць, расказваць аб сваёй палітыцы. Некаторых я ўвогуле не бачу там. Хто не хоча, не трэба, абыдземся без вас. Але наша работа, усіх дзяржаўных служачых, — ісці да людзей і размаўляць з імі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што сацыяльна арыентаваная палітыка, у цэнтры якой чалавек, яго інтарэсы і патрэбы, была і застанецца цэнтральным звяном пры прыняцці любога рашэння.

БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment