У Пыханскай базавай школе з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці вучняў да гісторыі і культуры малой радзімы была праведзена гісторыка-краязнаўчая гадзіна «Наперад у мінулае»

Каб мерапрыемства было больш яскравым, правялі яго ў краязнаўчым кутку школы, дзе сабраны рэчывы мінуўшчыны нашай вёскі: саматканыя абрусы і вышываныя ручнікі, прылады працы і хатнія дапаможнікі — рубель, прас, пранік, часала, гліняны посуд, самавар і іншае.

Пачалася гісторыка-краязнаўчая гадзіна з аповеда пра стварэнне вёскі Пыхань, пра тое, кім з’яўляліся яе першыя жыхары, якія знакамітыя людзі нарадзіліся на гэтай зямлі, як працавалі, каб вёска стала такой прыгожай, якой мы бачым яе сёння.

Ролю вядучай і экскурсавода выканала вучаніца сёмага класа Яна Сычова. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 6–7-х класаў. Яны з вялікім задавальненнем слухалі вядучую. А Яна здолела вызваць у сяброў цікавасць да гісторыі сваёй вёскі. Адметна, што хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з’яўляліся слухачамі, але ж і паспрабавалі папрацаваць старадаўнімі прыладамі працы.

Напрыканцы юная вядучая правяла віктарыну, пытанні якой тычыліся роднай вёскі. Разам дзеці разбіралі значэнне прымавак і прыказак аб Радзіме, роднай зямлі. Дзеці былі ўражаны тым, колькі мудрасці ўкладзена ў гэтыя словы.

Не менш мудрымі словамі мы і завершым наш расказ: рака нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, а чалавечая годнасць і вартасць — з глыбокай адданасці Радзіме і ведання яе гісторыі і культуры.

С. ЛАПЦЕЙКІН, педагог-арганізатар.

Comments (0)
Add Comment