27 ліпеня ў Ветцы адкрылася выстаўка «Пейзажы малой радзімы»

У веткаўчан ёсць магчымасць дакрануцца — вачыма і сэрцам — да 17 жывапісных палотнаў, якія экспануюцца ў відэацэнтры «Веткаўскі» з 27 ліпеня да 30 жніўня. Супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Святланай Лявонцьевай і Пятром Цалка тут наладжана выстаўка «Пейзажы малой радзімы». На ёй прадстаўлены карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і веткаўскага музея.

Карцін — параўнальна нямнога. Гэта — пейзажы, здольныя выклікаць пачуцці, эмоцыі, якія напаўняюць душу таямніцамі суладдзя, гармоніі. Мастакі прапануюць убачыць незвычайнае ў звычайным. І таму я ўглядаюся ў надзвычай светлыя штрыхі, якія ёсць на карціне Анатоля Бараноўскага «Аксамітавы туман» (2008); уявіце сабе дрэвы ў вэлюме срэбнага туману. Светлыя, рознаколерныя штрыхі і на карціне «Каля крыніцы» (2002), якую стварыла яго дачка, беларуская мастачка Алена Бараноўская. Самой крыніцы, у звыклым уяўленні, не відаць, як не відаць і драўлянага зруба, які звычайна ахоўвае крыніцу. Не відаць аброчных крыжоў з аброчнымі ручнікамі (дзе-нідзе на яве ў розных мясцінах Беларусі іх можна ўбачыць). Перада мной — шлях вады, які яна праклала, вынікнуўшы з зямных нетраў. Амаль фізічна адчуваеш, як вада цячэ, пераадольвае перашкоды, намацвае сваё рэчышча. Крыніцы даюць пачатак ручаям. Ручаі напаўняюць рэкі. Сама рака робіцца шляхам для вялікіх і малых падарожжаў, злучае сусветы. І вось так, стоячы перад карцінай — адбіткам зямной прасторы — вандруеш, знаходзішся ў іншым вымярэнні.

На выставе прадстаўлена карціна «Рака Беседзь. Старыя Грамыкі» (1970-я гг.) заснавальніка гомельскай школы жывапісу Дзмітрыя Алейніка. Тут жа — карціна знанага гомельскага мастака Роберта Ландарскага «Вёска Грамыкі» (1978). Гэтыя карціны — дакументальныя сведчанні пра вёску Старыя Грамыкі, якая знікла пасля чарнобыльскай трагедыі. Аднак жа на шашы «Ветка — Стаўбун» на адным з паваротаў і сёння можна ўбачыць указальнік з назвай «Старыя Грамыкі», — настолькі клапоцяцца веткаўскія аўтадарожнікі пра захаванне памяці аб А.А. Грамыку. Краявіды каля Старых Грамык, відаць, былі настолькі дзівоснымі, што мастакі не змаглі застацца абыякавымі і перанеслі іх на палатно.

На адной з карцін — надта высокі бераг Беседзі з дрэвамі. На заднім плане — вясковая вуліца — удалечыні, унізе, віднеюцца маленькія дахі драўляных хат. Літаральна на гэтым самым месцы мне давялося быць у далёкім 1984 годзе. Пасля заканчэння дзявятага класа школьнікі будучых 10 «А» і 10 «Б» класаў Свяцілавіцкай сярэдняй школы (я — адна з іх) адправіліся на некалькі дзён з настаўнікамі ў турыстычны паход. Пешкі йшлі, многія кіламетры адольваючы, па асобных мясцінах Чачэрскага, Веткаўскага раёнаў. Ці не Канстанцін Канстанцінавіч Палтарацкі — на той час настаўнік фізкультуры Свяцілавіцкай школы — ведаў пра гэты высокі бераг па-над Беседдзю? Увечары, 4 чэрвеня 1984 года, мы паставілі тут намёты і заначавалі. Раніцай, у шэсць гадзін, прачнуліся ад гучнага рыкання кароў. Адкуль каровы?! Глянулі з берага ўніз і ўбачылі цэлы статак. Гаспадыні адна за адной выпускалі іх на вуліцу са сваіх двароў. Кароўкі марудна ішлі па гэтай самай вясковай вуліцы…

Мастакі пішуць на палотнах тыя краявіды, якія іх нечым уразілі. Вось і Фёдар Шкляраў занатаваў для вечнасці імгненні часу і прасторы: «Рака Шпонка» (1975), «Павожбар» (1978), «Узлесак» (1979).

Экспануюцца наступныя карціны беларускіх мастакоў: «Лета»(1964), аўтар — Ліўшыц Х.М., «Пейзаж над Соламі» (1972), аўтар — Савіцкі В.М., «Паланевічы», аўтар — Лагун В.А., «Пушыстая зіма» (1963), аўтар — Васільеў В.І., «Паўночныя бярозкі» (1990), аўтар — Фяцісаў І.Я., «Гальшаны. Касцёл францысканцаў» (1989), аўтар — Шарыпа П.П., «Хутарок на балоце» (1990), аўтар — Зайцаў Е.А., «Вечар» (2006), аўтар — Гаўрын Ю.В.

На выставе прадстаўлена карціна «Восень» (1974), створаная яшчэ адным нашым земляком, ураджэнцам Веткі, беларускім мастаком Сяргеем Цуканавым. Нарадзіўся ён у 1936 годзе. Сяргей Цуканаў зрабіў свой унёсак у беларускі жывапіс. Засталіся карціны, ім напісаныя: «Мінск будуецца» (1973), «На сваёй зямлі» (1982), «Даяркі саўгаса «Хальч» (1977), «Дары прыроды» (1985) ды многія іншыя.

Зрэшты, у кожнага наведвальніка, хто завітаў ці яшчэ завітае на выстаўку, абавязкова з’явяцца свае, неабыякавыя адносіны да нашых пейзажаў, свае эмоцыі і перажыванні. Добрага настрою, я ўпэўнена, толькі прыбудзе.

7 жніўня выставу ў відэасалоне ўбачылі вучні 8-9-х класаў СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі — удзельнікі лагера працы і адпачынку.

Наведванне выставы — бясплатнае: такі вось падарунак веткаўчанам.

Прыходзьце! Здзіўляйцеся…

Ларыса РАМАНАВА.

Comments (0)
Add Comment