Напрыканцы кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя кнігі «Цень стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі»

Калектыўная праца вядомых і маладых даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы прысвечана абраду ваджэння і пахавання «стралы», які штогод ладзіцца на Ушэсце на прыграніччы рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. Шэраг навуковых артыкулаў распавядае пра асаблівасці абраду ў населеных пунктах Веткаўскага раёна — Неглюбцы, Стаўбуне, Пералёўцы і Казацкіх Балсунах.

Эфект паглыблення ў этнамастацтва на прэзентацыі манаграфіі быў узмоцнены спеўным музычным суправаджэннем аўтэнтычнага фальклорна-этнаграфічнага гурта «Стаўбунскія вячоркі» пад кіраўніцтвам Святланы Парашчанка. Удзельніцы калектыву выступілі з абрадавымі песнямі «Ты ідзі, страла», «На гарэ лён». Разам з гасцямі сустрэчы стаўбунскія жанчыны праспявалі карагодную песню «Па вуліцы, па шырокай». Словы падзякі і пажаданне творчых поспехаў ім выказаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапацько.

На прэзентацыі прайшлі выступленні некаторых даследчыкаў  і аўтараў-укладальнікаў манаграфіі Рымы Кавалёвай, Вячаслава Калацэя.  Таксама адбылася дэманстрацыя дакументальных фільмаў пра «стрэльны» абрад, адсняты на Веткаўшчыне.

Абрад «Страла» звязаны з землямі Падняпроўя, іх урадлівасцю і дабрабытам мясцовых жыхароў. Ён мае глыбокія архаічныя карані. Жыхары мясцовых вёсак і самі часам не ўзгадаюць, з чаго ўсё пачалося. Але мадэль свята стагоддзямі застаецца нязменнай: на апошняе навалунне вясны мясцовыя жанчыны прыбіраюцца ў святочныя ільняныя строі, збіраюцца разам і ідуць шэрагавай працэсіяй праз вёску, спяваючы абрадавыя песні. Карагодніцы рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі «стралу», маючы на ўвазе што хаваюць цёмную сілу разбурэння Сусвету і заклікаюць да дабра, багацця і поспеху.

Абрад «Ваджэнне і пахаванне Стралы» афіцыйна ўключаны ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Манаграфія «Цень стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі» падагульняе даследванні апошніх десяцігоддзяў, што праводзяцца ў Белдзяржуніверсітэце, Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтва, Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

Н. ЦІТУШКІНА.

Comments (0)
Add Comment