Захавальнікі ведаў

Акадэмік Ліхачоў сказаў: «Нічога з набытага ў маладосці не праходзіць бясследна. Звычкі, выхаваныя ў маладосці, захоўваюцца на ўсё жыццё». Часцей за ўсё чытанне кніг — гэта звычка, якую ў дзяцінстве альбо прывіваюць, і дзеці з зачараваннем чытаюць кнігі адну за адной, развіваючы сваё ўяўленне і фантазію. Альбо не, і ў наступстве чытанне ўспрымаецца як пакаранне. Многія аддаюць перавагу электронным кнігам. Гэта выходзіць значна танней, але не адна электронная кніга не зможа замяніць кнігу папяровага фармату.

Веткаўская раённая бібліятэка была заснавана ў кастрычніку 1919 года (у наступным годзе адзначыць свой векавы юбілей!). З самага пачатку яна ўяўляла сабой памяшканне, якое складалася з аднаго пакоя, і налічвала 1514 кніг. Працаваў у ёй адзін чалавек тры дні на тыдзень, жыў пры бібліятэцы і паспяваў абслужыць да 65 наведвальнікаў у дзень. У сярэдзіне мінулага стагоддзя раённая бібліятэка працавала на другім паверхе Дома культуры, а ў 1991 годзе была перанесена ў залу пасяджэнняў райкама кампартыі, дзе і знаходзіцца да гэтага часу.

Сёння, нягледзячы на наяўнасць у кожным доме Інтэрнэту, веткаўская бібліятэка не здае свае пазіцыі і налічвае 2434 чытача. За дзень, у залежнасці ад месяца, абслугоўвае ад 50 да 70 чалавек. Менш чытачоў не становіцца дзякуючы актыўнай пазіцыі бібліятэкараў, якія праводзяць літаратурныя пасяджэнні, сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі. Таксама тут праходзяць мерапрыемствы для дзяцей. Напрыклад, 1 верасня ў бібліятэцы прайшоў урок, прысвечаны Году малой радзімы «Веткаўшчына — Радзімы маёй пачатак».

Бібліятэкары знаёмяць наведвальнікаў з кніжнымі навінкамі, афармляючы выставы «Увага, навінкі». Арганізуецца праца бібліёбуса, якім дастаўляецца перыёдыка і кнігі ў 17 населеных пунктаў раёна. Чытачы аддаюць перавагу фантастыцы, дэтэктывам, раманам. Школьнікі і студэнты часцей бяруць літаратуру па навучальнай праграме.

К. ЧУДУКОВА.

Comments (0)
Add Comment