Ці гуляеце вы ў квэсты? А вашы дзеці?

Апошнім часам адукацыйная тэхналогія квэст становіцца адной з найбольш эфектыўных сучасных інтэрактыўных тэхналогій, якія ствараюць умовы для развіцця і самарэалізацыі яе ўдзельнікаў. Квэст — гэта камандная гульня, дзе ігракі перамяшчаюцца па кропках і выконваюць розныя заданні. Толькі выканаўшы правільна заданне можна рухацца далей для выканання наступнага іспыту. Квэст дазваляе за кароткі час ненадакучліва ўцягнуць школьнікаў у разнастайныя віды дзейнасці.

З вялікай зацікаўленасцю здзейснілі займальнае падарожжа па слядах Перамогі і навучэнцы пачатковых класаў Данілавіцкага дзіцячага сада-пачатковай школы. Педагогі з дзіцячай кампаніяй праходзілі па пяці маршрутах і выконвалі розныя заданні: адгадвалі рэбус, загадкі, карысталіся люстэркам, каб прачытаць прапанаванае заданне, і інш. Усе тры каманды атрымалі на старце маршрутныя лісты і карту, дзе былі пазначаны станцыі, якія неабходна наведаць, каб дабрацца да пункта прызначэння. Для перамяшчэння ад станцыі да станцыі дзеці атрымлівалі падказкі.

Квэст-гульня «Па слядах Перамогі» была прысвечана 75-годдзю Вялікай Айчыннай вайны і ставіла сваёй мэтай грамадзянска-патрыятычнае выхаванне малодшых школьнікаў. Па выніках вандроўкі пераможцам стала каманда ў складзе Анастасіі Сафейчанкі і яе памочніцы Алісы Мікалаенкі. Кемлівыя і хуткія, гэтыя дзяўчынкі былі ўзнагароджаны дыпломамі і сувенірамі.

Вольга КАЛІНКОВА, настаўнік пачатковых класаў.

Comments (0)
Add Comment