Прэзідэнт даручыў расставіць кропкі над «і» ў пытаннях ЖКГ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць. У Полацку кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Гэта мерапрыемства кіраўнік дзяржавы анансаваў яшчэ тыдзень таму, назначаючы новы склад урада, уключаючы міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Пакуль ёсць крытыка — заспакойвацца рана

Прэзідэнт адзначыў, што тэма нарады прадыктавана жыццём, паколькі практычна ўсё насельніцтва краіны штодзень карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. «І тое, наколькі людзі задаволены іх якасцю і даступнасцю, уплывае непасрэдна на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фарміруе сацыяльна-палітычную абстаноўку і ўзровень даверу да дзеючай улады», — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ была разгледжана работа гэтай галіны. Вызначана, што камунальная сфера павінна стаць прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. У далейшым адпаведныя рашэнні былі замацаваны ў Дырэктыве нумар 7.

«Сёння, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Мы не павінны забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы сістэмы ЖКГ з’яўляецца ацэнка якасці аказваемых паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль у адрас галіны чуецца крытыка, заспакойвацца рана», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалі, сустракаючыся з кіраўніком ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб прадаўжалі збор подпісаў, хоць іх была ўжо дастатковая колькасць. «Я тады папрасіў не таму, што нам не хапае подпісаў. Мы атрымліваем вялізны масіў інфармацыі знізу — аб тым, што там адбываецца. Уся яна аналізуецца, і асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей, выкрышталізоўваюцца — і на стол Прэзідэнту. Пастаянна да чвэрці ўсіх пытанняў — гэта паслугі ЖКГ і што трэба рабіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Месяц таму ў плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў была вызначана гэта нарада. Гэта рашэнне не ўчарашняга дня», — растлумачыў беларускі лідар.

Служба 115 павінна працаваць як хуткая дапамога

«Шмат нараканняў на работу нядаўна створанай службы 115. Гэта як хуткая дапамога. Гэта правільнае было рашэнне. І гэту службу трэба мець незалежна ад ЖКГ. Гэта служба павінна знаходзіцца ў райвыканкаме, недзе ў іншай арганізацыі, куды паступаюць усе скаргі ад насельніцтва. Набраў нумар 115 — табе дыспетчар адказаў, зафіксаваў скаргу, аддаў выканаўцу, і пракантралявала гэта служба, як выконваецца даручэнне. Добрая сістэма, але нараканняў шмат», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў ва ўрадзе вельмі сур’ёзным чынам разабрацца, як функцыянуе гэта служба. «Каб тут не было фармалізму, каб яна працавала як хуткая дапамога», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У бліжэйшыя гады неабходна вырашыць праблему смецця

Беларускі лідар таксама адзначыў, што у бліжэйшыя 2–3 гады неабходна вырашыць праблему збору і перапрацоўкі бытавога смецця. «Давядзецца гэту вышыню браць штурмам. Гэта вельмі важны напрамак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што багатая Швейцарыя па 80–90 працэнтаў перапрацоўвае асобных відаў адходаў. «А мы да 50 працэнтаў падысці не можам», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта непарадак, што мы вывозім на звалкі, закопваем, ствараем горы вакол. Гэта адзін з напрамкаў, якім трэба займацца. Па-першае, гэта рэнтабельна, а па-другое, мы экалогію падцягваем, ачышчаем краіну. Гэта ж і працоўныя месцы, і сыравіна для прамысловасці. Гэтым давядзецца вельмі моцна займацца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Падрыхтавана па матэрыялах  БЕЛТА

Comments (0)
Add Comment